Вы тут

Карэспандэнт "Звязды" наведала музей Цёткі


Гэты год багаты на юбілеі літаратурных класікаў. Сёння мы святкуем 140 гадоў з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч) — яскравай постаці часоў нацыянальнага адраджэння. Менавіта яна выдала «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Не толькі на тагачасных людзей, але і на пазнейшыя пакаленні істотна паўплывалі яе вершы, празаічныя творы. Карэспандэнт «Звязды» вырашыла наведаць мясціны нараджэння і смерці Цёткі, а таксама адзіны музей, прысвечаны ёй у Беларусі, каб убачыць, як ушанавана на радзіме вялікая пісьменніца.


Не магу сказаць, што сцяжыны Алаізы Пашкевіч добра пратаптаныя для сучаснага беларуса. Аднак дзякуючы выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — літаратуразнаўцу Аляксею Пяткевічу і яго ўнуку, гісторыку Аляксею Загідуліну — мне ўдалося праехацца па тым маршруце, што найлепш захаваў успаміны пра нашу Цётку...

Бунтарская і... задушэўная

— У пачатку XX стагоддзя, у нашаніўскі перыяд, Цётка адыграла велізарную ролю ў адраджэнні літаратурнага жыцця ў Беларусі і ў сцвярджэнні беларускага мастацкага слова, — упэўнены Аляксей Пяткевіч. — Яна выдала 9 кніг, у тым ліку навуковых і навукова-папулярных. Менавіта Цётка стала аўтаркай «Першага чытання для дзетак-беларусаў» — да яе такіх падручнікаў ніхто не рабіў. Дзве кнігі вершаў, празаічныя творы... Яе паэзія вельмі разнастайная — і публіцыстычна-вострая, заклікальная, бунтарская, і разам з тым лірычная, задушэўная. «З далёкіх дарог углядаешся ў родныя сцежкі» — яна вельмі элегічна, хораша, з тонкім паэтычным пачуццём успамінала сваю Беларусь. Яе мастацкае слова было вельмі багатым і разнастайным. У той перыяд яно адыграла вялікую ролю ў літаратуры, у абуджэнні і адраджэнні Беларусі.

Цётка ў адрозненне ад іншых літаратараў яе пакалення акурат ушанавана някепска, упэўнены літаратуразнаўца. Ёсць тры помнікі на яе радзіме — у самім Шчучыне і два ў раёне.

Яе кнігі добра выдаваліся, па шмат разоў. Апошняе поўнае выданне з'явілася, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння (тады таксама была вялікая ўрачыстасць у Астрыне).

— У Цёткі былі добрыя стасункі з Купалам, — адзначае Аляксей Пяткевіч. — Пры сустрэчы вельмі сардэчна абдымаліся, яна называла яго Яначкам. Нават гаварылі пра тое, што ў іх былі рамантычныя адносіны. Але Цётка мела досыць строгі нораў, таму гэта хутчэй чуткі... Пісала паэтка толькі па-беларуску. Ёсць некалькі яе артыкулаў пра беларускую мову, вельмі ўсхваляваных. Яна пісала, што «беларуская мова — гэта святыня, і трэба яе шанаваць, як самае дарагое». У беларускай літаратуры гэта адно з самых прачулых выказванняў пра мову.

Пяшчына, Астрына

— Нарадзілася Цётка ў маёнтку Пяшчына (цяпер Шчучынскі раён. — Аўт.), што недалёка ад Ліды, — расказвае Аляксей Пяткевіч. — Але там ніякіх слядоў цяпер не засталося. Пасля вайны гаспадароў у доме не было. Самая малодшая сястра выехала ў Польшчу і памерла там у 1970-х гадах (з ёй паспела сустрэцца даследчыца Лідзія Арабей). Думаю, што яна бывала ў мястэчку Астрына, бо досыць часта прыязджала на радзіму. А гэтае мястэчка заўсёды было прыкметным, знаходзілася побач. Пабыць толькі са сваёй сям'ёй і больш нікуды не завітаць — гэта не ў натуры Цёткі. Яна была вельмі кантактнай асобай.

Школа ў Астрыне (Шчучынскі раён) носіць імя Цёткі. І менавіта тут размяшчаецца адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны ёй. Гэта месца і стала першым пунктам нашай літаратурнай вандроўкі. Дарэчы, да яго стварэння таксама пэўным чынам спрычыніўся Аляксей Пяткевіч. Выкладаючы ў Гродзенскім універсітэце, ён даведаўся, што адна з яго студэнтак працуе ў школе імя Цёткі. «Не зашкодзіла б там стварыць музей Цёткі», — уголас падумаў ён. І настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Пугач адгукнулася на заклік выкладчыка. Яна і стала заснавальніцай музея Цёткі ў Астрынскай школе. Экспанаты збіралі ўсім светам, да працы актыўна далучыліся і самі вучні.

