Вы тут

15 ліпеня распачалася прыёмная кампанія ў ССНУ


15 ліпеня ў нашай краіне распачалася прыёмная кампанія ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.


Сёлета свае дзверы адчыняць для моладзі 118 каледжаў, у тым ліку 12 прыватнай формы ўласнасці, а таксама 90 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго на дзённую бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 21,9 тысячы чалавек і на завочную — 2,6 тысячы. План набору на платную форму навучання (па ўсіх формах атрымання адукацыі) складае ў дзяржаўных ВНУ 11,4 тысячы чалавек. І ў прыватныя ССНУ мяркуецца прыцягнуць 4,4 тысячы навучэнцаў.

Структура прыёму захоўваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Такія профілі адукацыі, як тэхніка і тэхналогія, архітэктура і будаўніцтва, сельская і лясная гаспадарка, у агульным прыёме складаюць больш як 50 працэнтаў.

Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца па 148 спецыяльнасцях. Параўнальна новымі для гэтага ўзроўню адукацыі (прыём на іх быў распачаты ў апошнія два гады) з'яўляюцца спецыяльнасці «Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў», «Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «Электроніка механічных транспартных сродкаў», «Абсталяванне мэблевай вытворчасці», «Праграмаваныя мабільныя сістэмы», «Тэсціраванне праграмнага забеспячэння».

Упершыню будзе праводзіцца прыём на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі «Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы» ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, а таксама ў прыватных установах адукацыі «Мінскі каледж прадпрымальніцтва» і «Баранавіцкі эканоміка-юрыдычны каледж». Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю «аперацыйны лагіст».

Свой першы прыём ажыццявіць сёлета Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які будзе рыхтаваць педагагічныя кадры для ўстаноў дашкольнай адукацыі і пачатковай школы. Прыём будзе праходзіць па конкурсе пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі. На спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя» на дзённую форму навучання мяркуецца прыняць дзве групы па 25 чалавек, на «Дашкольную адукацыю» — адну групу такой жа колькасці. Акрамя таго, плануецца рыхтаваць педагагічныя кадры і на завочнай форме атрымання адукацыі. Пакуль што будзе набрана адна група завочнікаў, але ў далейшым іх колькасць збіраюцца павялічыць. На завочную форму навучання будуць прымацца абітурыенты з агульнай сярэдняй адукацыяй: яны будуць паступаць у каледж па выніках ЦТ па дзяржаўнай мове і біялогіі.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў бюджэту — з 15 па 31 ліпеня, на платнай аснове — па 14 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 31 ліпеня).

Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 8 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ці прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў бюджэту — з 15 ліпеня па 6 жніўня, на платнай аснове — па 14 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 6 жніўня). Уступныя іспыты пройдуць з 7 па 9 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 12 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ад будаўнікоў да лагістаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.