Вы тут

Камандор у адкрытым акіяне


Першы даследчык сусветнага акіяна не меў ні спецыяльнай адукацыі, ні навуковай ступені. Фатограф, рэжысёр, аўтар мноства кніг. Вынаходнік, які падараваў свету акваланг. Капітан Кусто.

Жак-Іў Кусто

Ён нарадзіўся ў маляўнічым французскім рэгіёне Бардо, аднак карані яго – беларускія. Бацька, адвакат Даніэль Кусто, перабраўся ў Францыю з Беларусі, а дзядзька Жака-Іва Кусто ўсё жыццё пражыў у БССР. Дый сапраўднае прозвішча даследчыка Куст – бацька змяніў яго на французскі манер пасля таго, як ажаніўся з дачкой фармацэўта Элізабэт Дзюрантон.

Сям’я Кусто шмат падарожнічала, кожнае лета адпачывала на беразе Біскайскага заліву. Тут хлопчык і навучыўся плаваць. А ў сем гадоў яму паставілі дыягназ “хранічны энтэрыт” (хвароба, звязаная са страваваннем). Праз гэта Жак-Іў вельмі моцна схуднеў.

У сувязі з бацькавай працай сям’я пераехала ў Ню-Ёрк, дзе хлопчык навучыўся размаўляць па-англійску і здзейсніў першыя свае апусканні пад ваду разам з братам. Па вяртанні ў Францыю ён не на жарт захапіўся тэхнікай. На адной з вынаходак Кусто зарабіў грошы, на якія набыў сваю першую кінакамеру.

З тэлевядучым Мікалаем Драздовым у перадачы “У свеце жывёл”.

Маючы разнастайныя таленты і незвычайную дапытлівасць, Жак-Іў нязменна адставаў у вучобе. Яго нават хацелі выключыць са школы, але бацька сам забраў сына з навучальнай установы. Сямейная рада вырашыла аддаць юнака… у войска. Так ён накіраваўся ў ваенна- марскую акадэмію – і паступіў! З тысячы кандыдатаў стаў дваццаць другім. Але яшчэ большая ўдача чакала наперадзе: кругасветнае плаванне! Тут ён атрымаў неабходныя ўменні і веды ў караблебудаванні і марской навігацыі.

Пасля акадэміі Жака-Іва чакала размеркаванне, і трапіў выпускнік Кусто на ваенна-марскую базу ў Шанхай. Наведаўся і ў СССР, аднак вялікую колькасць фота, зробленых там, у Кусто забралі.

Наперадзе была новая мэта: паступіць у Акадэмію марской авіяцыі. Але неба, у адрозненне ад мора, было жорсткім да Кусто. Напачатку ён сам развітаўся з марай: трапіў у аварыю і восем месяцаў рэабілітаваўся, пасля чаго быў вымушаны забыць пра Акадэмію. А нашмат пазней, калі Кусто ўжо стане вядомым даследчыкам, на гідрасамалёце разаб’ецца яго сын Філіп.

Сям’я Кусто: Жак-Іў, жонка Сімона і сыны Жан-Мішэль і Філіп.

Пасля аварыі Кусто працаваў інструктарам на крэйсеры “Сюфрэн” у Францыі (пэўна, без асаблівага энтузіязму). Новае жыццё пачалося для яго з выпадковасці: зайшоў у краму і пабачыў акуляры для падводнага плавання. Рэгулярныя апусканні з адной толькі маскай і ластамі зрабілі яго да канца жыцця падуладным акіяну.

Аднак гэтага было недастаткова. Кусто прагнуў новых глыбіняў. Гэта падбухторыла яго і прыяцеля Эміля Ганьяна распрацаваць адмысловы апарат для апускання, які працаваў бы за кошт сціснутага паветра ў балонах. Так у 1943 годзе з’явіўся акваланг. Ужо ў 1946-м яго паставілі на канвеерную вытворчасць.

Акрамя таго, апантаны Кусто стварыў воданепранікальныя камеру і асвятляльныя прылады, першую падводную тэлевізійную сістэму. Сам сябе ён ахвотна называў “акіянаграфічным тэхнікам”.

Кадр з дакументальнага тэлесерыяла “Адкрываем свет наноў”.

