Вы тут

Скутар не цацка, агонь не забава


Часта ў тым, што дзеці атрымліваюць траўму, вінаваты дарослыя.

Паўсядзённае жыццё шчодрае на розныя пагрозы для дзяцей — гарэзлівых, непасрэдных, цікаўных. Спасцігаючы гэты свет, замест радасці, новага, нязведанага яны часта сустракаюцца з нечаканасцямі. Прадметы, якімі можна параніцца, няўстойлівая мэбля, веласіпед, краны з гарачай вадой, каструлі на ўключанай пліце.


 

Да­ша з Ма­ла­дзеч­на за­ча­пі­ла­ся за дрот, што ва­ляў­ся на да­ро­зе.

Даша з Маладзечна гасцявала ў вёсцы ў бабулі. Зламала руку, можна сказаць, на роўным месцы — зачапілася за дрот, што валяўся на дарозе. Дзяўчынку шпіталізавалі ў артапеда-траўматалагічнае аддзяленне Мінскай абласной клінічнай бальніцы. «Дачушку сюды даставілі 30 чэрвеня, — кажа яе маці Наталля Аляксандраўна. — Нам пашчасціла, што трапілі ў рукі да прафесіянальных і ўважлівых урачоў. Мяркую, праз тыдні два-тры Дашу, так бы мовіць, паставяць на ногі. І ў нас яшчэ будзе час, каб падрыхтавацца да новага навучальнага года. У бальніцы ёсць добрая бібліятэка, бяром і чытаем з дачкой кнігі. Кормяць дзяцей тут таксама выдатна, збалансавана.

У суседняй палаце чатыры сябры па няшчасці: Вадзім, Валера, Цімафей і Максім. «Я ўзабраўся на дрэва, сук абламаўся, і я паляцеў уніз, зламаў руку. Я, наогул, ахвотнік палазіць па дрэвах, — прызнаецца Вадзім. — Цяпер буду больш асцярожны».

Валера з Капыльскага раёна ехаў на веласіпедзе на рыбалку. З-за павароту нечакана вылецела машына. «Я саскочыў з веласіпеда. Міліцыянер сказаў, калі б не паспеў, то застаўся б інвалідам. А так атрымаў пералом нагі. За рулём быў п'яны вадзіцель. Таго мужчыну пасадзілі ў турму, аштрафавалі, канфіскавалі машыну і забралі правы. А я тут ужо месяц лячуся», — зусім і па даросламу падзяліўся са мной хлопчык.

Цімафей з Барысава зваліўся з даху трохпавярховага будынка — з сябрамі гулялі ў хованкі. У выніку — пералом.

Максім з вёскі Пятрышкі з братам ішлі дадому. «Я выпадкова паслізнуўся на камені і пакаціўся з высокай гары, зламаў нагу», — згадвае ён.

За той час, што знаходзяцца тут, хлопцы пасябравалі, знайшлі агульныя інтарэсы. Расказваюць адзін аднаму цікавыя гісторыі, анекдоты, чытаюць кнігі. «Нас тут добра лечаць, добра кормяць. Даюць ежу, якая ўтрымлівае кальцый, каб косці хутчэй зрасліся», — запэўніваюць хлопцы.

У Мінскай вобласці ва ўсіх райцэнтрах працуюць урач-траўматолаг або урач-хірург, якія прайшлі курсы спецыялізацыі па траўматалогіі і артапедыі. Яны аказваюць першую кваліфікаваную дапамогу пацыентам. У артапеда-траўмалагічным аддзяленні №2 Мінскай абласной клінічнай бальніцы знаходзяцца пацыенты з больш цяжкімі траўмамі, якія патрабуюць спецыялізаванай траўматалагічнай дапамогі. Пры неабходнасці дзіця з пераломамі дастаўляюць з рэгіёна ў аддзяленне як мага хутчэй медыцынскім транспартам. Аперацыйная цалкам аснашчана неабходным абсталяваннем, інструментамі. З забеспячэннем ніколі не ўзнікала пытанняў. Тут аказваецца дапамога дзецям ад нараджэння да 18 гадоў. Медыкі імкнуцца як мага хутчэй паставіць пацыентаў на ногі.

