Вы тут

Ашот Хачатран: «Творца павінен заўсёды змяняцца»


Вядомы мастак — пра духоўнасць, самакрытыку і сувязь з Беларуссю.

У Нацыянальным мастацкім музеі сёлета ўпершыню ў нашай краіне прайшла выстаўка вядомага пецярбургскага жывапісца Ашота ХАЧАТРАНА, на якой было выстаўлена больш як 30 палотнаў. Яны прадэманстравалі ўсю разнастайнасць творчых пошукаў майстра. Што цікава: калі я ішла знаёміцца з экспазіцыяй, дык спадзявалася проста ўбачыць карціны геніяльнага мастака, а нечакана дакранулася да сапраўднага мастацтва жывапісу, прасветленага высокай духоўнасцю і непаўторным нацыянальным каларытам.


Ашот Хачатран. Аўтапартрэт «Званы нашых душ», 1995.

— Спадар Ашот, што для вас галоўнае ў жывапісе?

— Галоўнае — эстэтычнае ўспрыманне. Ёсць тэма, філасофская канцэпцыя, а ты жадаеш нешта данесці да людзей. Вельмі важна вось што: ніколі не трэба лічыць гледачоў ніжэйшымі за сябе па ўзроўні. Лепш калі ён сам пабачыць незавершанасць карціны. Кожная работа чытаецца па-рознаму, у залежнасці ад свядомасці і эмацыянальнага ўспрымання. Тым самым глядач як бы завяршае працу мастака. Як, якім чынам — пра гэта ты не думаеш, таму што працуеш. Уключаецца падсвядомасць — яна загадзя ведае шлях самарэалізацыі. Калі працуе свядомасць — гэта ўжо літаратурны жанр: апавяданне, проза... А мастак, вядома, не можа сабе проста дазволіць апавядаць. Што б я ні пісаў, у першую чаргу павінна быць эстэтыка, эмацыянальнае ўздзеянне палатна. Вось я яшчэ раз закрануў у чалавечай душы нейкую струну — і гэтага ўжо больш чым дастаткова. Няма эмоцый — няма і мастацтва.

— А ці ёсць, па-вашаму, нейкія агульная прынцыпы, якімі павінен кіравацца ў творчасці кожны мастак?

— Я мяркую, што мастак павінен час ад часу перажываць крызіс. Каб спыніцца, зірнуць на тое, што зрабіў, крытычна ацаніць сваю дзейнасць, падумаць і крочыць далей. Я заўсёды кажу: ва ўсіх пытаннях у творчай дзейнасці мастак павінен быць сабе крытыкам нумар адзін. «Ты сам свой высокі суд», як сказана ў паэта. Заўсёды мусіць быць канфлікт з самім сабой, незадаволенасць, сябе ніколі не трэба любіць. Асабліва калі нешта атрымліваецца, і ты адчуваеш прыліў энергіі. Патрэбен свой погляд, асабістае стаўленне да навакольнага свету. Калі гэтага няма — няма і мастацтва. Бо ў нейкі момант мастак становіцца рамеснікам. Вядома, рамяством варта валодаць, гэты элемент прысутнічае ў кожным жанры мастацтва, але яго значэнне чыста практычнае, дапаможнае. Таму творца павінен заўсёды змяняцца. Я вызначыў, што яго развіццё ідзе так: да 30 гадоў ён навучаецца, да 40 — здабывае вопыт, да 50 — аддана працуе. А пасля гэтага ўзросту так альбо інакш пачынае паўтарацца і змяняецца вельмі рэдка.

— Падчас знаёмства з выстаўкай я атрымала ўражанне, што вы жывяце так, як пішаце — сумленна, сціпла, шчыра. Скажыце, як чалавеку з такой адкрытай і празрыстай душой жыць і тварыць, прайсці жыццёвы і творчы шлях і заставацца яркай асобай — індывідуальным у мастацтве і светлым чалавекам у душы?

