Вы тут

Вольга Грыбоўская: «Галоўнае, каб цанілі не толькі за знешнасць»


Сярод прэтэндэнтак на сёлетнюю карону «Міс Беларусь — 2016» яна была адзінай з Брэста. Хоць запаветны тытул і дастаўся іншай, аднак наша гераіня мела шанц памножыць свой багаж вопыту ў сферы прыгажосці, які ў яе з'явіўся падчас працы фотамадэллю ў Парыжы, а таксама калі прадстаўляла нашу краіну на міжнародным спаборніцтве прыгажунь «Mіss Tourіsm Queen of the Year Іnternatіonal 2015». Як канкурсантка ставіцца да подыума і работы пад сафітамі, што думае пра жаночую прыгажосць і якім бачыць уласнае заўтра, мы даведаліся з размовы з Вольгай Грыбоўскай.


— У якой атмасферы праходзіла падрыхтоўка да «Міс Беларусь»? Якія ўспаміны ў вас застануцца ад гэтага перыяду вашага жыцця?

— Успомніць дакладна ёсць што. На тых жа рэпетыцыях, якія цяпер прыгадваю з усмешкай, было складана, а зараз здаецца, быццам усё было проста. Здымачная група тэлеканала АНТ — гэта асаблівыя людзі, заўсёды на пазітыве. Яны засталіся па-за кадрам, аднак менавіта дзякуючы іх працы ўсе мы сталі ўдзельнікамі і ўбачылі незабыўнае шоу. І, безумоўна, я ніколі не забуду чароўных дзяўчат, з кім мы былі побач на працягу ўсяго праекта. Веру, што мы абавязкова аднойчы яшчэ сустрэнемся.

Я не лічу, быццам адны з нас выйгралі, а іншыя засталіся ў пройгрышы. Бо два варыянты жыцця пасля конкурсу — надта малы выбар.

Усе з нас заслугоўваюць перамогі, і той факт, што мы дайшлі да фіналу, пацвярджае гэта. Карона дасталася толькі адной, а астатнія засталіся ў выніку са сваімі прызамі, проста для кагосьці ім стаў карысны вопыт, а для некага — з'яўленне новых добрых сяброў...

— Іншымі словамі, канкурэнцыя не вышэй за жаданне сябраваць і будаваць добрыя стасункі з іншымі канкурсанткамі?

— Сама асабіста ехала на конкурс з жаданнем пазнаёміцца з новымі людзьмі і пасябраваць з імі. Хоць, безумоўна, мелася і жаданне паказаць сябе. Для фіналу са шматлікіх прэтэндэнтак адабралі найлепшых дзяўчат. І гэта адчувалася па іх размовах, па тым, як яны ставіліся да іншых канкурсантак. Я не адчувала канкурэнцыі. Ды і вырашала ўсё прафесійнае журы.

— Пад адным матэрыялам пра вас сустрэла каментарый, быццам у дзяўчыны зусім не беларуская знешнасць...

— Упершыню пачула такі водгук і, магчыма, гэта дасць мне глебу для роздумаў. Але ў маёй сям'і ўсе беларусы. Бацька бландзін з блакітнымі вачамі, а вось мама цёмнавалосая і ў яе карыя вочы. І знешнасцю я падобная на яе. Зразумела, што асабліва за мяжой вобраз беларускі прадстаўляюць сабе стэрэатыпна — светлыя валасы, блакітныя вочы... Але азірніцеся навокал і вы ўбачыце, наколькі мы ўсе непадобныя адзін на аднаго. І ў нашай унікальнасці і крыецца сапраўдная прыгажосць.

— Калі гаварыць пра «Міс Беларусь» з пазіцыі, што не толькі знешняя прыгажосць характарызуе сапраўдную асобу, то дзяўчыну, годную такога тытула, як можна ахарактарызаваць?

— На мінулым конкурсе два гады таму генеральны дырэктар АНТ Рыгор Кісель адзначыў, што «Міс Беларусь» у першую чаргу павінна быць разумнай, адукаванай, выхаванай дзяўчынай, і толькі потым сваю ролю адыгрывае прыгажосць. З такім меркаваннем я цалкам згодная. Гэта свайго роду формула для тых дзяўчат, якія мараць патрапіць на конкурс. Але з кожным годам дадаецца і нейкая новая нотка, напрыклад, сёлета ёю стала тэма беларускасці. У нас актыўна адраджаюцца нацыянальная культура, інтарэс да роднай мовы. І «Міс Беларусь» павінна добра ведаць гісторыю сваёй краіны, мову... Таксама я за натуральную прыгажосць. На мой погляд, дзяўчаты, якія прадстаўляюць краіну, павінны быць натуральнымі.

