Вы тут

У Слаўгарадзе адкрылі сырную краму


Не дзіўна, што яна з'явілася ў сталіцы сырнага фэсту, які адзначаецца тут ужо 5 гадоў. Мясцовыя сыравары і раней прадавалі свой тавар на слаўгарадскім рынку, але зараз усё будзе на іншым узроўні. У сценах былой гаспадарчай крамы размясціўся цэлы цэнтр сырнага мастацтва. Умоўна ён падзелены на 4 зоны, адна з якіх прызначана непасрэдна для гандлю, другая — для правядзення майстар-класаў, трэцяя, афіцыйная — для дзелавых сустрэч і чацвёртая, гістарычная — для дэманстрацыі паходжання слаўгарадскага сыру. Макеты печкі, кароў, коз, прадметы сельскага інвентару — наглядны дапаможнік для тых, хто думае, што сыр нараджаецца па ўзмаху чароўнай палачкі на паліцах крам. Частка экспанатаў ужо ёсць, але калекцыя будзе папаўняцца. Тут жа можна будзе прасачыць гісторыю развіцця сырнага фэсту. Ёсць першыя праграмкі, выпускі прымеркаванага да падзеі бюлетэню.


А галоўнае, цяпер усім прыхільнікам слаўгарадскіх сыроў будзе прасцей набыць любімыя гатункі. Іх, дарэчы, 50 найменняў — з каровінага і казінага малака. Пра папулярнасць прадукцыі сведчыць тое, што на нядаўнім купальскім свяце «Александрыя збірае сяброў» слаўгарадскія сыравары за некалькі гадзін прадалі 150 кілаграмаў сыроў. Некаторыя пакупнікі з Расіі ехалі на свята мэтанакіравана, каб купіць слаўгарадскі сыр.

Рэалізаваць ініцыятыву з сырнай крамай дапамог праект ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Ініцыятыва слаўгарадскіх сыравараў перамагла ў конкурсе і на яе рэалізацыю было выдзелена 18 тысяч еўра.

— На гэтыя грошы мы набылі неабходнае абсталяванне, касцюмы, мэблю. Распрацавалі экскурсійную і анімацыйную праграму, 2 гастранамічныя турмаршруты,— паведаміла каардынатар ініцыятывы Галіна Таран.

А яшчэ сыравары правялі сертыфікацыю сваіх сыроў, каб выявіць, які з іх карыстаецца большым попытам. Арганізавалі на рынку дэгустацыю і вылучылі найлепшы гатунак, якому прысвоілі тытул «Народная марка — 2016».

Падчас адкрыцця ў гасцях сырнай крамы пабывала славутая кулінарная экспедыцыя пад кіраўніцтвам эксперта беларускай кухні Алены Мікульчык. Візіт у Магілёўскую вобласць быў абумоўлены вялікім попытам на слаўгарадскія сыры і дрыбінскі мёд. Гэтыя нацыянальныя стравы не на жарт дадаткова прывабліваюць на Магілёўшчыну турыстаў. Слаўгарадскія сыравары цяпер актыўна працуюць над двума турыстычнымі маршрутамі, якія пройдуць па знакавых мясцінах Слаўгарадскага раёна. Людзі змогуць пабачыць не толькі мясцовыя славутасці, але і паназіраць, як вырабляецца смачны прадукт у хатніх умовах. Дапамагае майстрыхам у рэалізацыі ініцыятывы мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Аксаны НЯМЦОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?