30 верасня, серада

Вы тут

Чаму дзеці гінуць пры спазнаванні свету?


Свой самы першы ганарар мне давялося зарабіць у пяць гадоў. Cамастойна пайшла на масавае свята, якое праходзіла ў кіламетры ад дома. Выразна прачытала вершык, за што і была ўзнагароджана каробкай цукерак «Рамонак». Цяпер паглядзіце на тую звычайную сітуацыю сённяшнімі вачыма: дзіця без бацькоў — ды ў натоўпе незнаёмых людзей, не факт, што цвярозых! Гэта ж трэба тэрмінова звяртацца ў міліцыю, а маці выклікаць на камісію па справах непаўналетніх.


А яшчэ ў два-тры гады мяне штодзень пакідалі адну дома на некалькі гадзін: «дэкрэт» быў да пяці месяцаў, ясляў на ўсіх не хапала, а бацькі працавалі ў розныя змены. Мяне ніколі не вадзілі за руку ў школу і не забіралі адтуль. Мы забіраліся на дахі па пажарных лесвіцах, гулялі ў казакоў-разбойнікаў і хаваліся на будоўлях побач.

Лавілі трытонаў і апалонікаў у балоце на месцы будучай школы. Насіліся на роварах навыперадкі, а потым прыходзілі дадому з абадранымі каленкамі і разбітымі насамі. Высвятлялі адносіны паміж сабой не толькі словамі. З другога класа пачаліся самастойныя паездкі на заняткі тэатральнай студыі ў цэнтр горада, а з пятага — яшчэ і ў мастацкую школу на другім яго канцы.

І нікому ў галаву не прыходзіла, што адбываецца нешта надзвычайнае... Чаму ж сёння звычайныя ўчынкі майго (думаю, і вашага) дзяцінства сталі мець крымінальнае адценне?

Дзеці небяспекі не ўсведамляюць

Пра такія і аналагічныя сітуацыі мы ўспамінаем і разважаем разам з намеснікам старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Яўгенам Міткевічам. Дарэчы, мы з ім вучыліся ў паралельных класах, таму разам прыгадаць ёсць што і параўнаць таксама.

Чаму сённяшнія дзеці тонуць, выпадаюць з вокнаў, падпальваюць гарышчы і абліваюцца кіпнем? Прыкладна таму ж, што і 40 гадоў таму. Толькі не кажыце, што трагічных выпадкаў стала больш. Проста раней не было інтэрнэту, а ў тагачасных газетах і па тэлевізары пра жудасныя гісторыі амаль не расказвалі.

Дзеці ва ўсіх краінах, ва ўсе часіны не ўсведамлялі і не ўсведамляюць той сапраўднай небяспекі, якая ім пагражае ў штодзённым жыцці. Тым больш сёння часцяком дарослыя іх апякаюць да такой ступені, што ў пэўным узросце і абставінах гэта можа выклікаць сапраўдны юнацкі бунт. І тады — уцякай мае браты... Іншы варыянт — нашчадкі разнявольваюцца настолькі, што спадзяюцца толькі на старэйшых, якія далёка не заўсёды могуць іх абараніць ад пагроз знешняга свету.

Пры гэтым кожная з трагедый вельмі сур'ёзна абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях. І прымаюцца самыя жорсткія меры, каб не дапусціць паўтарэння. Шкада, падлеткі гэтых папер не чытаюць і натацыі дарослых звычайна ігнаруюць. Хоць тыя і ламаюць галаву: як дастукацца да свядомасці юных, давесці правілы паводзін на вадзе, у лесе, дома?.. Хіба толькі трагічнымі прыкладамі?

Прыклад старэйшага брата

Сёлетняя рэзанансная гісторыя 4 ліпеня ўскалыхнула не толькі невялічкі Лоеў, але і ўсю краіну. Дзяўчынка, якой у верасні павінна было споўніцца тры гады, выпала з чацвёртага паверха. Выратаваць дзіця ўрачы не змаглі. У гэтым выпадку акно старога ўзору было зачынена. На ім увогуле не прадугледжана ўсталяванне стандартнай маскітнай сеткі, на якую абапіраліся дзеці, якія загінулі ў іншых рэгіёнах краіны.

Па версіі, агучанай маці, яна ненадоўга выйшла з дому, пакінуўшы дачку, якая спала, адну ў кватэры. Двое яе старэйшых дзяцей гулялі на вуліцы, муж жанчыны быў на працы. Кароткага часу хапіла, каб дзіця прачнулася і змагло залезці на падваконнік, а потым і ўлезці ў зусім невялічкую квадратную фортку. Цяпер сведкі гавораць, што дзецям з вельмі станоўчай сям'і, дзе маці была старшынёй школьнага бацькоўскага камітэта, не забаранялі станавіцца на падваконнік. Так рабілі іншыя малыя са шматдзетнай сям'і, а самая малодшая дачка гэта бачыла...