Я не прыхільнік нават нарошчаных пазногцяў, валасоў і гэтак далей. Мы нараджаемся ўнікальнымі ад прыроды, таму не бачу сэнсу імкнуцца быць такімі, як усе.

Зразумела, варта падтрымліваць форму з дапамогай спорту і здаровага ладу жыцця, за што вам арганізм будзе ўдзячны і ўзнагародзіць здароўем.

— На конкурсе прыгажосці ў Малайзіі вам давялося спаборнічаць з некаторымі ўжо тытулаванымі прыгажунямі. Наколькі гэта было складана?

— Я, як чалавек, які заўсёды шукае пазітыў, бачыла вакол сябе добразычлівых людзей. З нас там «выціскалі» па максімуме: мы здымаліся ў рэкламе, наведвалі дзіцячыя дамы і прытулкі для састарэлых... Нам было, паверце, не да канкурэнцыі. Зразумела, дзяўчаты з тытуламі адчувалі сябе больш упэўнена, але кожная з нас годна прадстаўляла сваю краіну.

— Вопыт працы ў якасці фотамадэлі ў Парыжы, удзел у маштабных конкурсах прыгажосці неяк адбіваюцца на вашай самаацэнцы?

— Ніколі не задумвалася пра гэта, бо лічу саму сябе звычайнай дзяўчынай. Думаю, кожная можа дабіцца яшчэ большых вяршынь. Няма мяжы дасканаласці. Усе ж мы ідзём да нейкай мэты ў жыцці. Варта не блытаць мадэляў і канкурсантак, узяць, напрыклад, «Міс Беларусь». Першыя — гэта дзяўчаты-карцінкі, іх мы бачым на подыуме, на фота ў розных часопісах, а другія...

Папрацаваўшы ў Парыжы я зразумела, што быць топ-мадэллю — абсалютна не мой варыянт, таму што такая праца патрабуе вялікіх фізічных высілкаў, а мне больш імпануе разумовая дзейнасць.

І стаяць 12 гадзін на абцасах не кожная вытрымае... Гэта не мая мара. Займацца мадэльнай справай — хобі, а ў перспектыве я бачу сябе рэалізаванай у нечым больш сур'ёзным. Мне падабаецца юрыспрудэнцыя. Увогуле, лічу, што права павінен вывучаць кожны чалавек...

— Калі гаварыць пра ўвагу з боку моцнай паловы, як яе ўспрымаеце?

— Я не ведаю, ці многія праяўляюць да маёй асобы інтарэс, таму што не прывыкла да мужчынскай увагі. Са мной рэдка здараюцца сітуацыі, каб на вуліцы да мяне падыходзілі і казалі, што я прыгожая. У тых жа сацыяльных сетках мне можа нехта напісаць, аднак сур'ёзна ўсё гэта не ўспрымаю. Бо ў мяне ёсць малады чалавек, і ён мой ідэал мужчыны. З ім мы духоўна блізкія людзі. Нам добра і камфортна разам, і такога ўзаемаразумення я яшчэ не адчувала. Увогуле, калі казаць, што для мяне важна ў стаўленні іншых да сябе, то самае галоўнае, каб мяне цанілі не за знешнасць. На жаль, апошнім часам мы часта сутыкаемся са стэрэатыпам, быццам прыгожыя дзяўчаты неразумныя, распусныя і гэтак далей. Я, напрыклад, проста пазбягаю зносін з тымі, хто з'яўляецца прыхільнікам такой распаўсюджанай пазіцыі.

— Дастаеўскі сказаў, што свет уратуецца прыгажосцю, маючы на ўвазе ўнутранае хараство. Ці падзяляеце такое меркаванне?

— Калі б у мяне была магчымасць з дапамогай прыгажосці спыніць войны, тэрарызм ва ўсім свеце, то я абавязкова імкнулася б ёю скарыстацца.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.