Вы тут

Свет змяніўся


Несумненна, галоўнай падзеяй мінулага тыдня была спроба ваеннага перавароту, зробленая ў Турцыі. Нельга сказаць, што яна была цалкам нечаканай, паколькі аб магчымасці такога сцэнарыя неаднаразова папярэджвалі вядомыя цюрколагі.


Сітуацыя ў Турцыі ў 2015—2016 гадах была досыць складаная. Усё больш тэрактаў, якія адабралі жыцці мноства людзей, праблемы з пастаянным прытокам сірыйскіх бежанцаў, рэзкае абвастрэнне курдскай праблемы, сацыяльная незадаволенасць з прычыны падзення тэмпаў эканамічнага росту. Відавочна, змоўшчыкі палічылі, што сітуацыя складваецца для іх спрыяльная, якая павышае шанцы на поспех перавароту.

* * *

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў пасланне Прэзідэнту Турэцкай Рэспублікі Рэджэпу Таіпу Эрдагану ў сувязі са спробай ваеннага перавароту ў гэтай краіне. Аб гэтым паведаміла прэс-служба беларускага лідара. У пасланні выказваюцца словы падтрымкі і салідарнасці з легітымнай уладай Турцыі.

Міністэрства замежных спраў нашай краіны таксама выступіла са спецыяльнай заявай у сувязі са спробай дзяржперавароту ў Турцыі. У дакуменце адзначаецца, што беларускі бок рашуча асуджае злачынную спробу незаконнага звяржэння дзяржаўнай улады і выказвае сваю падтрымку прэзідэнту і ўраду Турэцкай Рэспублікі.

«З трывогай і хваляваннем успрыняты паведамленні з Турэцкай Рэспублікі аб спробе ваеннага перавароту, якая была зроблена ізаляванай групай турэцкіх ваенных. Асаблівае шкадаванне выклікаюць ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, — гаворыцца ў заяве МЗС. — Мы поўнасцю салідарныя з турэцкім кіраўніцтвам, якое кваліфікуе гэтыя дзеянні як здрадніцкую атаку на народ і законна выбраную ўладу Турцыі».

«Мы ўпэўнены, што ўрад Турцыі пры падтрымцы народа і арміі зможа ў кароткія тэрміны стабілізаваць сітуацыю ў краіне. Выказваем шчырыя спачуванні сем'ям і блізкім загінулых, а таксама жадаем хутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым», — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.


Тэракт у Ніцы стаў другой па значнасці падзеяй мінулага тыдня. 84 ахвяры адзінокага забойцы, які душыў людзей коламі проста на набярэжнай аднаго з самых прэстыжных курортаў свету на працягу двух кіламетраў, сталі сімвалам няздольнасці сілавых структур нават буйной еўрапейскай дзяржавы даць належны адпор тэрарызму. Чарговы раз пацярпеў крушэнне міф пра тое, што ў XXІ стагоддзі няма неабходнасці ў большым ліку паліцэйскіх, каб гарантаваць бяспеку людзей: дастаткова ўкладвацца ў інтэлектуальнае сачэнне ў сацыяльных сетках і абсталяваць усё відэакамерамі. Між тым на набярэжнай у Ніцы не хапіла элементарных узброеных вартавых парадку, здольных спыніць злачынца на першых сотнях метраў яго крывавага шляху. Хочацца верыць, што гэты тэракт прымусіць палітыкаў Еўрасаюза зразумець, што свет змяніўся і ранейшай бяспекі не будзе. Таму неабходны новыя крокі па ўзмацненні захадаў па абароне жыццяў грамадзян, якія будуць арыентавацца і на правераныя метады яшчэ мінулага стагоддзя. А пакуль што наведванне буйных гарадоў і курортаў Еўрасаюза без вялікай неабходнасці не рэкамендуецца.


На жаль, хваля гвалту не абмінула і краіны СНД. У нядзелю ў Ерэване група ўзброеных людзей захапіла аддзяленне паліцыі, забіўшы палкоўніка і захапіўшы ў закладнікі генерала і некалькі іншых паліцэйскіх. Раніцай 18 ліпеня ўсе яны яшчэ не былі вызваленыя. Урад Арменіі санкцыянаваў масавыя арышты сярод апазіцыйных палітыкаў, западозраных у арганізацыі захопу закладнікаў.


Па паведамленні часопіса Spіegel, Германія збіраецца неўзабаве прынесці афіцыйныя прабачэнні ўраду і насельніцтву Намібіі за ажыццёўлены ў пачатку XX стагоддзя генацыд супраць плямёнаў герэра і намо. У рамках каланізацыі Афрыкі, зробленай урадам Германіі, зямля ў мясцовых плямёнаў адбіралася для нямецкіх пасяленцаў, што выклікала рэгулярныя паўстанні. Падчас задушэння паўстанняў плямёнаў герэра і намо загінула больш за сто тысяч чалавек.


13 ліпеня ў Вялікабрытаніі быў прызначаны новы прэм'ер-міністр — Тэрэза Мэй. Яна пачала фарміраваць свой кабінет, у якім значныя пазіцыі занялі прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Гэта яшчэ раз пацвердзіла нацэленасць эліты Вялікабрытаніі на прызнанне вынікаў чэрвеньскага рэферэндуму і незваротнасць працэсу па выхадзе. Галоўнай інтрыгай застаюцца ўмовы выхаду і дакладныя тэрміны. Папярэдняя дата, агучаная прадстаўніком новага брытанскага ўрада — пачатак 2019 года — можа не задаволіць эліту Еўрасаюза, якая імкнецца як мага хутчэй завяршыць працэс разводу з брытанцамі, які падрывае прэстыж ЕС.


На мінулым тыдні былі прызначаны кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў Кітаі і Грузіі. Кірыл Руды стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, а Міхаіл Мятлікаў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Грузіі. Абедзве краіны важныя для Беларусі як рынкі збыту сваіх тавараў. Кітай, акрамя гэтага, мае грандыёзны інвестыцыйны патэнцыял.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.