Вы тут

Карысным можа быць не толькі мёд, але і паветра вулля


На доследным пчальніку Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта побач з вуллямі з'явіўся прыгожы драўляны дамок. На заказ і па чарцяжах ВНУ яго вырабілі ў Шчучынскім раёне, а затым там пасяліліся 6 пчаліных сем'яў. Навошта вуллі размяшчаюцца менавіта ў дамку? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» даведаўся ад кандыдата сельскагаспадарчых навук, навуковага супрацоўніка па пчалярстве Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Мікалая ХАЛЬКО.


— Гэты дамок з'яўляецца апіінгаляторыем, дзе на арганізм чалавека станоўча ўплывае вуллёвае паветра, — расказвае Мікалай Віктаравіч. — Гэтая ідэя ўжо шырока прымяняецца на практыцы ва ўсім свеце. Напрыклад, у Японіі вуллёвае паветра запампоўваюць у спецыяльныя балоны і ім дыхаюць людзі з захворваннямі дыхальнай, нервовай сістэм, скурных покрываў і іншымі.

Разам з Мікалаем Халько заходзім у апіінгаляторый. Яго зрабілі з брусу, уцяплілі. Вулляў не відаць, але яны знаходзяцца зусім побач, пад драўлянымі лавамі — па 3 з кожнага боку. У дамку зроблены адтуліны, праз якія пчолы з яго вылятаюць і потым вяртаюцца назад. А вуллёвым паветрам дамок напаўняецца праз рашоткі з сеткі, якія ёсць на вуллях. Сеў альбо прылёг на лаву — і дыхай. Пры гэтым ты абаронены ад кантакту з пчоламі і не маеш патрэбы ў масцы і ахоўным адзенні.

Праўда, адчуць адметнасць гэтага паветра можна не заўсёды. У халоднае надвор'е, калі пчолы малаактыўныя, вуллёвае паветра не надта араматызаванае. А вось калі пагода...

— Тады гэтае паветра насычана фітанцыдамі (біялагічна актыўныя рэчывы, што ўтвараюцца раслінамі), пахамі траў, кветак, з якіх пчолы збіраюць пылок і нектар, самога мёду, пропалісу, воску... Плюс сама атмасфера мірнага гудзення пчол, калі яны вібрыруюць крыламі для выдалення з вулею вільгаці, — тлумачыць Мікалай Халько. — Усё гэта стварае пэўную аўру, якая аказвае на чалавека заспакаяльны, расслабляючы, араматызуючы эфект, лячэбны пры шэрагу захворванняў.

— Для мяне гэты пчаліны дамок стаў сапраўдным адкрыццём. Заходзіш, а там такі цудоўны пах! — дзеліцца ўражаннямі малодшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Станіслаў ЛЯПЕЕЎ. — Гэты метад трэба развіваць, праводзіць адпаведныя навуковыя даследаванні.

Якія ж перспектывы ў вуллетэрапіі? Мікалай Халько паведаміў, што зацікаўленасць у партнёрстве праявіла беларуская фірма «АйЦіСі Інжынірынг», якая сур'ёзна бярэцца не толькі за выраб домікаў-апіінгаляторыяў, але і адпаведнае суправаджэнне гэтага працэсу. Вуллетэрапіяй павінны зацікавіцца санаторыі і лячэбныя ўстановы адпаведнага профілю, каб выкарыстоўваць яе ў аздараўленчых мэтах.

— Тут павінен быць сімбіёз пчаляроў і медыкаў, — лічыць Мікалай Халько. — Мы, як спецыялісты ў галіне пчалярства, забяспечваем саму даступнасць гэтага працэсу, а ўжо непасрэдна аздараўленчыя паслугі павінны аказвацца пад кантролем урача, паколькі ў некаторых людзей ёсць алергія на прадукты пчалярства, іншыя проціпаказанні.

Мажліва, тут у якасці доследнай пляцоўкі і паслужыць пчаліны дамок Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Тым больш што зрабілі яго з такім разлікам, каб, нягледзячы на памеры (2,9 метра на 2,2 метра), можна было перавезці з аднаго месца ў іншае. Каб трапіць са Шчучынскага раёна ва ўніверсітэцкі пчальнік, скарысталіся легкавым аўтамабілем з лаветай.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пчаліны дамок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».