Вы тут

Вярнуць пазіцыі ў Кубку Дэвіса


Заўтра стартуе матч 2 круга ІІ групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.

На адкрытых кортах Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе ў Мінску сустрэнуцца зборныя Беларусі і Латвіі. У папярэдняй заяўцы на матч у нашай камандзе Ілья Івашка, Андрэй Васілеўскі, Яраслаў Шыла і Аляксандр Буры. Праз траўму спіны не згуляе першая ракетка зборнай Ягор Герасімаў.


У рэйтынгу АТF беларусы на 45-м месцы, латышы — 48-я, таму гульні ў Мінску чакаюцца вельмі напружанымі і займальнымі.

— Я веру ў гэты склад. І гэтым складам мы гатовыя выходзіць, змагацца і перамагаць, — адзначае капітан беларускай зборнай Уладзімір Ваўчкоў. — Мне падабаецца тое, што я бачу ў апошнія некалькі месяцаў на трэніроўках. Ужо паспеў паглядзець пару заняткаў латышоў: яны паказваюць добры, цікавы, бескампрамісны тэніс. Усе разумеюць, што не бывае простых матчаў у фармаце Кубка Дэвіса, таму мы настройваемся на добрую працу. Хлопцы славалюбівыя, амбіцыйныя, яны ўжо хочуць уваходзіць у Сусветную групу і змагацца за прызнанне, — адзначыў Ваўчкоў.

У складзе гасцей — Мікеліс Ліб'еціс, Марцінш Подзуш, Яніс Подзуш і Мікус Лосбергс, капітан каманды — Карліс Лейніекс. Латышы яшчэ ў нядзелю прыбылі ў Мінск, апрабавалі сталічныя корты і засталіся задаволеныя іх якасцю.

— Мы вельмі рады знаходзіцца тут. Пакуль нам усё падабаецца, мы любім хуткія корты. Вашы гульцы зараз трошкі вышэйшыя па рэйтынгу, але няма першага нумара. Я думаю, узровень у дзвюх камандаў прыкладна аднолькавы, таму барацьба да 4—5 сэтаў абавязкова будзе, — расказаў Карліс Лейніекс.

У выпадку перамогі над латышамі наша каманда ў трэцім раўндзе згуляе з пераможцам пары Фінляндыя — Данія.

Нагадаем, свой шлях беларуская зборная ў Кубку Дэвіса пачала ў 1994-м. Праз дзесяць гадоў нашы хлопцы ўварваліся ў Сусветную групу гэтага турніру. Тады тэнісны свет з цікавасцю назіраў за славянскім супрацьстаяннем Беларусь — Расія: на корце разгарнуліся сапраўды драматычныя падзеі, дзе наша краіна аказалася мацнейшай. Гэты час ужо прынята называць «залатым» у мужчынскім беларускім тэнісе. У чвэрцьфінале наша зборная не пакінула ніякіх шанцаў зборнай Аргенціны (5:0), але ў паўфінале беларускіх тэнісістаў чакаў адзін з наймацнейшых сапернікаў — ЗША (амерыканскія тэнісісты атрымалі ў турніры найбольшую колькасць перамог за ўсё існаванне турніру). Нашы хлопцы нічога не змаглі супрацьпаставіць амерыканцам. Тым не менш гэты вынік (паўфінал Кубка Дэвіса) і сёння з'яўляецца найлепшым дасягненнем беларускай зборнай на гэтым турніры.

З 2008 па 2010 год наша каманда выступала ў І групе Еўра-Афрыканскай зоны, а затым і зусім перамясцілася ў ІІ групу, пацярпеўшы запар серыю паражэнняў з боку Італіі (0:5), Нідэрландаў (1:4), а затым і Славакіі (1:4).

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?