Вы тут

Каб дабрацца ў вёску з Мінска, людзі перабягаюць МКАД


Наша вёска Каменная Горка знаходзіцца ўсяго за тры кіламетры ад Мінска, у дзесяці хвілінах хады ад аднайменнага мікрараёна. Вы думаеце, што гэта вельмі блізка і добра? Не без таго... Але ж, каб дабрацца да горада, вяскоўцам трэба ні многа ні мала... перабегчы цераз шумную кальцавую дарогу. Магчыма, з рызыкай для жыцця.


 

У нашай вёсцы (гэта не катэджны пасёлак Тарасава) жывуць звычайныя вясковыя людзі. Вельмі многія з іх, як, напрыклад, Ірына Мітр, кожную раніцу стараюцца своечасова дабрацца на работу, асобныя (як тая ж васьмідзесяцігадовая Марыя Якімовіч) — патрапіць на прыём да патрэбнага доктара, маладым мамам ці бабулям хочацца паспець адвезці малых у садкі, а дзецям — даехаць да школы. І ў кожнага з гэтых людзей ледзь не штодня паўстае пытанне, як гэта зрабіць, бо ўжо восем месяцаў у нашу вёску не заязджае маршрутка. Дзеці хадзілі ў школу па праезнай частцы аўтамабільнай дарогі або пешшу ўздоўж сталічнай кальцавой, па якой на вялікай хуткасці праносяцца аўтамабілі.

З просьбай, каб вёсцы зноў вярнулі маршрутку, людзі не раз звярталіся ў розныя інстанцыі, збіралі подпісы пад лістамі. Аднойчы да нас прыязджалі прадстаўнікі дарожнай службы, ДАІ... Але воз па-ранейшаму ні з месца. Апошні раз патлумачылі гэта тым, што ў нас, маўляў, няма месца для развароту. Але ж яно было і нікуды пакуль не знікла. Некалі ў нашу вёску заязджаў гарадскі аўтобус, потым — маршрутка, спыняліся яны каля кавярні «Каменная горка». Каля яе там досыць вялікая заасфальтаваная пляцоўка — метраў 20 шырынёй і 50 даўжынёй. Кіроўцы кажуць, што тут не толькі маршрутка, тут нават фура развернецца і нікому не перашкодзіць. Да лініі электраперадачы адлегласць таксама вялікая... А ў дадатак там нават пліта бетонная ёсць — для абазначэння прыпынку. Дык чаго ж тады не хапае?

...Хутка, на жаль, праляціць лета, хутка наступіць новы навучальны год, дзеці пойдуць у школу. І таму мы ў чарговы раз б'ём трывогу, просім: вярніце ў вёску маршрутку. Калі з нейкіх прычын нельга зрабіць, каб яна курсіравала ўвесь дзень, дык няхай хоць бы забірае дзяцей раніцай, каб тыя маглі паспець на ўрокі, і ў поўдзень, каб яны маглі самастойна вярнуцца дамоў... А яшчэ — увечары, каб з працы дабраліся вяскоўцы.

...На сайтах многіх выканаўчых камітэтаў змешчана дарэчная прапанова: маўляў, паведамляйце нам пра факты, якія могуць уяўляць грамадскі інтарэс.

Хочацца, каб там жа, у дадатак, у працяг, з'явілася кароткае: «Мы пастараемся вам дапамагчы».

Ірына Бурак

Мінскі раён

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дармо, што відаць, ды далёка дыбаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце.