Вы тут

Міжнародны злёт юных ратавальнікаў-пажарнікаў прайшоў пад Гомелем


Сёння юныя ратавальнікі змагаюцца каманда супраць каманды. Праз дзесяцігоддзі яны выратуюць свет, а пакуль хутка аказваюць першую дапамогу, праходзяць паласу перашкод і спаборнічаюць у пажарнай эстафеце.


Юны гамяльчанін Мікіта Гаршынін у дзень закрыцця XІV Міжнароднага злёту юных ратавальнікаў-пажарнікаў памераўся сілай з міністрам па надзвычайных сітуацыях Уладзімірам Вашчанкам. Хлопец гаворыць, што адчуў не толькі моц рукі самага галоўнага ратавальніка краіны, але і неабходнасць самому ўдасканальвацца.

Дарэчы, пазмагацца ў маляўнічае мястэчка Баравое пад Гомелем, дзе знаходзіцца ліцэй інжынернага інстытута МНС, прыехалі сёлета каманды юных ратавальнікаў з 12 краін свету: Беларусі, Балгарыі, Азербайджана, Грузіі, Італіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі і Украіны.

На працягу дзевяці дзён юныя ратавальнікі выяўлялі самых спрытных і хуткіх, кемлівых і... прыгожых. Падлеткі сталі ўдзельнікамі трэнінгаў і майстар-класаў, падчас творчых конкурсаў знаёмілі сяброў з асаблівасцямі сваіх нацыянальных культур, спаборнічалі за званне «Містар» і «Міс» злёту.

Праграма маштабнага дзіцячага лагера была насычанай і разнастайнай. Конкурсы па дартсе, развядзенні вогнішча, аказанні першай медыцынскай дапамогі, баявым разгортванні і нават ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі тэхнагеннага характару вызначалі падрыхтаванасць маладых людзей да дзеянняў у складаных жыццёвых сітуацыях.

Асноўнай мэтай спаборніцтваў дарослыя лічаць памяншэнне колькасці выпадкаў гібелі і траўматызму дзяцей, навучанне іх навыкам паводзін у надзвычайных сітуацыях, фарміраванне культуры бяспекі ў грамадстве, абмен вопытам і новымі формамі работы. Дарэчы, самі дзеці называюць сярод асноўных дасягненняў магчымасць пазнаёміцца і завязаць стасункі з аднагодкамі з іншых краін. Агульную мову ўсе знаходзілі хутка — дапамагалі эмоцыі, якіх было зашмат на працягу спаборніцтваў.

На базе ліцэя быў адначасова адкрыты і рэспубліканскі палявы лагер «Ратавальнік», у які сабраліся лідары і пераможцы абласных этапаў аналагічных спаборніцтваў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарнікаў. Яны здзіўлялі высокіх гасцей, сярод якіх былі і паслы Украіны, Расіі, Сербіі, Казахстана і Італіі, «цыркам бяспекі» і «карчмой прысмакаў»...

Што тычыцца вынікаў міжнароднага форуму юных выратавальнікаў — тут не было роўных нашым суайчыннікам. «Серабро» заваявала каманда з Грузіі, на трэцім месцы — украінцы. Яркай фінальнай кропкай XІV Міжнароднага злёту юных ратавальнікаў-пажарнікаў стаў канцэрт. Яго ў нацыянальных традыцыях кожнай з краін-удзельніц падрыхтавалі каманды. Пры гэтым канцэптуальна яны ўсе разам выратоўвалі свет ад знішчэння і знешніх пагроз. Падчас цырымоніі закрыцця пераможцам уручаны кубкі і памятныя падарункі.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка звярнуў увагу на тое, што сёння пытанні бяспекі дзяцей — вельмі актуальная праблема ва ўсіх краінах.

— Дзеці — гэта наша будучыня, стратэгічны запас краіны, таму рабоце з падрастаючым пакаленнем у нас надаецца асаблівая ўвага, — сказаў ён. — Стасункі паміж дзецьмі на Міжнародным злёце юных ратавальнікаў вельмі шчырыя, што дае магчымасць спадзявацца на далейшае замацаванне зносін паміж ратавальнікамі розных краін. Размова — пра замацаванне доўгатэрміновага партнёрства і супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі, грамадскімі і міжнароднымі структурамі ў гэтай сферы. Нашы падлеткі не толькі па падручніках ведаюць, як лепш прыйсці на дапамогу, яны сапраўды могуць дапамагчы і сабе, і сваім сябрам.

Вядома, што налета геаграфія краін-удзельніц злёту будзе пашырана. Ужо маюць намер прыслаць сваіх прадстаўнікоў Турцыя і Пакістан. Таксама вывучаюць магчымасць удзелу ў міжнародным злёце каманды юных ратавальнікаў Кітая, Японіі і Бразіліі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дапамагчы сабе і сябру

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.