Вы тут

Як працуе Сацыяльна-педагагічны цэнтр Віцебска


Летам не ўсе дзеці могуць правесці час з бацькамі і роднымі. У віцебскай установе якраз такія...


На свя­це ў пры­тул­ку.

Неабавязкова з праблемных сем'яў

Афіцыйна прытулак мае назву «Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Віцебска». Знаходзіцца бліжэй да ўскраіны абласнога цэнтра па адрасе: Залатагорская, 5а. Адно з двух аддзяленняў — дзіцячы сацыяльны прытулак.

Напэўна, многія думаюць, што ў такія ўстановы трапляюць дзеці, скажам так, з праблемных сем'яў. Не без гэтага. Дзіця накіруюць сюды, калі яно знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта вынік таго, што бацькі выпіваюць, дома няма нармальных умоў для пражывання малога. Ёсць і іншыя прычыны.

— У нас выхаванцы ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Тэрмін іх знаходжання да 6 месяцаў — да моманту рашэння пытання іх ўладкавання. Прыярытэт — вяртанню дзяцей дамоў да біялагічных бацькоў. Але апошнія павінны прыкласці ўсе сілы для ліквідацыі няшчасця ў сям'і. Павінны «завязаць» са спіртным, працаўладкавацца, зрабіць рамонт у доме і падобнае. Калі не атрымаецца вярнуць дзяцей дадому, нашы спецыялісты аказваюць дапамогу органам апекі і папячыцельства раённых аддзелаў адукацыі горада ў пошуку для дзяцей усынавіцеляў, апекуноў, прыёмных бацькоў. І толькі ў тым выпадку, калі іх знайсці не атрымаецца, дзяцей накіроўваюць у дзіцячы дом, — тлумачыць кіраўнік установы Ірына Ісачэнка.

Але розныя сітуацыі бываюць. Мінскія хлопчыкі прыехалі да сяброў у Віцебск. Не было грошай з'ехаць назад. Да міліцыянераў падышлі, тыя змясцілі дзяцей у прытулак. На другі дзень іх забралі бацькі.

— А вось яшчэ рэальны прыклад. Згарэў дом. Мама ў ім жыла з трыма сынамі. Маму размясцілі суседзі, а дзяцей — у прытулак. Потым гэтай сям'і апякунскі савет установы дапамагаў уладкавацца ў інтэрнат, зрабіць рамонт, купіць мэблю і бялізну, — расказвае дырэктар.

Бывае, мамы самі прыводзяць дзяцей у прытулак. Напрыклад, калі трэба ў бальніцу на аперацыю, а сваякоў у горадзе няма.

«Сірыйскі след»

Іншаземцы ў прытулку не рэдкасць. Геаграфія шырокая.

— Нарад міліцыі ўвечары ўбачыў на вуліцы хлопчыка. Рускую мову не ведае. Куды адзін ідзе? Прывезлі ў прытулак. Дык і англійскую не ведаў. Што рабіць? Выручыў студэнт з Сірыі, які ў Віцебску вучыўся ў медыцынскім універсітэце. Той па мабільным тэлефоне пытаў нашага маленькага госця і на ломанай рускай мне перакладаў. Нашых дзяцей той малы ўразіў. Яны былі ў захапленні. Дапамагалі хлопчыку рускую мову вучыць, а самі — яго родную, — успамінае суразмоўца.

Аказалася, што юны сірыец прыехаў з дзядзькам. Па дыпламатычным канале потым былі расстаўленыя ўсе кропкі над «і». Хлопчыка перадалі сваякам.

Дырэктар неаднаразова падкрэслівала, што выхаванцы вельмі дружныя. Навічка сустракаюць разам. Паказваюць усё. Старшыя шэфствуюць над малымі. Тут усе, як браты і сёстры. Напэўна, цяжкасці ў жыцці, адсутнасць бацькоў збліжаюць.

А яшчэ быў 17-гадовы рускамоўны хлопчык з Ізраіля. Ён вельмі хацеў застацца ў Беларусі. Не атрымалася. Калі яму споўнілася 18, яго дэпартавалі.

— Я з цеплынёй успамінаю іншага — 5-гадовага, мама якога з Латвіі пераехала. Выпівала... Пакуль бацька хлопчыка пералічваў грошы, было чым карміць і ў што апранаць сына. Калі дапамога скончылася, жанчына ў органы апекі звярнулася. Прасіла, каб прытулілі дзіця часова. Але доўгі час не забірала... Ён такі разумны, як маленькі мужычок. Сказаў, што ўсё ведае, бо тэлевізар глядзеў, пакуль мама «сваімі справамі» займалася, — як пра сына гаворыць Ірына Ісачэнка.