Сусветна вядомы сімвал экспедыцый Кусто (акрамя чырвонай шапкі) – карабель “Каліпса”. Некалі баявое судна Брытанскіх Каралеўскіх ВМС, у мірны час яно стала паромам. Так і плавала паміж Мальтай і востравам Гоца, пакуль мільянер Томас Лоэл Гінес не набыў яго для Кусто – і аддаў у арэнду за сімвалічны 1 франк у год. Каманда “Каліпса” складалася з 12 чалавек, 10 з якіх былі даследчыкамі. Карабель меў мабільную лабараторыю для даследаванняў у адкрытым акіяне і падводных здымак. Мелася і пляцоўка для верталётаў. На “Каліпса” Кусто здзейсніў экспедыцыі ў Атлантычны, Індыйскі акіяны, Чырвонае, Чорнае, Аравійскае моры і ў Персідскі заліў. Загінуў карабель ў 1996 годзе пасля сутыкнення з баржай. Яго паднялі з дна і адбуксіравалі на французскую базу Кусто, марылі стварыць там музей, але мара засталася марай.

Сусветнае прызнанне Жак-Іў Кусто атрымаў пасля выхаду кнігі “У свеце цішыні” ў 1953 годзе. Фільм, зняты па ёй, атрымаў “Оскар” і “Залатую пальмавую галіну”. Па ўсім свеце амаль што ў рэжыме прайм-тайм трансляваліся яго фільмы, і найбольш вядомы – цыкл дакументальных стужак “Адысея каманды Кусто”.

Нязменны карабель Кусто “Каліпса”.

Аднак у адрас даследчыка выказваліся і крытычныя заўвагі, падчас вельмі жорсткія. Акрамя непрафесіяналізму і ненавуковасці работ, Кусто абвінавачвалі ў метадах даследавання марскога свету. Так, сцвярджалася, што ён забіваў рыб з дапамогай дынаміту. А ў фільме “Свет без сонца” знайшліпадробленыя кадры.

Нягледзячы на гэта, у 1957 годзе Кусто выбралідырэктарам Акіянаграфічнага музея Манака. Сюды ён перабраўся разам з сям’ёй. І пачалося: сканструявана “міска-нырэц” – кампактнае судна для падводных даследаванняў; на падводным карнізе каралавага рыфа збудавалі металічны дом для працяглага пражывання пяці акванаўтаў; яшчэ ніжэй размясцілася кабіна для двух чалавек. У 1965 годзе, ужо на глыбіні 110 метраў, усталяваны шарападобны дом для шасці акванаўтаў. Усё гэта дало магчымасць адкрыць нябачаны, нязведаны “паралельны свет” – свет Акіяна.

Вядома ж, Кусто выпраўляўся ў частыя экспедыцыі. Першая – у Чырвонае мора і заходнюю частку Індыйскага акіяна, дзе назіралі ў асноўным за акуламі. Пазней, у Атлантычным акіяне, Кусто заняўся падводнай археалогіяй (адзін з першых у свеце). У сямідзясятыя гады “Каліпса” скіравалася да Антарктыды, гэтым разам сачыць за кітамі. Кусто, дарэчы, адкрыў, што яны падтрымліваюць зносіны з дапамогай эхалакацыі. Таксама ён выступіў этнографам і антраполагам: зняў дакументальную стужку пра абарыгенаў Вогненнай Зямлі.

Справаздачай вялікай, неацэннай працы даследчыка, які пражыў 87 гадоў, стаў грунтоўны том “Сусветны акіян”.

Кусто быў надзвычай узрушаны і ўражаны тым, як моцна разбурае чалавечая дзейнасць марскія экасістэмы. “Акіян – вялікі рэгулятар жыцця ўсёй нашай планеты”, – даводзіў ён людзям. У 1973 годзе ён заснаваў фонд “Каманда Кусто”, які і сёння займаецца акіянаграфічнымі даследаваннямі і аховай прыроды.

Наста ГРЫШЧУК

 

Цікава

Існуе міф, што Кусто прыняў іслам. Так, даследчык адкрыў, што моры не змешваюцца, а потым даведаўся, што ў Каране пра гэта было напісана яшчэ 1400 гадоў таму. Тады ён быццам бы ўсклікнуў: “Дальбог, Каран, ад якога сучасная навука адстае на 1400 гадоў, не можа быць мовай чалавека. Гэта сапраўдная мова Усявышняга!” Насамрэч нічога падобнага не адбывалася. Міф аспрэчаны афіцыйнымі дакументамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?