— У нашым аддзяленні 15 дзіцячых ложкаў, і яны запоўнены практычна ўвесь час. Найчасцей да нас паступаюць дзеці з траўмамі ў пачатку канікул і з пачаткам заняткаў у школе. Сустрэліся з сябрамі, з якімі даўно не бачыліся, на радасцях пачынаюць бегаць, скакаць, штурхацца. У чэрвені і на пачатку верасня мы нават рыхтуем дадатковыя месцы для дзяцей, — расказаў галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай траўматалогіі і артапедыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Сяргей Дзерман. — У ліпені, жніўні, як правіла, таксама назіраецца ўсплёск траўматызму: паспяваюць вішні, грушы, яблыкі, малыя лезуць на дрэвы, каб сабраць ураджай, паласавацца. А так звычайна колькасць траўмаў застаецца на адным і тым жа ўзроўні. У сярэднім на працягу тыдня да нас паступаюць 5-6 пацыентаў.

Сяргей Іванавіч у траўматалогіі і артапедыі працуе з 2003 года. Па яго назіраннях, апошнім часам стала больш цяжкіх траўмаў, не характэрных для дзяцей. Напрыклад, летась яму давялося аперыраваць пералом шыйкі сцягна ў дзіцяці 12 гадоў. «Да 2009 года з такімі выпадкамі не сустракаўся, — канстатуе ён. — А вось на працягу апошніх паўтара-двух гадоў з такой сур'ёзнай паталогіяй прайшлі 4 дзіцяці. Дзякуй Богу, ва ўсіх зрасліся пераломы. Гэтыя траўмы — найперш вынік дарожна-транспартных здарэнняў. Таму я дзвюма рукамі за патрабаванне ўладкоўваць у салоне аўтамабіля дзіцячыя крэслы».

— Сяргей Іванавіч, бадай, няма тых бацькоў, якія б не нагадвалі сваім дзецям, каб тыя былі ўважлівымі, асцярожнымі. Але ў дзіцячым узросце зніжаны, мабыць, парог рызыкі, страху? — пацікавілася ў яго.

— Бацькі часта самі садзейнічаюць траўмаванню дзяцей, — упэўнены мой суразмоўца. — Напрыклад, летам, вясной дарослыя пачынаюць катаць малых на веласіпедзе, асабліва гэта характэрна для сельскай мясцовасці. Садзяць іх на багажнік, руль, едуць у краму або па іншых справах, нага трапіла паміж спіцамі кола — траўма. Часцей у дзяцей сустракаюцца ўдары, сінякі, раны, якія патрабуюць працяглага ўзнаўляльнага перыяду. Але ёсць і адкрытыя пераломы. Акрамя таго, часта бацькі купляюць прыстасаванні, якія не адпавядаюць узросту дзіцяці. Напрыклад, тыя ж скутары, веласіпеды. Цяпер выпускаюць розныя мадэлі веласіпедаў: для малых, падлеткаў, трохколавыя, з аблегчанай канструкцыяй. Перш чым купіць, варта падумаць над тым, які веласіпед найлепш падыходзіць канкрэтнаму дзіцяці. Зноў жа цяпер увайшлі ў моду двух'ярусныя ложкі. Безумоўна, яны займаюць менш месца ў спальні, зручныя, кампактныя. Але часта малыя з іх падаюць, траўмуюцца.

А яшчэ дзеці любяць пераймаць дарослых, капіраваць тату і маму. Могуць спрабаваць прыняць лекі, узяцца за вострую брытву, нож, стаць на стол, табурэтку, каб укруціць лямпачку. Гэта таксама абавязкова трэба ўлічваць бацькам, хаваць далей усе небяспечныя прадметы. Вядома, дзіця павінна расці, развівацца фізічна, бегаць, скакаць. Але без разумных абмежаванняў, кантролю з боку дарослых можа здарыцца непапраўнае.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Алены БАЙКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.