Вы тут

Уладзімір Кандрусевіч вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі


Вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі — «За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета «Мефіста», мюзіклаў «Шклянка вады», «Джулія», «Соф'я Гальшанская», «Байкер».


Даведаўшыся пра гэта, я шчыра ўзрадавалася. Даўно прыспеў час адзначыць на самым высокім узроўні яго творчасць. А калі не Кандрусевіч, дык хто?! Бо ён сапраўды адзін з найбольш таленавітых айчынных кампазітараў. І што вельмі важна, піша не ў «стол», як многія нашы аўтары. Ён запатрабаваны ў самых розных жанрах, а найперш — тэатральна-музычных.

Маштаб. Некалькі гадоў таму я рыхтавала для часопіса «Мастацтва» разгорнуты дыялог з Уладзімірам Пятровічам. А перад тым зазірнула ў энцыклапедыю «Тэатральная Беларусь». Уразіў факт: на працягу дваццаці гадоў кампазітарам была напісана музыка да больш чым 100 (!) пастановак у айчынных і замежных тэатрах. Прычым і музычных, і драматычных, і лялечных. Акрамя таго, ім напісана музыка да тэле- і радыёспектакляў, да 30 кінафільмаў. Пастаноўкі з яго музыкай ішлі і ідуць у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Германіі. Гэтыя фантастычныя лічбы і фантастычны размах — паказчык не толькі запатрабаванасці, ён адлюстроўвае ступені інтэнсіўнасці кампазітарскай працы.

Характар. Уладзімір Пятровіч — чалавек самабытны і незвычайна цікавы. Абсалютна пазбаўлены красамоўства. Не лічыць патрэбным хоць нейкім чынам рэкламаваць і «прасоўваць» сябе, а значыць, мітусіцца, наведаць тусоўкі. Кандрусевіч мяркуе, што яго музыка скажа сама за сябе. Перада мной паўставаў тыповы інтраверт, паглыблены ў творчасць і працэс сачынення музыкі. Для субяседніка адкрываецца роўна настолькі, наколькі лічыць патрэбным. Але, магчыма, гэтая неверагодная засяроджанасць на галоўным — будучым творы, яго структуры, вобразах, запамінальных мелодыях — і нараджае такі ўражальны вынік.

Карані і адукацыя. Вытокі поспеху заўжды трэба шукаць ва ўражаннях і падзеях дзяцінства і юнацтва. Кандрусевіч нарадзіўся ў Гродне, месцы, дзе не толькі захавалася шмат старадаўняй архітэктуры, але і атмасфера еўрапейскага горада. Яго бацька, кравец, любіў спяваць. Прычым нават Шырма запрашаў яго ў свой славуты калектыў.

У музычную школу будучага кампазітара ісці прымусілі, бо вельмі ж не хацеў. Першыя спробы напісання ўласных сачыненняў з'явіліся ў музычнай вучэльні. Беларускую кансерваторыю закончыў двойчы, спачатку як піяніст. Памятаю фота з яго архіва: Кандрусевіч-студэнт, з прычоскай а-ля «Beatles», з гітарай, у час канцэрта. Іграў на танцах, у Доме культуры 1-га цагельнага завода. Тыя танцы карысталіся ў Мінску неверагоднай папулярнасцю. Атрымаўшы першую адукацыю, Уладзімір год працаваў канцэртмайстрам у Оперным тэатры. І сам лічыць, што менавіта гэты вопыт паспрыяў нараджэнню яго балетаў. А потым паступіў у кансерваторыю другі раз, ужо на кампазіцыю, у клас Яўгена Глебава. Педагог, які сам надзвычай любіў тэатральна-музычныя жанры, шмат у чым паўплываў на тое, каб Кандрусевіч захапіўся і балетам, і мюзіклам.

Стасункі. Калі ўважліва вывучаеш яго творчую біяграфію, дзівішся, з якой колькасцю тэатраў і самых яркіх беларускіх рэжысёраў ён паспеў пасупрацоўнічаць. Сярод іх Валерый Маслюк, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка, Андрэй Андросік, Аляксей Ляляўскі, Мадэст Абрамаў, Наталля Башава. А якая колькасць першакласных акцёраў выканалі свае лепшыя ролі ў спектаклях, музыка якіх была ім напісана.

Навацыі і эксперыменты. Яшчэ ў пару маладосці, падчас захаплення музыкай «Beatles», Кандрусевіч цікавіўся тым, што мае смак і водар сучаснасці. Сам іграў на сінтэзатары, гітары і ўдарных. Ужо ў савецкі час кампазітар быў вядомы тым, што
ў яго з'яўляліся першыя ў Мінску сінтэзатары, вакодары. У 1980-м у Парыжы трапіў у Цэнтр Жоржа Пампіду і ўбачыў: для вядомага французскага кампазітара П'ера Булеза пабудавалі спецыяльную студыю, у якой працавалі спецыялісты-камп'ютаршчыкі з усяго свету. Такія ўражанні падказалі, што пошукі новых гукавых эфектаў трэба доўжыць у студыі.

Балеты. Балет «Мефіста» стаўся адной з самых яркіх пастановак у Беларускім музычным тэатры за апошнія, не пабаюся гэтага слова, два дзесяцігоддзі. У «Мефіста» ўсё сышлося. Пераасэнсаванне гётэўскага сюжэта, першакласнае лібрэта Юліі Чурко, моцная і выразная музыка Кандрусевіча, экспрэсіўная харэаграфія Уладзіміра Іванова, выдатныя артыстычныя работы Канстанціна Кузняцова, Юліі Дзятко, Віталя Краснаглазава.

