Вы тут

Ерэван. Чацвёртыя суткі — перамовы з перапынкамі...


Здаецца, тыя, што захапілі будынак, усё яшчэ спадзяюцца, што будзе падтрымка з боку насельніцтва.

Усё здарылася раніцай 17 чэрвеня, каля 5.30, у паўднёвым раёне Ерэвана Эрэбуні, дзе размяшчаецца полк унутраных сіл патрульна-паставой службы паліцэйскага ўпраўлення Рэспублікі Арменія. Група асоб, узброеных аўтаматычнай зброяй і выбухоўкай (як мяркуецца — баявымі гранатамі), прабілі жалезныя вароты на ўездзе на тэрыторыю палка і прапанавалі службе аховы здацца. Завязаўся кароткі, але жорсткі бой.


У выніку чацвёра супрацоўнікаў паліцыі параненыя, забіты намеснік начальніка палка патрульна-паставой службы Артур Ванаян. Ужо потым, калі захопнікі будынка ППС з дапамогай сацсетак распаўсюдзілі заяву з заклікам да насельніцтва іх падтрымаць, стала ясна, што тыя, хто нападаў — гэта група «Сасна црэр» — прыхільнікі і аднадумцы каардынатара армянскай апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна, не так даўно арыштаванага за незаконнае захоўванне, нашэнне і набыццё агнястрэльнай зброі.

Дакладная колькасць захопнікаў пакуль невядомая. Сам камандзір атрада Павел Манукян сказаў, што ў яго распараджэнні каля роты падрыхтаваных байцоў. Некаторыя крыніцы неафіцыйна называлі канкрэтную лічбу — 24 чалавекі, з якіх адзін моцна паранены. Ён знаходзіўся ў кабіне «КрАЗа», якім таранілі жалезныя вароты палка ППС, моцна ўдарыўся і страціў шмат крыві.

Нападнікі зачыніліся за сценамі захопленага будынка. Там жа былі 8 паліцэйскіх, з якіх чацвёра былі параненыя падчас бою. Туды ж потым прыйшоў і намеснік начальніка гарадской паліцыі Валерый Асіпян, які здаў зброю нападнікам і заявіў, што не пакіне будынак да таго часу, пакуль хоць адзін з яго падначаленых знаходзіцца ў закладніках.

У першы дзень падзеі развіваліся імкліва. Паліцыя перакрыла кардонамі, бранятэхнікай і цяжкімі грузавікамі ўсе праходы да захопленага будынка. Кіраўніцтва армянскай паліцыі пачало перамовы па вызваленні закладнікаў, умовах раззбраення захопнікаў і іх здачы праваахоўным органам. На працягу трохсутачных перамоў атрымалася вызваліць пяць чалавек. Была таксама аказана медыцынская дапамога нападаючаму, які пры захопе будынка страціў шмат крыві.

Сітуацыя ўскладняецца некалькімі сур'ёзнымі абставінамі.

Па-першае, у будынку ППС знаходзіцца арсенал, у якім захоўваецца вялікая колькасць агнястрэльнай зброі.

Па-другое, нападнікі адразу ж выставілі менавіта палітычныя патрабаванні, у якіх адстаўка дзейнага прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна і вызваленне з турмаў усіх асуджаных «па палітычных матывах»...

Па-трэцяе, кіраўніцтва ўзброенай групы, якая захапіла будынак, на нейкім этапе адмовілася працягваць перамовы, паколькі да іх не прывялі іх лідара — таго самага Жырайра Сефіляна, раней арыштаванага. Аднак самае цікавае заключаецца ў тым, што адзін з членаў узброенай групы Павел Манукян, які гутарыў з Сефілянам па тэлефоне, паведаміў, што той параіў сваім прыхільнікам самім вырашаць, што рабіць далей.

«Жырайр Сефілян не ведаў ні аб чым. Я прадставіў сітуацыю, расказаў пра тое, што здарылася. Але ён быў не ў курсе, таму сказаў: «Вырашайце самі», — паведаміў Манукян газеце «Жохавурд».

На другі дзень захопу ў горадзе пачалі развівацца падзеі іншага кшталту. Прадстаўнікі некалькіх маладзёжных і праваахоўных арганізацый празаходняга толку прыклалі максімум намаганняў, каб падняць людзей у падтрымку групы нападнікаў.

Каля 200—300 чалавек (пераважна моладзь) выйшлі на ерэванскую плошчу Свабоды і правялі мітынг. Пасля сутыкнення з паліцыяй мітынгоўцы прайшлі маршам па цэнтры горада, пасля чаго найбольш актыўная частка размясцілася своеасаблівым лагерам прама перад паліцэйскімі кардонамі, якія ачапілі захоплены будынак ППС. Так яны і правялі ўсю ноч — адны насупраць другіх — невялікая група мітынгоўцаў і пастроеныя ў два рады атрады паліцэйскага спецназа.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саркісян на надзвычайным пасяджэнні, скліканым у дзень захопу, жорстка загадаў кіраўніцтву сілавых структур зрабіць усё магчымае, каб не пралілася кроў.

Перамовы працягваліся 20 ліпеня. Сітуацыя вельмі складаная і неадназначная: захопнікі ўсё яшчэ спадзяюцца, што народ усё ж такі выйдзе з дамоў і прыйдзе да іх на падтрымку. У сваю чаргу, улады краіны робяць усё магчымае, каб пазбегнуць абвастрэння сітуацыі, і спадзяюцца вырашыць яе максімальна мірным шляхам. Ну а армянская грамадскасць, у большасці сваёй, асуджае дзеянні ўзброенай групы і лічыць непрымальным вырашэнне палітычных пытанняў краіны недэмакратычным шляхам. На маю думку, куратарамі нападзення на ППС у Ерэване з'яўляюцца не ўнутраныя, а знешнія сілы. Занадта ж падобныя сцэнарыі трагічных інцыдэнтаў у Арменіі і Казахстане, якія здарыліся ледзь не дзень у дзень. Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра спробы дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў дзвюх краінах — членах ЕАЭС. А з улікам небяспечнай сітуацыі ў Турцыі, якой яшчэ доўга расхлёбваць наступствы няўдалага путчу, зразумела, што цяпер сярэднеазіяцкі і каўказскі рэгіёны апынуліся ў эпіцэнтры складанай геапалітычнай гульні — ураўненні з некаторымі вядомымі і шматлікімі невядомымі.

Ірына АБРАЯН, г. Ерэван

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».