Вы тут

Раім схадзіць


Рыцарскі фестываль, фестываль прыродных узораў у Батанічным садзе, спектакль «Паўлінка» і выстава фатаграфій пра балет – афіша «Звязды» з 22 па 28 ліпеня.


Класіка каля ратушы з Velcom

Фота: news.21.by

Дзе: Мінская гарадская ратуша

Калі: 23 ліпеня, 20:00

Колькі каштуе: бясплатна

У гэты вечар каля Мінскай ратушы будуць гучаць бессмяротныя творы А. Вівальдзі, І. С. Баха, Г. Ф. Гендэля, Г. П. Тэлемана ў выкананні малых ансамбляў і аркестравага састава «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам маэстра Дзмітрыя Зубава (Расія).

У канцэрце таксама прымуць удзел вядомыя расійскія музыканты, якія граюць на майстравых барочных інструментах, а таксама салісты Вялікага тэатра Беларусі – Юрый Гарадзецкі, Наталля Акініна, Маргарыта Ляўчук. Салісты з Расіі: Руст Пазюмскі, Яўген Свірыдаў, Канстанцін Якаўлеў.


Міжнародны рыцарскі фестываль «Наш Грунвальд»

Фота: citydog.by

Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі» (Мінская вобласць)

Калі: 23 і 24 ліпеня

Колькі каштуе: 23 ліпеня – 25 руб., 24 ліпеня – 20 руб.; дзеці – 10 руб.; два дні – 38 руб.

Цэнтральнае мерапрыемства фестывалю «Наш Грунвальд» – рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года каля мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і саюзнікамі: Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

Акрамя гістарычнай рэканструкцыі, гасцей фестывалю чакае музычны open-air (на сцэну падымуцца выканаўцы folk, folk- rock, rock і metal-музыкі), кірмаш, майстар-класы па сярэднявечных танцах і вогненнае шоу.


Фестываль прыродных узораў 

Фота: hozyain.by

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (пл. Калініна)

Калі: 24 ліпеня, 10:00

Колькі каштуе: 6 руб.; школьнікі, студэнты, пенсіянеры – 3 руб.

24 ліпеня ў Цэнтральным Батанічным садзе горада Мінска ўпершыню ў Беларусі пройдзе летні фестываль прыродных узораў (мандал).

Каманды фларыстаў, дызайнераў, мастакоў, студэнтаў ВНУ будуць працаваць над стварэннем сваіх унікальных і непаўторных узораў з прыродных матэрыялаў. Удзельнікі будуць выкарыстоўваць жывыя кветкі, лісце, кару, мох, пясок, камяні, галінкі і іншыя прыродныя матэрыялы.

Гасцей фестывалю чакае насычаная праграма, цікавая як для дзяцей, так і для дарослых.

У фінале глядацкім галасаваннем будуць абраныя лепшыя работы, а пераможцам і ўдзельнікам уручаны памятныя сертыфікаты і прызы ад арганізатараў фестывалю. Афіцыйная цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца ў 17:00. Усе работы застануцца на тэрыторыі Батанічнага саду і яшчэ доўгі час будуць радаваць наведвальнікаў.


Спектакль «Паўлінка»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы (ул. Энгельса, 7)

Калі: 28 ліпеня, 19:00

Колькі каштуе: ад 20 руб.

Гэты спектакль першым мог бы патрапіць у кнігу тэатральных рэкордаў: нідзе ў свеце пастаноўка не жыве на адной сцэне амаль 70 год. Па ім можна ствараць асобны слоўнік крылатых выразаў ці пісаць падручнік па акцёрскім майстэрстве.

Прэм'ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1943 годзе.


Выстава «Хваля»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3)

Калі: па 30 ліпеня

Колькі каштуе: удакладняць у касе

14 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё персанальнай выставы Ганны Мурайды «Хваля».

Выстава складаецца з некалькіх серый, аб'яднаных агульнай тэмай і прыёмам. Калажы з паперы, фатаграфій і знойдзеных старых здымкаў абыгрываюць тэму руху: плыні, змены, ператварэння.

Фатаграфіі з паездак змяшаныя са здымкамі, зробленымі ў Мінску і выстаўляюцца ў маленькім пакоі экспазіцыі як цэльны аб'ект. Уносячы змены ў гэтыя здымкі, Ганна Мурайда адлюстроўвае ўкараненне чалавека ў прыроду. 


Выстава фатаграфій «Балет. Пачатак»

Фота: probalet.info

Дзе: Кніжна-выставачная прастора «Кніжная Шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9)

Калі: па 13 жніўня, нядзеля – выходны

Колькі каштуе: бясплатна

Кніжна-выставачная прастора «Кніжная Шафа» прадстаўляе выставу фатаграфіі «Балет. Пачатак» маладога фатографа Вольгі Мароз.

На фатаграфіях адлюстраваны вучні беларускага харэаграфічнага каледжа на ўроках, падчас паўзы, у момант адпачынку, перад выхадам на сцэну. Вользе атрымалася паказаць моманты, якія схаваныя ад гледача: рэпетыцыі ў балетных класах, закуліссе – асноўныя тэмы яе работ.

Вольга Мароз – малады таленавіты фатограф, пераможца міжнародных конкурсаў, працавала над экспазіцыяй выставы «Балет. Пачатак» каля 3 гадоў. За гэты час сабрана шмат цікавага матэрыялу, з якога ўтварылася некалькі асобных фатаграфічных серый. Адну з іх можна будзе ўбачыць на выставе. 


Свабодны музей: гарадскія легенды

Фота: kultprosvet.by

Дзе: Плошча Свабоды

Калі: па 30 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

«Свабодны музей: гарадскія легенды» – праект пра людзей, якія жылі і працавалі ў Мінску, пакінуўшы ў яго гісторыі яркі след. Гаворка ідзе пра герояў нашага часу, чыімі дасягненнямі можна і трэба ганарыцца. У фокусе – навукоўцы, спартсмены, вынаходнікі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: мастакі, літаратары, кампазітары, кінематаграфісты, артысты і іншыя легендарныя, але не вядомыя шырокай аўдыторыі гараджане.

Усяго на плошчы Свабоды размешчана 20 копій шэдэўраў партрэтнага жывапісу з фондасховішча Нацыянальнага мастацкага музея. Кожны партрэт суправодзіць аповяд пра выяўленага на ім чалавека.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.