Аднолькавыя трагедыі, розныя падыходы

Трагедыя, якая 25 чэрвеня ўскалыхнула Беларусь, здарылася з трыма юнакамі з аграгарадка Дзяржынск Лельчыцкага раёна. Яны патанулі ў рачулцы Ствіга. Хлопцы лавілі рыбу і трапілі ў яміну. Ніякага намёку на алкаголь, усе з сем'яў, якія не выклікалі нараканняў у праваахоўнікаў і суседзяў. Але ж пасля высветліліся яшчэ некаторыя акалічнасці. Непаўналетнія паехалі на бацькоўскіх матацыклах, а для лоўлі выкарыстоўвалі забаронены сродак — браднік. Горка, што бацькі не звярнулі ўвагу на гэтыя зусім не дробязі. Вось цяпер і кажыце: не здарылася б бяды, калі б конь не быў худы... Але ж чаго цяпер іх судзіць, калі яны на ўсё астатняе жыццё пакараныя самай вялікай карай — стратай дзяцей. Між тым двое з загінулых — родныя браты з сям'і, дзе больш нашчадкаў не засталося.

Два гады таму, дарэчы, у Веткаўскім раёне ў рацэ Сож патанулі дзве дзяўчынкі, якія выхоўваліся ў прыёмнай сям'і. У тым выпадку была заведзена крымінальная справа ў дачыненні прыёмнай маці па артыкуле 165 часткі 2 «Неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць малалетняга». Дарэчы, 37-гадовая гамяльчанка асуджана на два гады абмежавання волі.

Згадваю гэты выпадак таму, што, калі дзеці родныя, не прыёмныя, крымінальная справа не заводзіцца. Прызнацца, як і многія, не бачу розніцы і не разумею — чаму так?

Вучыць — каля вадаёмаў

Сур'ёзныя цёткі і дзядзькі з розных камісій, якія «атрымліваюць па шапцы» за кожную трагедыю, ніколі не змогуць замяніць аўтарытэт бацькоў. Менавіта апошнія і павінны сачыць, растлумачваць, праводзіць прафілактыку і вучыць асабістым прыкладам правілам бяспечных паводзін. Бо да пэўнага ўзросту малыя вераць толькі сваім, а не чужым людзям.

Між тым, улічваючы псіхалогію падлеткаў, з гомельскіх пляжаў ужо не гоняць у шыю школьнікаў, якія прыйшлі купацца без суправаджэння дарослых. Спецыялісты таварыства выратавання на вадзе даюць магчымасць падкантрольна ахаладзіцца ў неглыбокім месцы, запісваюць прозвішчы дзяцей, а потым паведамляюць у міліцыю. Каб, з аднаго боку, дзеці не пачалі шукаць месцы, дзе ратаўнікоў побач няма, а з другога — каб бацькі ведалі, як і дзе бавяць час іх нашчадкі.

Сёння ўсе заняткі па правілах паводзін на вадзе для дзяцей, якія знаходзяцца ў прышкольных летніках, адбываюцца не ў класах, а непасрэдна каля вадаёмаў. І праводзяць іх тыя людзі, якім не раз прыходзілася ратаваць гора-плыўцоў ці вылоўліваць іх трупы. Яны яскрава расказваюць пра вынікі сваёй не заўсёды рамантычнай працы.

Хэштэг як сродак выхавання

Актывісты Гомельскага абласнога камітэта БРСМ і беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі да канца летніх канікул будуць праводзіць прафілактычныя акцыі «Шчаслівае лета» на ўсіх пляжах вобласці. Першы сакратар Гомельскага абкама БРСМ Ігар Завалей адзначыў, што яны закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці, і ў першую чаргу бацькоў, да таго, што большасць усіх няшчасных выпадкаў на вадзе адбываецца ў выніку парушэння правіл асабістай бяспекі — купання і нырання ў забароненых месцах, праз тое, што дзеці пакінуты без нагляду.

Валанцёры ад грамадскіх арганізацый арганізавалі фотазоны, дзе можна сфатаграфавацца пад дэвізам накшталт: «З намі надзейна» ці «З намі бяспечна». Арганізатары гавораць, што далучыцца да акцыі і расказаць пра бяспечны адпачынак можа любы жыхар Гомельскай вобласці. Для гэтага трэба зрабіць тэматычны фотаздымак і змясціць яго ў сацыяльных сетках з хэштэгам #Брсмибрпозабезопасностьнаводе, #Брсмибрпозабезопасноелето, #Снамибезопасно, #Снаминадежно.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Спазнаць свет і застацца жывым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Зараз такой фабрыкі няма, але ёсць людзі, якія могуць згадаць гісторыю яе існавання.

Грамадства

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі. 

Грамадства

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Валоданне нейкiмi рэчамi азначае i тое, што на iх могуць паквапiцца староннiя. Няма рознiцы, што гэта — мабiльны тэлефон, сумачка цi бензатрымер.