Вы тут

Прэзентаваны беларускі выпуск таджыкскага часопіса «Памир»


Імпрэза прайшла ў канферэнц-зале Выдавецкага дома «Звязда».


Другі нумар літаратурна-мастацкага, грамадска-палітычнага часопіса Саюза пісьменнікаў Таджыкістана «Памир», які выйшаў сёлета, мае на мэце знаёмства чытача з сучаснай паэзіяй і прозай Беларусі. У перакладзе на рускую мову тут прадстаўлены творы каля 20 нашых сучаснікаў. Гэта Мікола Мятліцкі, Анатоль Аўруцін, Лізавета Палеес, Алесь Бадак, Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Валерый Грышкавец, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша, Георгій Кісялёў, Васіль Макарэвіч, Юрый Мацюшка, Уладзімір Мазго, Генадзь Пашкоў, Міхась Пазнякоў, Алесь Жук, Алег Ждан і іншыя аўтары, якія актыўна публікуюцца ў літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і могуць лічыцца выдатнымі прадстаўнікамі сучаснага літаратурнага працэсу нашай краіны. Дарэчы, некаторыя творцы, чые вершы і проза пабачылі свет у новым выпуску «Памира», — а гэта Міхась Пазнякоў і Навум Гальпяровіч — таксама прысутнічалі на прэзентацыі.

Адметна, што прэзентаваны выпуск «Памира» — не першы сумесны праект Беларусі і Таджыкістана ў галіне літаратурнай дружбы. Падчас прэзентацыі Казідаўлат КАІМДОДАЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Таджыкістана ў Беларусі, зазначыў:

— Сёлета мы адзначаем 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж нашымі дзяржавамі. Беларусь і Таджыкістан звязваюць доўгія гады моцнага сяброўства, адметнасць нашых стасункаў — узаемаразуменне, узаемадапамога, шчырасць. Сёння мы з'яўляемся стратэгічнымі партнёрамі, але і культурнае, літаратурнае супрацоўніцтва — таксама адна з галоўных сфер нашай дзейнасці. Гэта аснова, што стварае пазітыўныя перадумовы для ўмацавання і пашырэння ўзаемаадносін у іншых сферах.

Існуе мноства творчых судакрананняў, якія аб'ядноўваюць беларускі і таджыкскі народы і літаратуры. Як падкрэсліў пасол, абедзвюм літаратурам уласціва моцная гістарычная памяць, шчырае імкненне да ісціны. Так, з 1918-га па 1986 год у Мінску выдадзена 10 кніг у перакладзе з таджыкскай на беларускую мову, а ў Душанбэ — 24 выданні беларускіх аўтараў на таджыкскай мове. У другім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя дзякуючы многім сустрэчам, праектам супрацоўніцтва працягваецца, у Таджыкістане сёння вядомыя імёны многіх айчынных літаратараў. З 2008 года там выдадзена каля 10 кніг беларускіх аўтараў у перакладзе на таджыкскую мову, а ў 2009 годзе пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры на таджыкскай мове, дзе было прадстаўлена каля 30 аўтараў.

Часопіс «Памир» — адзін з найстарэйшых літаратурных рускамоўных часопісаў сярэднеазіяцкага рэгіёна. Ён пачаў выдавацца пасля вайны, у 1946 годзе, быў створаны па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Таджыкістана і ўнёс вялікі ўклад у распаўсюджванне звестак пра таджыкскую літаратуру на прасторах усяго былога СССР. Сучасны часопіс «Памир», хоць крыху зменшыў аб'ём, застаўся верным сваім высакародным традыцыям.

Адметна, што і ў Беларусі ёсць цікавасць да класічнай і сучаснай літаратуры Таджыкістана. У серыі «Сугучча сэрцаў» выйшла кніга «Беларусь — Таджыкістан: Светлая далячынь», на партале «Сугучча», заснаваным Выдавецкім домам «Звязда», існуе асобная старонка «Літаратурны Таджыкістан», дзе размяшчаюцца матэрыялы на беларускай, рускай і таджыкскай мовах. Творы таджыкскіх аўтараў у перастварэнні Ірыны Качатковай, Адама Шостака, Юліі Алейчанкі і іншых перакладчыкаў рэгулярна з'яўляюцца на старонках айчыннай перыёдыкі, а Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз пісьменнікаў Таджыкістана маюць досыць трывалыя кантакты.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Таджыкістан», расказаў:

— Фармат такой актыўнай працы сведчыць пра тое, што ў пісьменніцкім асяродку ёсць інтарэс да нацыянальных літаратур; штогод адбываюцца падзеі, якія сведчаць пра ўмацаванне адносін. Гэта таксама адлюстраванне вялікай работы, якая стаіць за кожным з фактаў і праектаў, — праца перакладчыкаў, рэдактараў і рэдакцый літаратурна-мастацкіх выданняў.

Адказам беларускага боку калегам з Таджыкістана стане восьмы нумар часопіса «Нёман», які сёлета будзе прысвечаны таджыкскай літаратуры. Як падкрэсліў галоўны рэдактар гэтага часопіса Аляксей ЧАРОТА, надзвычай важна прадставіць менавіта сучасную літаратуру Таджыкістана, слаба знаёмую айчыннаму чытачу, пазнаёміць з імёнамі маладых аўтараў.

Але на гэтым супрацоўніцтва не скончыцца, рыхтуецца некалькі сумесных праектаў. Новай яркай старонкай беларуска-таджыкскіх стасункаў стануць Дні культуры Беларусі, што пройдуць у Душанбэ ў верасні, а ў сталіцы Беларусі цяпер рыхтуецца паэтычная вечарына, прысвечаная выдатнаму таджыкскаму аўтару Лаіку Шэралі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пра нашу літаратуру — таджыкскаму чытачу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».