Вы тут

На якія спецыяльнасці паступаюць абітурыенты?


Прыярытэты абітурыентаў: праграмаванне, «міжнародныя адносіны» і юрыспрудэнцыя.

Учора а 18-й гадзіне дзверы прыёмных камісій у вышэйшых навучальных установах зачыніліся. Сёлета, каб вызначыцца з месцам сваёй вучобы, у абітурыентаў, што прэтэндавалі на бюджэтную форму навучання, было сем дзён. А 15-й гадзіне прыёмныя камісіі апошні раз абнавілі інфармацыю аб ходзе падачы дакументаў. Далей — тры гадзіны цішыні, якія для многіх аказаліся самым складаным часам.

Ёсць меркаванне, што ў апошні момант падаюць свае дакументы толькі абітурыенты з невысокай сумай балаў, якія вагаюцца да апошняга дня, спрабуючы падлічыць шанцы на паступленне на розныя спецыяльнасці: яны забіраюць свае дакументы і нясуць іх у іншыя ВНУ. Маладых людзей, якія спрабуюць ускочыць у апошні вагон, насамрэч хапае. Але хвалююцца, нават плачуць, і абітурыенты з баламі, набліжанымі да прахаднога. Многія не вытрымліваюць нервовага напружання і забіраюць свае дакументы...


 

Маўчанне — не на карысць

Рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля БАРАНАВА прапаноўвала не закрываць для абітурыентаў статыстыку падачы дакументаў у 15.00 і прыводзіла рэальны прыклад: летась за тры гадзіны да закрыцця прыёмнай камісіі прахадны бал на аддзяленне кітайскай мовы ва ўніверсітэце зменшыўся з 366 да 321, таму што абітурыенты на ўсялякі выпадак забралі свае дакументы і падалі іх на спецыяльнасць па асноўнай замежнай мове, якую яны вывучалі ў школе. А кітайскую мову вырашылі выбраць ужо другой замежнай мовай для вывучэння.

Прапаноўвалася таксама весці інфармаванне абітурыентаў у рэжыме анлайн, як гэта робіцца ў МДЛУ (гэта значыць, абнаўляць інфармацыю не адзін раз у тры гадзіны, а пастаянна, па меры падачы дакументаў), і ўкараніць у практыку работы прыёмных камісій інфармаванне абітурыентаў пра бягучы прахадны бал. Пакуль што ў табліцах прыводзіцца колькасць абітурыентаў з баламі ў межах 301—310, 321—330, 341—350 і гэтак далей. Але для тых, хто паступае, гэтай інфармацыі недастаткова. Такая мера дапамагла б зменшыць напружанне на востра запатрабаваных у абітурыентаў спецыяльнасцях у апошнія дні. Але, на жаль, да гэтых прапаноў у Міністэрстве адукацыі пакуль што не прыслухаліся...

Новыя рэкорды ў БДУ

Між іншым, абітурыентам Белдзяржуніверсітэта пашанцавала: статыстыка аб ходзе падачы дакументаў тут утрымлівае і інфармацыю пра бягучы прахадны бал.

Па стане на 12 гадзін учарашняга дня было, напрыклад, вядома, што самыя высокія прахадныя балы складваюцца ў гэтым годзе на факультэце міжнародных адносін: так, на спецыяльнасці «лінгвакраіназнаўства» змогуць прэтэндаваць на бюджэтную форму навучання абітурыенты з сумай балаў не менш як 384, на кірунку «міжнародныя адносіны, міжнароднае права» — не менш як 380.

Бягучы прахадны бал на спецыяльнасць «паліталогія» — 368, «інфармацыя і камунікацыя» ў Інстытуце журналістыкі — 362, «мытная справа» — 340, на кірунак «менеджмент у сферы міжнароднага турызму, сусветная эканоміка» — 363, кірунак «правазнаўства, эканамічнае права» — 352.

На прыродазнаўчых факультэтах і факультэтах дакладных навук бягучыя прахадныя балы былі больш сціплыя. Напрыклад, на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — 297, але менавіта сюды падалі свае дакументы абітурыенты з вельмі высокімі баламі: 40 чалавек знаходзяцца ў дыяпазоне ад 361 да 370 балаў, 17 чалавек маюць ад 371 да 380, 10 чалавек — ад 381 да 390 балаў, а два чалавекі і ўвогуле могуць пахваліцца проста фантастычнымі вынікамі — больш як 390 балаў. Так, у багажы выпускніка сталічнай гімназіі №61 Уладзіслава Рэентовіча — тры стабальныя сертыфікаты, а ў суме з сярэднім балам атэстата — 399.

З сумных тэндэнцый, якія прасочваюцца сёлета, — адсутнасць конкурсу на фізічны, механіка-матэматычны факультэты і на беларускую філалогію.

