Вы тут

Як дапамагчы сабе пры непрыемнасцях


Вазьміце на ўзбраенне парады, як правільна дапамагчы сабе адразу пасля таго, як вас напаткала непрыемнасць.


...пры апёку

— Кожны від апёку, а ён бывае тэрмічны, хімічны, электрычны, прамянёвы, светлавы, мае свае асаблівасці, аднак асноўныя моманты іх лячэння аднолькавыя, — нагадвае ўрач-траўматолаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Дзмітрый Аўхімовіч. — Самастойна можна лячыць толькі сонечныя апёкі 1 ступені, якія праяўляюцца пачырваненнем скуры без пухіроў. Апрацуйце скуру растворам антысептыку (ёдыскін, фурацылін) або пантэнолам.

Самае важнае ва ўсіх выпадках — ніякіх спіртавых раствораў і ніякай ваты! Прыкладайце праз тканіну холад па 5-10 хвілін цягам некалькіх гадзін. Абавязкова трэба паказацца траўматолагу або камбустыёлагу (урач, які займаецца лячэннем апёкаў), які ацэніць глыбіню і плошчу пашкоджання. Няправільнае самалячэнне прыводзіць да паглыблення апёкавай раны, павышае рызыкі інфіцыравання, ускладненняў.

...пры парэзах

Драпіны-парэзы — гэта калі пашкоджана толькі скура, капілярны крывацёк спыняецца праз некалькі хвілін пасля націскання. Апрацуйце парэз антысептыкам (перакіс вадароду, фурацылін, хлоргексідын, ёдыскін). Перакіс вадароду прымяняецца толькі для першаснай апрацоўкі ран, але не для паўсядзённых перавязак! Ачысціце ад забруджванняў, пакладзіце сурвэтку, змочаную антысептыкам, зафіксуйце бінтам. Невялікія парэзы пасля з'яўлення фіксаванага струпа (праз 2-3 дні) трэба лячыць адкрыта, без павязак, апрацоўваючы растворам антысептыку, можна ўжо і спіртавым. Пазбягайце намакання да поўнага загойвання — 8-10 дзён.

...пры вялікіх ранах

Глыбокія і вялікія раны (з моцным пашкоджаннем тканак і моцным крывацёкам) неабходна апрацаваць гэтак жа, як і парэз. Накласці сціскальную павязку. Калі крывацёк артэрыяльны (пульсуючы струмень чырвонай крыві), на канечнасць накладваецца жгут — на ўзроўні ніжняй трэці сцягна або пляча. На перадплечча і галёнку артэрыяльны жгут не накладваецца! Накладваць можна на тканіну або віток на віток. Замацоўваецца пад жгут і запіска з указаннем часу накладвання (зімой гэта можа быць 2 гадзіны, а летам — 1,5). Пасля трэба паказацца траўматолагу або хірургу. Магчыма, рана запатрабуе хірургічнай апрацоўкі і ўшывання.

...пры ўкусах

Калі ўкусіла жывёла, рану трэба спачатку добра прамыць пад праточнай вадой з мылам цягам не менш як 15 хвілін. Далей пакладзіце сурвэткі з антысептыкам (ёдыскін, фурацылін, хлоргексідын, септамірын, мірамісцін або інш.) і абавязкова як мага хутчэй пакажыцеся ўрачу. Калі траўма здарылася ў непрацоўны для паліклінікі час, абавязкова пазваніце па нумары 103 і ўдакладніце, у якую з бальніц трэба звяртацца. Бо жывёла можа быць пераносчыкам шаленства, і адкрытая рана — гэта рызыка заражэння слупняком, а таму спатрэбіцца вакцынапрафілактыка. Наогул раны пасля ўкусаў лечацца ў аддзяленнях гнойнай хірургіі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Як будзем ратавацца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свінец паўсюль? Як гэты цяжкі метал забрудзіў планету і хто вінаваты

Свінец паўсюль? Як гэты цяжкі метал забрудзіў планету і хто вінаваты

Таксічныя рэчывы можна знайсці ва ўсім, што нас акаляе.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.