Вы тут

"Звязда" з'ездзіла ў госці да ўладальніцы самай доўгай касы ў Беларусі


У пачатку ліпеня на першай паласе «Звязды» выйшаў матэрыял пад назвай «Залацісты пасаг». На здымку — жыхарка Рагачова Міла Бугаева, як мы пазначылі, — «уладальніца ці не самай доўгай у краіне касы». Сапраўды, валасы даўжынёй амаль у паўтара метра — ну дзе яшчэ такое пабачыш? Але праз некаторы час у рэдакцыі раздаўся званок. «Як жа так? У нашай калегі валасы нашмат даўжэйшыя!» — казалі ўзрушаныя жанчыны. Што ж, супрацоўнікам газеты засталося засумнявацца ва ўласнай дасведчанасці ў гэтым пытанні...  І, вядома, адправіць да рэкардсменкі карэспандэнтаў!


Таццяна Яўсейчык родам са Случчыны, працуе ў гарадскім тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва на пасадзе спецыяліста па сацыяльнай рабоце. Упершыню гледзячы на жанчыну і не скажаш, што даўжыня яе валасоў складае... 165 сантыметраў! Звычайная жаночая прычоска, валасы акуратна сабраныя на патыліцы... Хіба што вельмі роўная пастава можа намякаць на процівагу, якую гаспадыня шыкоўнай касы носіць за спінай.

— Шчыра сказаць, пра мае валасы раней увогуле мала хто ведаў, — кажа Таццяна. — Нават сваякі: стрыечныя браты, сёстры прыязджалі ў госці і не былі ў курсе.

Усё пачалося, калі мне было гадоў 13, я тады яшчэ насіла карэ. Неяк падумала, што хацела б сабе доўгія валасы. З таго часу я павольна іх адрошчвала, часам даволі значна падразала і ніколі не імкнулася да нейкіх рэкордных паказчыкаў. Гэта ні ў якім разе не самамэта, проста так склалася.

Тое, што ў выніку яны сталі паўтараметровымі — чыстая выпадковасць і падарунак прыроды. Думаю, усё залежыць ад генаў, бо ў бабулі і ў мамы таксама былі добрыя валасы.

Сакрэтнасць парушылася летась. Пасля адной з камандзіровак у вёску раёна прычоска жанчыны трохі растрапалася, і яна вырашыла паправіць яе проста ў працоўным кабінеце. Сказаць, што калегі былі шакаваныя — не сказаць нічога. Валасы Таццяны разглядалі, як сапраўдны экспанат.

— Якраз дзяўчаты цяпер і займаюцца «піярам» маёй касы, — смяецца жанчына. — Гэта яны званілі вам у рэдакцыю, а яшчэ раней расказалі пра мяне журналістам нашых мясцовых газет. Праўда, першым часам нават трохі крыўдавалі, маўляў, «чаму не расказала раней?» Але я ніколі не лічыла гэта нечым асаблівым. Неяк нават прыходзіла ў цырульню, хацела зрабіць кароткую прычоску, але ніхто не ўзяўся. Баяліся, што прыбяжыць муж і будзе сварыцца. Дарэчы, сапраўды, аднойчы быў выпадак, калі я трохі ўкараціла валасы. І сужэнец сказаў: «Я цябе, канешне, не за прычоску кахаю, але наступным разам пакрыўджуся». Сыну таксама падабаецца, ён кажа, што хоча жонку з доўгай касой.

Летась сяброўкі Таццяны вырашылі праславіць яе прычоску на ўвесь свет — пазванілі ў рэдкалегію Кнігі рэкордаў краін СНД і Балтыі. Патрэбна была заяўка на даўжыню 160 сантыметраў, але якраз за тыдзень да званка жанчына падразала валасы і ўкараціла іх да 152-х. Магчыма, новую спробу жанчыны зробяць ужо сёлета. Праўда, на сусветны рэкорд спадзявацца пакуль не прыходзіцца — у кітаянкі Ксі Квіпінг валасы дасягаюць амаль шасціметровай даўжыні.

Таццяна прызнаецца, што галоўнай яе праблемай заўсёды былі цырульнікі — усе баяцца брацца за такую каштоўнасць. Рашэнне жанчына знайшла простае — стала сама сабе майстрам: навучылася стрыгчы і рабіць прычоскі.

Праблем хапае, варта толькі сказаць, што пасля мыцця сушыць такую касу прыходзіцца не менш за тры гадзіны. З распушчанымі валасамі жанчына ніколі не ходзіць. Ды гэта і не было б зручна пры росце 168 сантыметраў. Адзіныя, хто можа ўбачыць іх «як ёсць» — муж і сын. Усё вырашаюць практыкаванні — цяпер нават на складаныя прычоскі Таццяна траціць каля 10 хвілін.

— Раней, калі валасы былі гусцейшымі, нават не магла знайсці для іх заколку — савецкія не вытрымлівалі напружання і «адстрэльвалі», — усміхаецца жанчына. — Увесь час хадзіла з «гулькай», а яна ж цяжкая. Хлопцы з-за гэтага саромеліся са мной знаёміцца. Маўляў, надта ганарлівая дзяўчына, увесь час задраўшы нос ходзіць.

Даглядаць жа самі валасы, па словах гаспадыні, не так цяжка. Усё вельмі аскетычна — звычайны шампунь, нават без кандыцыянераў і бальзамаў. Афарбоўка — толькі пры дапамозе хны. Адзінае, што можа сабе дазволіць Таццяна — апалоскванне натуральнымі сродкамі, напрыклад, рамонкам.

Здараліся з рэкорднай касой і вясёлыя гісторыі. Аднойчы падчас візіту ў Мінск, калі валасы яшчэ былі карацейшымі і Таццяна магла насіць звычайныя прычоскі, у метро яе заўважыў мужчына. Сваё захапленне даўжынёй касы ён выразіў з дзіцячай непасрэднасцю: «Вой, якія мы валасатыя!» «Я не пакрыўдзілася, — смяецца Таццяна. — Проста чалавеку, відаць, шчыра спадабалася».

— Дзяўчаты часта пытаюцца: «Чаму не прадасі валасы? Гэта ж, пэўна, столькі грошай будзе каштаваць!» Але мне гэта нецікава. Магчыма, я проста той чалавек, які любіць пастаянства, калі мяне ўсё задавальняе, навошта штосьці змяняць?

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Слуцк — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Рэкордная прыгажосць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.