Ды­рэк­тар Са­цы­яль­на-пе­да­га­гіч­на­га цэнт­ра г. Ві­цеб­ска Іры­на ІСА­ЧЭН­КА ўдзяч­на лю­бым пра­явам ува­гі да сва­іх па­да­печ­ных (кошт па­да­рункавага сер­ты­фі­ка­та — у не­да­мі­на­ва­ных руб­лях).

І працуюць з апекунамі

У прытулку не толькі часова выхоўваюць дзятву. Другое аддзяленне ўстановы — дыягностыкі і рэабілітацыі непаўналетніх.

— Аддзяленне аказвае сацыяльную, псіхалагічную і іншую дапамогу непаўналетнім, іх бацькам, усынавіцелям, апекунам, папячыцелям у ліквідацыі цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Таксама распрацоўвае і распаўсюджвае тэхналогіі работы з дзецьмі і сем'ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — працягвае дырэктар.

Тут праводзяць кансультаванне, у тым ліку ананімнае і па тэлефоне, непаўналетніх і іх бацькоў, каб дапамагчы знайсці выхад са складанай жыццёвай сітуацыі, папярэдзіць гвалт над дзецьмі. Аддзяленне ажыццяўляе пошук, падбор і падрыхтоўку сем'яў, якія прымаюць на выхаванне непаўналетніх, што засталіся без апекі бацькоў. Рыхтуе дзяцей да пераходу на выхаванне ў сям'і.

Шасціразовае харчаванне

Мы прайшліся па прытулку. Будынак узвялі ў 1960-я гады. Былы дзіцячы садок. У спальных пакоях ад 6 да 8 чалавек. А ўсяго прытулак можа змясціць 35 гадаванцаў.

Ёсць залы для правядзення мерапрыемстваў, сталовая... Ва ўстанове, дарэчы, кормяць шэсць разоў штодня. Ёсць і пакой для спатканняў з бацькамі, сваякамі.

Падчас вучэбнага года дзеці прачынаюцца ў 7 гадзін раніцы. У школу ўсіх выхаванцаў прытулку абавязкова, незалежна ад узросту, суправаджае супрацоўнік. Займаюцца ў звычайнай школе, якая недалёка. Некаторыя — ва ўстановах, дзе вучаць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. З 13 да 14 гадзін — абед. З 14 да 16 гадзін дня выхаванцы спяць. Потым — дамашнія заданні і наведванні бацькоў. Адбой у 21.00.

Летам трохі іншы расклад. Выхаванцаў часта запрашаюць бясплатна наведаць цырк, кіно, шоу ў палацы зімовых відаў спорту і гэтак далей... Шмат часу летам яны праводзяць у двары.

Патрэбныя... зубачысткі

Многія супрацоўнікі разам з дырэктарам — былыя калегі па школе. Таму калектыў у прытулку дружны. Выпадковых людзей няма. Як сказалі супрацоўнікі, дырэктар — начальнік душэўны і кіраваць умее, не павышаючы голасу, без ціску, з павагай. А пацвярджэнне таго, што дзецям тут добра, візіты былых выпускнікоў. Яны і падчас канцэртаў выступаюць.

Рукі ў супрацоўніц прытулку залатыя, яны навучаюць дзятву рабіць сувеніры. Ды з чаго! З кардонных «падставак» для яек, палачак для шашлыкоў, зубачыстак... Дарэчы, быў здзіўлены, што з задавальненнем у прытулку прымуць у дар зубачысткі. Каб быў матэрыял для творчасці.

Прытулку дапамагаюць. Калі прасіў адзначыць самых шчодрых, надзейных мецэнатаў, дырэктар прамаўчала. Усе аднолькава каштоўныя. Ёсць і людзі з сярэднім заробкам, якія пытаюцца, чым дапамагчы...

Бывае, пасля ЗАГСа маладыя і сваякі прыязджаюць у прытулак і ўручаюць выхаванцам падарункі. Калі мы гутарылі з дырэктарам, прадстаўнікі дапрачыннай інтэрнэт-суполкі прапанавалі дапамогу — арганізаваць загарадную паездку.

Большасць з нас выраслі ў нармальных сем'ях, жывуць у кватэрах з усімі выгодамі, маюць аўто і дачу. І ўсе чамусьці скардзяцца.

Дзецям з прытулку дзяліць няма чаго. Больш за ўсё ім хочацца вярнуцца да таты і мамы. Каб тыя не пілі, не білі, а толькі любілі іх...

На асфальце каля будынка шмат малюнкаў з прызнаннямі ў любові да... работнікаў установы. Можна прачытаць: «Прытулак. Мы цябе ніколі не забудзем!», «Мы вернемся сюды!», «Дзякуй за ўсё!». Насамрэч, такія шчырыя словы дарагога каштуюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева і з архіва ўстановы

Загаловак у газеце: Часовы прытулак дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».