Вы тут

Паглядзець на інтэрнэт праз іншую прызму


Перагледзеўшы некалькі апошніх матэрыялаў з рубрыкі, заўважыў, што неяк шмат негатыву давялося выказаць у бок інтэрнэту і ўсяго, што з ім звязана. Нават адчуў сябе вінаватым — сам як-ніяк дзіця інфармацыйнай эпохі. Таму варта рэабілітавацца. Ды і нагодаў дзеля гэтага апошнім часам хапае. Вось, скажам, ці чулі вы пра «прызму»? Вядома, не тую, што дэманструюць у школе на ўроках фізікі, калі тлумачаць законы оптыкі. Я пра праграму Prіsma, што зрабіла каманда распрацоўшчыкаў з Расіі і якая ўразіла карыстальнікаў, мабыць, не менш, чым беларускі MSQRD.


Яе магчымасці за лічаныя дні ўзнеслі праграму ва ўсе магчымыя топы, хоць функцыянал яна мае не самы шырокі. Гэта фотарэдактар, якіх сотні ў любой краме дадаткаў. Карыстальнік праграмы выбірае на сваім смартфоне любое фота (звычайна выбар падае на ўласныя здымкі і «сэлфі»), якое пасля дасылаецца на спецыяльны сервер. Там з выявай працуе так званая нейрасетка — спецыяльны алгарытм, які функцыянуе па прынцыпах чалавечага мозга, здольны да саманавучання і ў пэўнай ступені нават «творчасці». На выхадзе карыстальнік атрымлівае фота, стылізаванае пад карціны сусветна вядомых мастакоў: Ван Гога, Шагала, Малевіча, Далі, Мунка, Манэ і многіх-многіх іншых (можна выбіраць з дзясяткаў такіх «эфектаў»). Фактычна, Prіsma пераўтварае фота ў карціну, хай сабе і электронную.

За некалькі тыдняў стужкі сацыяльных сетак запоўніліся тысячамі здымкаў, на якіх кожны вылучаўся, як мог. Нехта нават абхопліваў галаву рукамі і станавіўся на мост, каб паўтарыць кампазіцыю славутага «Крыку» Мунка, нехта шукаў падобныя на «Зорную ноч» Ван Гога пейзажы... Prіsma прымусіла нават тых, хто ніколі не цікавіўся выяўленчым мастацтвам, успомніць даўно забытыя са школьнай праграмы па айчыннай і сусветнай мастацкай культуры імёны. Дзіўна было бачыць у стужках фота дзяўчат, якія раней выкладвалі ў лепшым выпадку дзясяткі сэлфі, здымкі сваіх хатніх жывёл і забаў на выхадных. Бясспрэчна, праграма наўрад ці можа зрабіць вас больш адукаванымі, але разбудзіць цікаўнасць да сапраўднага мастацтва — цалкам верагодна.

Увогуле, сеціва апошнім часам прыемна ўражвае. Асабліва гэта датычыцца сацыяльных сетак. Здаецца, ужо прайшоў час цікаўнасці масавай аўдыторыі да паблікаў са смешнымі карцінкамі, «барадатымі» жартамі, рэцэптамі і парадамі, як стаць паспяховым. З'явіліся суполкі вельмі вузкай і незвычайнай спецыялізацыі. Мне, як аматару гісторыі, падабаецца сачыць за адной з такіх, дзе выкладваюць рознага кшталту матэрыялы пра эпоху позняга СССР і першую палову 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Некаторыя рэчы, якія сустракаюцца там, цяжка знайсці яшчэ дзе-небудзь. Вось днямі выклалі відэа аднаго з выпускаў перадачы «Рок-архіў», якую стваралі амаль 25 гадоў таму на беларускім тэлебачанні. Ну дзе яшчэ такое знойдзеш? Зазначу, што суполка далёка не маргінальная і вузкаспецыялізаваная — у яе больш як 50 тысяч падпісчыкаў. Дызайн, мастацтва, тэхналогіі — што б вас ні цікавіла, абавязкова знойдзецца паблік, які адкрые нямала новага.

А як інтэрнэт вярнуў моладзі цікаўнасць да таго, што адбываецца ў свеце? Карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, проста немагчыма «выпасці з рэальнасці», любая больш-менш важная падзея адразу становіцца прадметам для абмеркавання карыстальнікамі. Апошнія прыклады — тэракт у Ніцы і спроба дзяржперавароту ў Турцыі. Яшчэ ніводны канал не сказаў пра падзеі ні слова, а ў «Фэйсбуку» і «УКантакце» карыстальнікі вялі прамыя трансляцыі з месца падзей! Дарэчы, магчымасць самому стаць адмысловым СМІ — яшчэ адна перавага інтэрнэту.

Той, хто кажа, што сучасная моладзь абсалютна не цікавіцца жыццём краіны і не мае ўласнага меркавання, відаць, не заходзіў у «Твітар» і на шматлікія блогерскія пляцоўкі. Любая больш-менш важная навіна адразу цягне цэлы шквал эмоцый і думак. Вось толькі апошнія прыклады: дэнамінацыя ў краіне, наступствы нядаўніх ураганаў... Таму перад тым, як рабіць высновы і называць інтэрнэт «звалкай смецця», праверце: а ці праз тую прызму вы на яго паглядзелі?

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.