Вы тут

Самы маленькі алень, або Што ўяўляе сабой казуля


Вытанчаная і грацыёзная, гэта жывёла не мае сабе роўных сярод іншых капытных. Яна з'яўляецца сапраўдным упрыгажэннем беларускіх лясоў.


Часцей за ўсё еўрапейская казуля насяляе мяшаныя лясы, якія распаўсюджаны каля адкрытых прастораў. Падчас адпачынку яна трымаецца на ўзлесках, палянах, лугах, у поймах рэк.

Казуля — самы маленькі прадстаўнік беларускіх відаў сямейства аленевых.

Сваім стройным і лёгкім складам цела з адносна кароткім тулавам яна крышку нагадвае казу. Пярэднія і заднія ногі тонкія і доўгія, нібы вытачаныя ўмелым майстрам. Яны робяць жывёлу здольнай да хуткіх і спрытных перасоўванняў. Даўжыня скачка звычайна 1,5-2, але можа дасягаць і 6 метраў!

Адбіткі капытоў казулі адрозніваюцца ад слядоў лася і аленя невялікімі памерамі, а ад маладых кабаноў — больш прамымі абрысамі. На цвёрдым грунце застаюцца адбіткі капытоў толькі сярэдніх пальцаў. На мяккай зямлі і снезе прыкметныя і адбіткі бакавых пальцаў, размешчаных вышэй. Звычайна казулі перасоўваюцца, ставячы заднія ногі ў сляды пярэдніх. Пры гэтым адбіткі капытоў размешчаны ўздоўж прамой лініі. Узімку добра прыкметныя іх «копанкі» — месцы, дзе казулі ўзрываюць капытамі снег у пошуках корму.

Галаву самцоў казулі ўпрыгожваюць невялікія, але сімпатычныя рожкі. Рогі гэтыя лірападобныя і ўсаджаны мноствам касцяных шышачак-«жамчужын». На канцах рожак звычайна мудрагеліста расстаўлены тры атожылкі. Штогод у кастрычніку-снежні рогі скідаюцца, а ўвесну вырастаюць ізноў.

Ёсць у казулі і сваё «люстэрка». Так называюць светлую пляму, якая рэзка вылучаецца каля хваста жывёлы. Яна дапамагае членам аднаго статка зрокава мець зносіны паміж сабой і рухацца адзін за адным нават у густым лесе і ў цемры. У стане спалоху «люстэрка» павялічваецца больш чым у два разы. Мільгаючы наперадзе, яно служыць сігналам небяспекі для тых членаў сям'і, што знаходзяцца побач, і, галоўнае, для безабаронных маленькіх казулянят.

У прыплодзе казулі бывае звычайна два, радзей тры дзіцяняці. Казуляняты нараджаюцца ў маі-чэрвені і здаюцца зусім бездапаможнымі. Першыя два тыдні жыцця малеча маларухомая, яны больш ляжаць, паднімаючыся толькі для кармлення. А ўжо з двухтыднёвага ўзросту дзіцяняты не адстаюць ад маці. Кормяцца яе малаком да ліпеня-жніўня, потым пачынаюць есці сакавітае лісце і траву. Нованароджаныя казляняты пакрытыя мяккай рудой шэрсткай з некалькімі шэрагамі светлых плям. Такая характэрная ахоўная афарбоўка валасянога покрыва захоўваецца да канца лета. Яна дапамагае дзіцянятам добра маскіравацца, каб засцерагчыся ад небяспечных драпежнікаў. А натуральных ворагаў у іх у гэты перыяд шмат: ваўкі, рысі, лісы, бадзяжныя сабакі.

Нягледзячы на тое, што казуля цяжка пераносіць суровыя зімы і з'яўляецца адносна лёгкай здабычай шматлікіх драпежнікаў, за апошнія 20 гадоў яе колькасць толькі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку вырасла амаль у два разы і цяпер складае больш за сотню асобін.

Анастасія РЫЖКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».