Вы тут

Ці пераможам злоўжыванне алкаголем?


Новая дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 20162020 гады прадугледжвае 53 мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку ўжывання алкаголю. Тут і заканадаўчыя ініцыятывы, і асветніцкі падыход, і абмежаванне даступнасці алкагольных напояў. Плануецца, у прыватнасці, абмежаваць рэалізацыю алкаголю і тытуню ў парках, падалей перанесці такі продаж ад устаноў аховы здароўя, адукацыі, спорту і культуры. Іншыя падрабязнасці тлумачыць галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іван КАНАРАЗАЎ.


Сіндром залежнасці

— У апошнія пяць гадоў колькасць людзей, якія пакутуюць ад хранічнага алкагалізму, пакрысе зніжаецца. Сёння на дыспансерным уліку ўжо не 190 тысяч, а 160 тысяч хранічна хворых, або з сіндромам залежнасці ад алкаголю. Яны атрымліваюць спецыялізаваную меддапамогу як у стацыянарах, так і амбулаторна. Фактычна не мяняецца колькасць тых, хто назіраецца ў псіхіятра-нарколага па прычыне знаходжання на прафілактычным уліку — 85 тысяч. Гэта тыя, у каго сіндром яшчэ не сфарміраваўся, але рызыка вялікая. Трэба заўважыць, што крытэрыі пастаноўкі дыягназу «сіндром залежнасці ад алкаголю» прапісаны ў міжнароднай класіфікацыі захворванняў, якой мы і кіруемся.

Зняць з уліку

— Навуковыя назіранні за хворымі з сіндромам залежнасці ад алкаголю дазваляюць выявіць асаблівасці біяхімічных рэакцый абмену нейрамедыятараў у галаўным мозгу. Пры адсутнасці ўжывання псіхаактыўных рэчываў або алкаголю нейрамедыятары могуць аднаўляцца. А таму, калі чалавек на дыспансерным назіранні вытрымлівае ўсе тэрміны яўкі, калі псіхіятр-нарколаг можа сказаць, што пацыент устрымліваецца ад ужывання, праходзіць прызначаны курс лячэння, пагаджаецца на лячэнне ў аддзяленні дзённага знаходжання, прайшоў 28-дзённы курс медыцынскай рэабілітацыі, то праз тры гады ўрачэбная камісія можа прааналізаваць сітуацыю і вызначыцца з тым, ці можна гаварыць пра наступленне рэмісіі. Без практыкі зняцця з уліку цяжка ўявіць, як бы мы ахапілі ўсіх пацыентаў якаснай меддапамогай.

Група рызыкі

— Хворыя, як правіла, цалкам адмаўляюць наяўнасць захворвання. Аднак выявіць хранічна хворых не так і цяжка, дакладней, ім цяжка хавацца бясконца — выдаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны, дарожна-транспартныя здарэнні, асацыяльныя паводзіны, бытавыя канфлікты, іншыя хранічныя захворванні. А таму лічба тых, хто стаіць на дыспансерным уліку, у большай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі.

Ціхіх бытавых п'яніц, якія спяць дома і не выклікаюць ніякіх праблем, вельмі мала. А вось групу прафілактычнага назірання за шкодным ужываннем можна смела памнажаць на 2-3. У нашым грамадстве ўсё яшчэ не ўсведамляецца, што ўжыванне вялікіх доз алкаголю 3-4 разы на месяц — гэта вялікая праблема і група рызыкі!

Меры для работнікаў

— Траўматызм на вытворчасці ў стане алкагольнага ап'янення знізіўся за апошнія гады. Гэта стала магчымым дзякуючы прыняццю ў 2013 годзе пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя. Паводле дакумента, перад працоўнай зменай, а таксама перыядычна падчас работы на прадпрыемствах могуць праводзіцца як медагляды, так і прыборны нагляд даверанай асобай наймальніка. Калі, напрыклад, ёсць падазрэнне, што чалавек нападпітку, праводзіцца прыборны кантроль, і пры выяўленні пароў этанолу ў паветры, якое выдыхае работнік, ён адхіляецца ад работы.

Міністэрствам аховы здароўя ў 2014 годзе былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для наймальнікаў па выяўленні ў працоўных калектывах работнікаў, схільных да ўжывання алкаголю і псіхаактыўных рэчываў — своеасаблівая інструкцыя па выяўленні такіх людзей, далейшай тактыцы работы з імі, накіравання на прыём да спецыялістаў, а таксама па правядзенні ў калектыве прафілактычнай работы.

На душу насельніцтва

— У 2014-м Сусветная арганізацыя аховы здароўя палічыла Беларусь самай пітушчай краінай. Мы тады абгрунтавана падышлі да абвяржэння такога погляду. СААЗ прыняла нашы довады, і сёння Беларусь знаходзіцца на іншых пазіцыях. Пра гэта сведчаць і зніжэнне выяўленых фактаў алкагольных псіхозаў, зніжэнне вытворчага траўматызму і дарожна-транспартных здарэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. Афіцыйны ўзровень продажу алкаголю за мінулы год склаў 9,05 л на душу насельніцтва. Лічба больш аптымістычная, але ўсё роўна трывожная — мы павінны ўлічваць яшчэ знешнія рызыкі, скажам, усплёск нелегальна завезенага алкаголю, што назіралася сёлета. Чым меншы ўзровень спажывання будзе, тым лепш. Зніжэнне ўзроўню спажывання алкаголю на 1 л на душу насельніцтва дазволіць папярэдзіць каля 30 працэнтаў захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, туберкулёзу — на 15-20 працэнтаў, кардыяміяпатый — на 26-83.