Арымаўся спектакль эфектны, кідкі, нечаканы. У ім былі актуальнасць, шарм, эмацыянальная і сэнсавая вастрыня. Але адначасова змрочнасць і пэўная жорсткасць. Кожны з герояў аказваўся шматзначным вобразам. Доктар Фа, урач-хірург, паўставаў і простым, шчырым чалавекам, і закаханым у Марго, і пакутнікам, і ахвярай Мефіста, і ў рэшце рэшт пацыентам вар'яцкага дома. Марго — і экстравагантнай супермадэллю, і чуллівай каханкай, і лялькай-марыянеткай у руках бізнесмена. Вобраз Мефіста атрымаўся ў спектаклі асабліва яркім і выразным. Гэты герой нагадваў і «блакітнага» наркабарона, і лідара секты «сатаністаў», і верхавода ўплывовага і магутнага мафіёзнага клана. Тэма прададзенай душы аказвалася вырашанай кампазітарам, харэографам і салістамі надзвычай пераканальна.

Мюзіклы. Можна лічыць, гэта любімы жанр Уладзіміра Кандрусевіча.

Спачатку на афішы музычнага тэатра ўзнікла «Джулія». Спектакль, створаны паводле рамана Сомерсета Моэма «Тэатр», быў напісаны для Наталлі Гайды, прымы калектыву. Безумоўны поспех пастаноўкі, відаць, натхніў кампазітара і паспрыяў таму, што праз тры гады рэпертуар тэатра ўпрыгожыў мюзікл «Шклянка вады».

Ён быў пастаўлены ў 1994-м, ішоў доўгі час, а прэм'ера адноўленага спектакля адбылася ў 2007-м, амаль дзесяць гадоў таму. «Шклянка вады» нязменна карыстаецца глядацкім поспехам. Ужо неаднойчы змяніўся склад выканаўцаў, але спектакль па-ранейшаму эфектны, сучасны, сцэнічны. Дынамічны сюжэт, запазычаны з п'есы Эжэна Скрыба. Лёгкая для ўспрымання музыка, разнастайная па тэмах, тэмпах і інтанацыях. Выдатная сцэнаграфія Барыса Герлавана, якая віртуозна стварала вобраз каралеўскага палаца. Эфектныя пластычныя сцэны, пастаўленыя Віктарам Саркісьянам, перадавалі працэс нараджэння чутак, плётак і небяспечных палацавых інтрыг. Барыс Утораў, пастаноўшчык «Шклянкі вады», належаў да катэгорыі рэжысёраў, якія адчуваюць і ўмеюць будаваць форму эфектнага, відовішчнага спектакля. Такім чынам мастацкая канструкцыя, вынайдзеная больш як два дзесяцігоддзі таму, аказалася даўгавечнай і трывалай.

«Соф'я Гальшанская». Сцэна з мюзікла.

«Соф'я Гальшанская» сталася апошнім па часе мюзіклам Кандрусевіча, увасобленым на сцэне (бо хто ведае, што яшчэ ёсць у засеках у кампазітара?!). Хтосьці з крытыкаў вызначыў жанр «Соф'і...» як гістарычны спектакль, хтосьці як рамантычную меладраму, дзеянне якой разгортваецца ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы на пачатку ХV стагоддзя. Адлюстраваць на музычнай сцэне рэальных герояў айчыннай гісторыі — немалая рызыка. Але і немалая смеласць. Тым не менш і кампазітар, і лібрэтыстка Алена Турава, і рэжысёр Міхаіл Кавальчык, і выканаўцы галоўных партый здолелі стварыць спектакль, які выклікае цікавасць моладзі і гледачоў сталага ўзросту. Ён правакуе інтарэс да беларускай даўніны і робіць гэта ў яркай і відовішчнай форме. Невыпадкова два гады таму, падчас ІІІ «Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Соф'я Гальшанская» сабрала літаральна букет узнагарод. Яна была названа лепшым музычным спектаклем, пастаноўшчык Міхаіл Кавальчык — лепшым рэжысёрам, а Антон Заянчкоўскі, выканаўца ролі караля Ягайлы, — лепшым артыстам музычнага спектакля.

Высновы. Спектаклі, у аснове якіх ляжыць партытура Кандрусевіча, розныя. Але, як правіла, галоўны герой гэтых пастановак — менавіта музыка. Яна — грунт, фундамент, аснова. Яна — паветра і атмасфера. Музыка, яе тэмы і рытмы, яе настрой і энергетыка правакуюць і абуджаюць фантазію рэжысёра, сцэнографа, салістаў. Увогуле Кандрусевіч умее захоўваць дзівосны баланс: ён ніколі не апускаецца да ўзроўню масавай культуры і безгустоўных спажыўцоў, але і не прапаноўвае слухачу творы занадта мудрагелістыя, зразумелыя адзінкам. Пагадзіцеся, быць сучасным і запатрабаваным на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў не надта проста. Гэта рэдкая якасць. І бясспрэчная адзнака таленту.

Таццяна МУШЫНСКАЯ, лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі

Фота Анжалікі Граковіч і Андрэя Спрынчана

Загаловак у газеце: Маштабна і сучасна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.