— У творчасці мастак імкнецца ўсё прапускаць праз сябе, праз уласнае бачанне данесці вобразы і каштоўнасці да людзей, выказаць фарбамі свае пачуцці. Інакш гэта не мастацтва... Яго няма без духоўнасці. Усе мы верым у нешта больш высокае і духоўнае. Калі чалавек гаворыць, што ён атэіст альбо «я не вернік» — не верце яму. Таму што без веры мы не можам існаваць, калі хочам упарадкаваць сваё жыццё, сваё сумленне. Усё роўна чалавек павінен у нешта верыць. Неабавязкова быць хрысціянінам альбо мусульманінам. Любая вера ратуе нас ад усяго: ад холаду і голаду, ад хвароб і духоўнага жабрацтва. Мы народжаны для веры, нават калі і ў царкву не будзем хадзіць. Як бы ні было, чалавек усё роўна ў цяжкай сітуацыі гаворыць «дай Бог». Іншае пытанне, што з развіццём навукі і тэхнікі духоўнасць пераходзіць як бы на іншы план. І гэта непазбежна... Усё гэта і дапамагае заставацца, як вы кажаце, светлым у душы.

— Вы практычна ўсё жыццё пражылі ў Пецярбургу. Вядома ж, знаходзіліся пад уплывам рускай культуры. Але пры гэтым засталіся армянскім мастаком. Як гэта атрымалася?

— Можа, калі б я жыў у Арменіі, быў бы іншым — бліжэй да еўрапейскага стылю. Мне проста Пецярбург вельмі дапамог. Па-першае, гэта настальгія па Радзіме; па-другое, пецярбургскія (расійскія) школы; па-трэцяе, горад Пецярбург (а раней — Ленінград) вельмі вялікі ўплыў аказвае на чалавека ў прынцыпе. Гэта музеі, паркі, архітэктура... А не разгубіцца, не страціць сваё, нацыянальнае, дапамагалі традыцыі, матывы шматвекавой культуры, адчуванне прыналежнасці да свайго народа, памяць пра карані, духоўная роднасць з тысячагадовай гісторыяй, якую стваралі твае продкі. Трэба суперажываць, прапусціць праз сябе, раскрыць усё гэта. Сапраўднае мастацтва павінна быць выключна нацыянальным. Але пры гэтым не трэба замыкацца ў нацыянальных рамках.

— Вы член праўлення пецярбургскага Саюза мастакоў, арганізатар многіх дабрачынных выставак. У вашых руках, можна сказаць, знаходзяцца лёсы маладых і, магчыма, у будучыні выдатных майстроў пэндзля. Можаце даць колькі парад маладым?

— Трэба працаваць сумленна, тварыць, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Шукаць сябе, сваю тэматыку, свой індывідуальны почырк, сваю мову. Трэба заўсёды заставацца самім сабой. Калі ў чалавека ёсць талент, то эксперты рана ці позна яго заўважаць і ацэняць. Усё таму, што кожны талент, як той ручай, заўсёды знойдзе свой шлях. Я займаюся арганізацыяй выставак і знаходжуся ў прыёмнай камісіі нашага Саюза мастакоў. Ведаеце, бывае мастак з вопытам, але пры гэтым ён ужо «аджыў» сваё. Развіцця не можа быць, таму што ён выдатны рамеснік. А бывае мастак не такі дасведчаны, але бачыш, што ён шукае і працуе для душы, і ў яго ўсё маецца для развіцця.

— Ашот, чаму вы вырашылі выстаўляцца ў нас, у Беларусі і што вас яднае з нашай краінай?

— У Беларусі засталася духоўнасць, звязаная з Арменіяй і Расіяй. Нават выстаўка ўспрымаецца беларускім грамадствам асабліва. А мае інтарэсы перадусім духоўныя. Калі, напрыклад, у Парыжы, Лондане, Германіі ці Швейцарыі, дзе неаднаразова праходзілі выстаўкі, яны былі для «галачкі», то ў вас я адчуваю зусім іншую атмасферу: людзі з вялікай цікавасцю адносяцца да кожнага палатна, з асаблівай ахвотаю завастраюць сваю ўвагу на дэталях. На маю думку, значную ролю тут адыгрываюць шматвяковыя традыцыі ў духоўнай культуры вашага народа, здольнасць беларусаў спачуваць і адчуваць сувязь мінулага з сучаснасцю.

Юлія САВІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.