Згубная мадэль

— Паводле падпраграмы «Папярэджванне і пераадоленне п'янства і алкагалізму» мы павінны дасягнуць дзвюх асноўных мэт: зніжэння шкоднага ўжывання алкаголю насельніцтвам і зніжэння сацыяльна-эканамічных наступстваў шкоднага ўжывання алкаголю. У нашай краіне пераважае так званая паўночная, скандынаўская мадэль, калі вялікая колькасць алкаголю ўжываецца за кароткі прамежак часу. Насельніцтву трэба тлумачыць, што гэта недапушчальна.

Алкагалізм і п'янства — зло, і яно шкодзіць не толькі самому алкаголіку ці п'яніцы. А шкода для яго відавочная — гэта ўзнікненне такіх цяжкіх хранічных захворванняў, як кардыяміяпатыя, гепатыт, цыроз, полінейрапатыя, што прыводзіць да інваліднасці і заўчаснай гібелі. Аднак пакуль чалавек жыве і працуе, то паспявае нанесці вялікую шкоду і навакольным — мінімум пяці-сямі людзям з блізкага акружэння.

Рука дапамогі

— Наркалагічная служба досыць шырока прадстаўлена па ўсёй краіне: ёсць цэнтры, дыспансеры гарадскога і абласнога ўзроўняў, РНПЦ псіхічнага здароўя. Развіваецца медыцынская рэабілітацыя. Усе рэгіёны павінны адкрыць на ўзроўні абласных цэнтраў стацыянарныя рэабілітацыйныя аддзяленні, дзе будуць рэалізоўвацца навукова даказаныя рэабілітацыйныя праграмы. У большасці рэгіёнаў яны ўжо ёсць, але ўдасканаленню няма межаў. Для атрымання такой дапамогі пацыент павінен мець вялікае жаданне яе атрымаць. Бо працэс гэта працяглы — каля месяца залежны знаходзіцца ў медустанове. Вынікі звычайна досыць добрыя, але не ўсё залежыць ад урачоў. Дасягненне стойкай рэмісіі, устрымання толькі на 30 працэнтаў абумоўлена намаганнямі ўрача, астатняе — гэта ўклад сям'і, працоўнага калектыву. Псіхіятр-нарколаг у любым выпадку не можа знаходзіцца побач з залежным кругласутачна і да канца жыцця. Згубную звычку неабходна замясціць нейкімі іншымі заняткамі. Як бы мы ні змагаліся за кожнага, многія, на жаль, не бачаць працягнутую ім руку і ўсё ж такі падаюць у бездань.

У дачыненні да непаўналетніх мы павінны весці размову не пра рэабілітацыю, што літаральна азначае аднаўленне страчаных функцый і навыкаў, а пра абелітацыю. Гэта новы напрамак у свеце, які мае на ўвазе навучанне дзіцяці чамусьці новаму, пераключэнне яго ўвагі на іншыя заняткі. Але гэтым будзе займацца ўжо не ўрач.

Забараніць немагчыма

— Наркалагічная служба сёння, як і ахова здароўя у цэлым, накіравана на прафілактыку захворванняў. Кожны павінен навучыцца здароваму ладу жыцця і жыць адпаведным чынам. Розныя кароткатэрміновыя абмежаванні і забароны, якія мы практыкавалі да гэтага, даюць кароткатэрміновы эфект. Нам жа неабходны комплекс мер і цвёрдае ўсведамленне таго, што вялікую колькасць алкаголю ўжываць проста нельга! А цалкам забараніць алкаголь мы не зможам. У нас ён быў здаўна, мы ніколі не належалі да краін з такой забаронай. Наша задача — звяртаць увагу на разумнае стаўленне да алкаголю, што прапануе так званая міжземнаморская дыета. Тыя ж італьянцы выпіваюць за вечар келіх белага віна, разбаўленага напалову вадой. Вось якім можа быць спажыванне алкаголю. А што мы бачым сёння? Апытанні падлеткаў паказваюць, што кожнаму другому алкаголь налівалі ў сям'і. Па прынцыпе, дасягнуў нейкага ўзросту — ну давай, пакаштуй шампанскага. А гэтага рабіць ні ў якім разе нельга! Бацькі проста паказваюць такім чынам, што гэта абсалютная норма — ужываць алкаголь. Лепей бы яны паказалі, што можна катацца на каньках і плаваць у басейне.

Практычна атрута

— Алкаголь парушае ўсе функцыі — зніжае крытычнасць, увагу, каардынацыю, запавольвае рэакцыі. Розныя змяненні псіхафізічнага стану будуць тлумачыцца колькасцю ўжытага алкаголю. Калі выпіць вельмі шмат, то ўзнікае санлівасць, калі яшчэ больш — то алкагольная кома і гібель.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Віно напалову з вадой

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.