Вы тут

Наколькі поўна выкарыстоўваецца турыстычны патэнцыял нашай краіны?


Калі вы думаеце, што Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр — гэта ўсё, што можна паглядзець у Полацку, то вельмі памыляецеся. У гэтым невялікім па сённяшніх мерках гарадку з насельніцтвам у 85 тысяч чалавек — звыш 150 помнікаў культуры! Такое багацце скульптур, сабораў, музеяў і мемарыяльных комплексаў не здольна пакінуць абыякавым ніводнага турыста. Але наколькі выкарыстоўваецца гэты багаты патэнцыял? Што можа даць Полацк сваім гасцям, што мы маем сёння ў цэлым у краіне ад турыстычных паслуг і што можна было б мець?


Гэтыя пытанні былі ўзняты на выязным пасяджэнні міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў, якое прайшло ў самым старажытным горадзе краіны.

Што тычыцца непасрэдна Полацка, то ён усё яшчэ здольны здзіўляць нават спецыялістаў. Так, у Спаса-Праабражэнскай царкве ўсяго некалькі тыдняў таму пры рэканструкцыі пад слаямі алейнай фарбы былі знойдзены новыя фрэскі. Над імі цяпер працуюць беларускія і расійскія рэстаўратары. Спецыялісты Міністэрства культуры кажуць, што зараз распрацоўваецца і рыхтуецца дакументацыя па ўключэнні гэтай царквы ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Але нават тут мы ўбачылі шэраг аб'ектаў, якія даўно не эксплуатуюцца, — гаворыць намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава. — І ў цэлым доля турыстычных паслуг у ВУП сёння невялікая. Але ж экспарт паслуг, у тым ліку і турыстычных, — адзін з прыярытэтных напрамкаў развіцця нашай краіны. Прынята дзяржаўная праграма «Беларусь гасцінная» на 2016—2020 гады, у якой прадугледжаны мерапрыемствы і фінансаванне, накіраваныя на тое, каб паказаць усе магчымасці нашай краіны для гасцей і турыстаў, якія прыязджаюць да нас. Зрухі ўжо адбыліся, але наш патэнцыял дазваляе зарабляць на турызме ў разы больш.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной бачыць галоўнай задачай стварэнне індустрыі гасціннасці, каб усюды — пачынаючы ад пагранічніка і мытніка і заканчваючы афіцыянтам у кавярні — турыста прымалі як роднага госця.

Між тым, у нашай краіне ўсё яшчэ ёсць праблемы з візавай падтрымкай, рэгістрацыяй ды і з якасцю сэрвісу таксама.

Так, працэдура рэгістрацыі сёння не вельмі зручная для тых замежных турыстаў, хто падарожнічае не ў арганізаванай групе. У аддзяленнях па грамадзянстве і міграцыі часцяком няма таблічак на англійскай мове. Усе дакументы толькі на рускай. Узнікаюць пытанні і з аплатай пошліны, якая ўносіцца праз банк — яго трэба дадаткова шукаць. Замежнаму турысту, які не валодае нашымі дзяржаўнымі мовамі, гэта можа быць цяжка.

Таму іншаземцы спыняюцца ў Беларусі ў сярэднім на 5 дзён — менавіта столькі можна знаходзіцца ў нашай краіне без рэгістрацыі турыстам з пераважнай большасці краін. У сувязі з гэтым Міхаіл Партной прапанаваў паскорыць працу над пытаннем выдачы замежнікам электронных віз у Беларусь.

Намеснік міністра спорту і турызму ўпэўнены і ў тым, што трэба зніжаць цэны на нашы гасцініцы, бо яны часам вышэйшыя, чым у суседніх краінах. Так, па стане на сярэдзіну ліпеня гэтага года кошт двухмеснага нумара ў сталічных гасцініцах («тры зоркі») пачынаўся, калі перавесці ў замежную валюту, ад 36 еўра ў гасцініцы «Арбіта» і 38 еўра ў гатэлі «Арэна-Мінск» і даходзіў да 48 еўра ў «Планеце» і вышэй у іншых гасцініцах. Пры гэтым загрузка гасцініц на сённяшні дзень складае 38,3%. «Неабходна працаваць з цэнамі», — лічыць Міхаіл Партной. А яшчэ — над такімі важнымі для любога турыста «дробязямі», як бясплатны Wі-Fі, меню на англійскай мове. Трэба, каб было больш пунктаў хуткага харчавання, паказальнікаў, банкаматаў, прыбіральняў...

