Вы тут

10 сакрэтаў паспяховай здачы ЦТ


Вось і скончыліся самыя страшныя выпрабаванні для выпускнікоў 2016 года. Усе вынікі цэнтралізаванага тэсціравання ўжо вядомыя. Хтосьці засмучаны, а хтосьці, наадварот, бязмерна шчаслівы. Сярод апошніх і мая найлепшая сяброўка, выпускніца СШ №14 г. Мазыра Наталля МІШЧАНКА, якая набрала 399 балаў з чатырохсот магчымых.


Факультэт міжнародных адносін БДУ, які абрала Наташа, адзін з самых прэстыжных у Беларусі. Конкурс і прахадныя балы там фантастычныя, таму сур'ёзную падрыхтоўку яна распачала яшчэ ў 10 класе. Здаваць трэба было тры прадметы: рускую і англійскую мовы і грамадазнаўства. Першую — заўсёды вучыла сама, а з англійскай мовай і грамадазнаўствам дапамагалі рэпетытары. Але ўсё ж аддаць належнае варта і самастойнай падрыхтоўцы. Скончыла школу з залатым медалём і з усімі дзясяткамі ў атэстаце. На абласной алімпіядзе па рускай мове ў 11 класе ўзяла першы дыплом і аўтаматам атрымала 100 балаў на ўступных іспытах па гэтай дысцыпліне. Грамадазнаўства здала на 100 балаў і англійскую мову — на 99.

Наталля з задавальненнем пагадзілася падзяліцца сваімі сакрэтамі падрыхтоўкі з абітурыентамі наступнага года.

1. Задацца мэтай

У першую чаргу, трэба дакладна вырашыць, чаго вам больш хочацца: паступіць у ВНУ або прайсці яшчэ адзін узровень камп'ютарнай гульні. Каб атрымаць максімум балаў, трэба прыкласці і максімум намаганняў ды ўсвядоміць, што ніхто не зробіць гэтага за вас. У заданнях няма нічога звышнатуральнага і непад'ёмнага, але толькі не для гультаёў.

2. Скласці штодзённы план і прытрымлівацца яго

У эфектыўнай падрыхтоўцы і рацыянальнай арганізацыі часу мне вельмі дапамагло складанне плана свайго навучання. Некалькі заданняў у дзень па кожным з трох прадметаў — не такая ўжо і складаная праца. Асабліва ў параўнанні з бяссоннымі начамі і спробамі ахапіць усё і адразу за некалькі тыдняў да ЦТ. Ад гэтага нават задавальненне атрымліваеш, калі закрэсліваеш чарговую выкананую справу ў сваім спісе.

3. Вучыць услых

Чытаем і прамаўляем усё услых. Такім чынам працуе не толькі зрокавая, але і гукавая памяць, дзякуючы чаму ўсё лепш і хутчэй запамінаецца.

4. Больш практыкі

Не забываем пра важнасць практыкі. Штодня рашаем заданні з тэстаў мінулых гадоў. Якімі б глыбокімі ведамі вы ні валодалі, іх яшчэ трэба ўмець прымяняць, а таксама трэба мець уяўленні пра структуру тэста. Я таксама параіла б набыць зборнік і пачаць яго рашаць па варыянце ў дзень за 10 дзён да ЦТ. Так сапраўдны экзамен стане для вас проста чарговым тэстам.

5. Галоўнае — увага да дробязяў

Калі вы хочаце набраць 100 балаў, то заўважаем і вучым усе без выключэння дробязі.

Таму што калі вы не звернеце ўвагу на нейкае пытанне, правіла ці слова, то за вас гэта зробяць складальнікі заданняў.

6. Выконваць работу над памылкамі

Яны — вашы слабыя месцы. Яны патрабуюць асаблівай увагі. Дапусцілі памылку ў тэксце — выпісалі, знайшлі на яе правіла, вывучылі яго і яшчэ некалькі разоў выканалі падобныя заданні.

7. Памятаць пра астатнія прадметы і школьныя іспыты

Не забывайцеся пра тое, што чвэрць вашых балаў пры паступленні забяспечвае атэстат. Пажадана падумаць пра гэта ў пачатку года і імкнуцца зарабляць добрыя балы з першай чвэрці, таму што ў апошняй вам ужо будзе не да гэтага.

8. Выкарыстоўваць кожную вольную хвілінку

Калі ў вас мала вольнага часу і вы баіцеся не паспець нешта выканаць, насіце заданні заўсёды з сабой: на ўрокі, рэпетыцыі, бярыце ў паездкі. Выдалася вольная хвілінка? Рашайце тэсты, а ўжо дома разбірайце памылкі. Такім чынам вы сэканоміце шмат часу і зможаце ўвечары даўжэй прагуляцца.

9. Не перагружаць сябе

Не варта сябе нагружаць да знясілення. Змена дзейнасці і абстаноўкі толькі дапаможа вам з новымі сіламі ўзяцца за вучобу. Не забывайцеся выходзіць на вуліцу, кантактаваць з сябрамі, чытаць кнігі. Проста займайцеся ў меру магчымасцяў, таму што дзён у навучальным годзе дастаткова.

10. Не забывацца пра метад выключэння

Максімум засяроджанасці і ніякіх старонніх думак у самой аўдыторыі. А для таго, каб лішні раз не памыліцца, можна на чарнавіку спачатку закрэсліваць дакладна няправільныя адказы, звужаючы круг, ну а затым абводзіць правільны.

Вікторыя КУПРАЦЭВІЧ, выпускніца СШ №14 г. Мазыра

Загаловак у газеце: Абітурыентам-2017

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».