Сёння музеем Цёткі загадвае настаўніца гісторыі Ала Балобан. Яна адзначае, што экскурсанты прыязджаюць да іх досыць часта. Але, каб трапіць у музей, лепш усё-такі загадзя патэлефанаваць у школу і дамовіцца пра наведванне. Дарэчы, часам экскурсіі па музеі ў школе Цёткі праводзяць вучні.

Варта адзначыць, што музейная экспазіцыя досыць багатая. Тут маецца крэдэнс (камода), прывезеная з роднага дома Цёткі. Яго крыху пачысцілі, пафарбавалі марылкай, але выгляд застаўся абсалютна аўтэнтычным. У розных экспазіцыях адлюстраваны віленскі, львоўскі, санкт-пецярбургскі перыяды жыцця паэткі. Маецца арыгінал пасведчання аб заканчэнні санкт-пецярбургскай жаночай гімназіі (з фотаздымкам).

Шматлікія іншыя фотавыявы распавядаюць пра тое, чым жыла Цётка. Маюцца арыгіналы некаторых яе кніг, іншыя прадстаўлены факсімільнымі выданнямі. Тут можна ўбачыць яе лісты, даведацца, што ўдалося знайсці пра яе розным даследчыкам. А адразу ля ўваходу гасцей вітае вялікі прыгожы партрэт паэткі.

Ала Балобан распавяла, што ў яе ёсць мара стварыць яшчэ адну дадатковую экспазіцыю — першых падручнікаў для беларускамоўных школак...

Менавіта ля школы ў Астрыне стаіць помнік Цётцы работы скульптара Андрэя Заспіцкага. І гэта яшчэ адзін пункт на карце нашай літаратурнай вандроўкі.

Выбраная Ігнатам Буйніцкім

— Кім яна толькі ні была, — разважае Аляксей Пяткевіч. — Падарожніцай, настаўніцай, медыцынскай сястрой. Да таго ж палітычнай агітатаркай, прычым вельмі талковай і палымянай. За выступленні на мітынгах у 1905 годзе ёй давялося ўцякаць з Беларусі. Да таго ж пісьменніца была артысткай драматычнага тэатра — іграла на сцэне ў трупе Ігната Буйніцкага, выконвала даволі характарныя ролі. Праўда, у штаце прабыла нядоўга, бо па сваёй натуры не магла ўседзець на адным месцы. Але гэты факт біяграфіі з'яўляецца своеасаблівым паказчыкам яе творчых магчымасцяў. Разам з тэатрам Буйніцкага ў 1911 годзе яна выступала і на Гродзеншчыне — у Смаргоні і Ашмянах.

Алаізу Пашкевіч вельмі цікавіла таксама батлейка. Яна нават выдала даследаванне, прысвечанае беларускаму лялечнаму тэатру — пра тое, як збіраць для яго матэрыялы. Магчыма, яе цікавіла гэтае мастацтва, бо яно стаіць на сумежжы фальклорнай і прафесійнай творчасці. Батлейка — гэта і сямейная творчасць: рабілі разам спецыяльную скрынку, майстравалі лялек і паказвалі іх. Паэтка таксама любіла гэтым займацца.

Асабістае жыццё

Рамантычныя адносіны ў Цёткі не складваліся. Ёсць розныя версіі наконт таго, ці быў сапраўдным яе шлюб з літоўцам Сцяпанам Кейрысам.

— Яна насілася па свеце, ёй было не да таго, — кажа Аляксей Пяткевіч. — Таму гэты шлюб для ўсіх стаў вельмі нечаканым. Яе муж быў актыўным дзеячам літоўскага сацыял-дэмакратычнага руху. Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ён уцёк на Захад і пражыў там доўгае жыццё. Ёсць меркаванне, што ён забраў з сабой архіў Цёткі. Аднак нічога з гэтага архіва не вядома. Выдадзены толькі адзін том яе твораў. Калі архіў забраў Кейрыс, незразумела, чаму ён яго не абнародаваў?..

«На магіле ўзыду дубам...»

Памерла яна на радзіме. Прыехала ратаваць бацьку, які захварэў на тыф, бо мела пэўныя навыкі ў медыцыне і ў час Першай сусветнай вайны працавала ў шпіталі. Бацьку жывым не застала, але сама заразілася і таксама памерла...

Яна пахавана пры дарозе, побач з некалькімі сваякамі. Калі ехаць ад Астрыны праз Новы Двор, Хадзілоні, Васілішкі, акурат ля дарогі на Стары Двор можна ўбачыць яе надмагільную пліту. Побач з мемарыялам ляжыць ствол дуба, на якім высечаны радкі вялікай паэткі:

«На магіле ўзыду дубам,

Пачну шалтаць братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песняй у народзе!»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Шчучынскі раён

Загаловак у газеце: Падарожніца, настаўніца, актрыса...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.