— Але, каб Беларусь можна было па праве называць турыстычнай краінай, неабходна развіваць і ўнутраны турызм, — лічыць Наталля Качанава. — Не менш важна паказаць і самім беларусам усё, што ёсць у нашай краіне.

Дарэчы, калі казаць пра нашых, беларускіх турыстаў, то вельмі важна абараніць іх ад махлярства. Намеснік міністра спорту і турызму нагадаў, што такія выпадкі назіраліся ў Расіі: турфірмы бралі грошы ў людзей і знікалі, а потым аб'яўлялі аб сваім банкруцтве. Аналагічны выпадак быў і ў Беларусі на пачатку гэтага года. Кліенты, якія звярнуліся ў туркампанію «Аўрора Тур», аплацілі пуцёўкі, але на адпачынак так і не адправіліся, бо кіраўнік фірмы збегла з іх грашыма. Як лічыць Міхаіл Партной, лепш не чакаць форс-мажорных сітуацый, а заканадаўча абараніць нашых турыстаў ад такіх выпадкаў.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Наведалі ў 2015 годзе (арганізаваныя турысты):

Нацыянальны музей-запаведнік «Нясвіж» — 408 тысяч чалавек.

Замкавы комплекс «Мір» — 295 тысяч чалавек.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — 220 тысяч чалавек.

5 месцаў, якія варта паглядзець у Полацку

* Вядома ж, на першым месцы — Сафійскі сабор. Пабываць у Полацку і не ўбачыць гэтую вытанчаную архітэктурную жамчужыну, якая да таго ж так многа значыць для нашай гісторыі — нонсэнс. Цікава, што гэтая праваслаўная святыня, пасля таго як была ўзарвана па загадзе Пятра І, пазней была адбудавана ў стылі «віленскага барока», звычайным для касцёлаў. Сёння сабор з'яўляецца канцэртнай залай арганнай музыкі, а ў яго сутарэннях знаходзіцца экспазіцыя Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, у якой можна ўбачыць старажытны мур першапачатковага храма і многія археалагічныя знаходкі.

Дарэчы, ля сцен сабора знаходзіцца яшчэ адна з гарадскіх славутасцяў — Барысаў камень. Лічыцца, што ён выконвае запаветныя жаданні, вяртае каханне і здароўе. Для гэтага трэба загадаць жаданне, а пасля 3 разы абабегчы вакол валуна — і яно пасля збудзецца. Праўда гэта ці выдумка экскурсаводаў — кожны ахвотны можа праверыць на ўласным вопыце.

Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр — яшчэ адзін абавязковы пункт праграмы. У ім можна ўбачыць і адноўлены па эскізах Крыж Святой Еўфрасінні. Арыгінал, як вядома, таямнічым чынам знік падчас гітлераўскай акупацыі.

*  Абавязкова варта пабываць у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, у які ўваходзіць 11 музеяў. Наведаць усе музеі можна, набыўшы агульны ўваходны квіток.

У гэты музей-запаведнік уваходзіць і адзіны ў Беларусі музей адной вуліцы, які называецца «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Гэтая стацыянарная выстава фіксуе побыт горада ўзору 1910 года (менавіта ў тым годзе мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай былі перавезены з Кіева-Пячэрскай лаўры на радзіму).

*  Зазірніце ў былы езуіцкі калегіум (цяпер — будынак Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта). Тут можна заказаць экскурсію і атрымаць мудрагелістыя адказы на свае пытанні (на выбар — на рускай, беларускай, англійскай ці лацінскай мовах) у велізарнай механічнай галавы Габрыэля Грубера, пабудаванай у далёкім ХVІІІ стагоддзі і адноўленай у 2015 годзе.

* Схадзіце ў Музей сярэднявечнага рыцарства — гэта адзін з прыватных музеяў Полацка. Тут вы ўбачыце інтэр'еры старадаўняга замка і прадметы побыту, а таксама рыцарскія латы і ўзбраенне: лукі, стрэлы, арбалеты, халодную зброю, сярод якой — меч Х стагоддзя. Вялікае ўражанне можа зрабіць засценак, дзе паказаны катаванні таго часу. Часам экскурсію праводзіць сам гаспадар музея.

Не ўвайшлі ў наш топ-5, але таксама абавязковыя да прагляду — помнік літары Ў і памятны знак «Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы».

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Полацк кожнага здольны здзівіць, але наколькі поўна мы выкарыстоўваем турыстычны патэнцыял нашай краіны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?