Вы тут

У Навагрудку з'явіцца гасцінічны нумар імя Уладзіміра Высоцкага


Нумар у гасцініцы «Навагрудак», дзе ў свой час спыняўся Уладзімір Высоцкі, стане тэматычным. Яму прысвояць імя паэта і выканаўцы і ўрачыста адкрыюць 24 ліпеня, у дні правядзення рэгіянальнага фестывалю-конкурсу бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў».


Уладзімір Высоцкі жыў у Навагрудку ў жніўні 1969-га падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой».

Спачатку ён пасяліўся ў гатэлі, а затым перабраўся ў прыватны дом на беразе возера Літоўка, куды да яго прыехала Марына Уладзі. Яны былі натхнёныя прыгажосцю і гісторыяй навагрудскай зямлі. Марына Уладзі пісала ў сваіх успамінах, што менавіта тут нарадзіліся тэмы большасці песень ваеннага цыкла Высоцкага. Сёння вядомае возера, апетае яшчэ Адамам Міцкевічам у паэме «Гражына», з'яўляецца цэнтрам турыстычнага маршруту «Сляды рамантыкаў і герояў». На беразе з'явіўся сквер памяці Высоцкага, а турысты любяць зазірнуць у прыватны двор, дзе начавалі закаханыя.

Там была закінутая хата, дзе здымалася шмат сцэн для карціны «Сыны ідуць у бой». «Мы здымалі пад Навагрудкам, ля возера Свіцязь, — расказваў потым рэжысёр Віктар Тураў. — Дык вось, сустрэў я Валодзю і Марыну ў Баранавічах і прывёз на гэтае возера. Была нядзеля, з Баранавіч і Навагрудка панаехала шмат адпачывальнікаў. Ну і як гэта заўсёды ў групе бывае, хтосьці пахваліўся перад кімсьці, што да нас прыедуць Высоцкі і Марына Уладзі. І па пляжы, па возеры пачаліся такі шоргат, шум...

Яны прыехалі, змучаныя фестывалем і дарогай. У мяне быў здымачны дзень, акрамя таго, трэба было зрабіць сякія-такія справы... Я пакінуў іх адных пагуляць у лесе ўздоўж возера. Раптам да мяне прыбягае хтосьці з групы і кажа: «Ведаеш, там біць збіраюцца Высоцкага і Уладзі!» — «Чаму? Што здарылася?» — «А іх, кажуць, прынялі за самазванцаў, таму што ніхто не паверыў, што вось гэтыя двое — Высоцкі і Уладзі». Чамусьці ў тагачаснай публікі існавала ўяўленне, што Высоцкі — вялізнага росту, са шрамам на твары і іншае, і іншае, і іншае. Марына Уладзі ў сваім сціплым някідкім строі выглядала проста абаяльнай жанчынай. Натуральна, яны далёка не цягнулі на гэтакіх суперменаў, якімі яны былі ва ўяўленні нейкай часткі публікі. Гэта спарадзіла падазронасць, і вось за «самазванства» маіх гасцей ледзь не адлупілі».

Сам фестываль разгорнецца на беразе возера 23-24 ліпеня.

У ім возьмуць удзел беларускія аўтары і выканаўцы песень, творчыя калектывы, асноўным напрамкам дзейнасці якіх з'яўляецца захаванне і падтрыманне традыцый бардаўскай музыкі. Удзельнікі паселяцца ў намётавым мястэчку, запланавана конкурсная праграма і канцэрты, сяброўскія сустрэчы ля вогнішча.

Бардаўскія песні будуць ядром свята. Таксама гасцей чакае «Бард-юшка» з майстар-класам па гатаванні галоўнай бардаўскай стравы і танцавальна-забаўляльная праграма. Будзе дзейнічаць кніжная выстаўка «Чалавек, паэт, акцёр», прысвечаная Высоцкаму, і фотавыстава «Навагрудак у 60-я».

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

slaneuski@zviazda.by

Загаловак у газеце: Успомнім Высоцкага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.