Гульнявая індустрыя: 7 чалавек на месца

Прыёмная камісія БДУІР інфармацыю пра бягучы прахадны бал не прадастаўляе, але ў гэтым і патрэбы няма — у абітурыентаў гэтай ВНУ ёсць адна важная перавага: аўтаматызаваная сістэма, якая дзейнічае тут ужо некалькі гадоў, дазваляе карэктаваць залічэнне ў студэнты ў залежнасці ад расстаноўкі абітурыентамі прыярытэтаў і наяўнасці незапоўненых месцаў на тых ці іншых спецыяльнасцях. У парадку ўбывання прыярытэтаў абітурыент можа пазначыць усе 30 спецыяльнасцяў тэхніка-тэхналагічнага профілю і дзве — на інжынерна-эканамічным факультэце. Такім чынам, шанцы застацца за бортам у абітурыентаў БДУІР мінімальныя, калі, вядома, яны не ўказалі ў сваім рэйтынгу толькі адну ці дзве спецыяльнасці.

— Пасля таго, як мы прынялі дакументы ў апошняга абітурыента, я націскаю на кнопку — і залічэнне адбываецца аўтаматычна. Праз секунду мы бачым усе вынікі ў нашай базе, — тлумачыць рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Натуральна, пасля гэтага камісія яшчэ раз усё пераправярае, хоць за час работы сістэмы памылак мы не знаходзілі. Але ўсё роўна яшчэ раз усё пераглядаем і толькі потым вывешваем інфармацыю на ўсеагульны агляд.

За шэсць дзён у прыёмную камісію БДУІР было пададзена 2854 заявы, з якіх на бюджэтную форму навучання — 1839. План прыёму на бюджэт складае 1045 месцаў. У апошні дзень некалькі дзясяткаў чалавек свае дакументы забралі.

Сапраўдны аншлаг у БДУІР назіраецца на спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)». Набор на яе ажыццяўляецца ўсяго другі год. Летась была прадугледжана толькі платная форма навучання, а ў гэтым годзе адкрыта 10 бюджэтных месцаў. На іх пададзена 73 заявы. На вяршыні рэйтынгу ў абітурыентаў знаходзяцца і спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — 229 прэтэндэнтаў на 70 бюджэтных месцаў, «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў бізнес-менеджменце» — 46 ахвотных на 15 месцаў, «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» — 167 ахвотных на 50 месцаў.

Рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК уручае эксклюзіўны гадзіннік з сімволікай універсітэта сотаму медалісту, які падаў дакументы ў педагагічную ВНУ.

Гадзіннік — сотаму медалісту

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце план прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання складае 820 студэнтаў, што на 4,5% больш, чым у 2015 годзе. Школьным медалістам дадзена права паступаць на педспецыяльнасці без здачы ЦТ — толькі па рэкамендацыі педагагічнага калектыву школы.

Абітурыенты, якія скончылі школу з медалём, прыязджаюць падаваць дакументы з асабістымі запрашэннямі ад рэктара педагагічнага ўніверсітэта. Усяго такія запрашэнні для паступлення ў БДПУ без здачы ЦТ і ўступных выпрабаванняў атрымалі больш як тысяча медалістаў, пераможцаў і прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды з Мінска і Мінскай вобласці.

У БДПУ праходзіць акцыя — кожнаму сотаму з медалістаў уручаюцца эксклюзіўныя гадзіннікі з сімволікай універсітэта, выпушчаныя
да 100-годдзя ВНУ, а тысячнаму абітурыенту — флэш-карта з фільмам пра ўніверсітэт. 11 ліпеня шчаслівым уладальнікам флэш-карты «БДПУ — больш чым адукацыя» стаў выпускнік сталічнай школы №30 Аляксандр Судараў, які падаў дакументы на гістарычны факультэт. Хлопец прызнаўся, што вырашыў стаць настаўнікам яшчэ ў дзяцінстве... А 13 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы рэктар універсітэта Аляксандр Жук уручыў падарунак сотаму медалісту: шчаслівай уладальніцай эксклюзіўнага гадзінніка стала Вераніка Сарока, выпускніца Пугачоўскага вучэбнага комплексу дзіцячы сад—сярэдняя школа Валожынскага раёна.

— Дакументы я падала на фізіка-матэматычны факультэт. У мяне ёсць прыклад для пераймання — мой настаўнік матэматыкі Уладзімір Уладзіміравіч Унучак, які ўсе школьныя гады падтрымліваў і накіроўваў мяне ў выбары прафесіі. Я таксама з'яўляюся прадаўжальніцай педагагічнай дынастыі, паколькі мая маці працуе настаўнікам пачатковых класаў, — расказала без пяці хвілін уладальніца студэнцкага білета вядучай педагагічнай ВНУ Вераніка Сарока.

У апошні дзень падачы дакументаў конкурс у БДПУ склаўся па большасці спецыяльнасцяў. Традыцыйна крыху адставаў фізіка-матэматычны факультэт...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тры гадзіны цішыні...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.