Вы тут

Ігар Луцкі: "Агітацыя павінна быць па законе"


Перадвыбарная гонка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пачынае набіраць абароты. Ініцыятыўныя групы сфарміраваныя, і ўжо ідзе збор подпісаў за ўдзел у выбарах кандыдатаў у дэпутаты. У хуткім часе вызначацца ўдзельнікі выбараў і пачнецца агітацыя сярод насельніцтва, у якой будуць задзейнічаны ў тым ліку і СМІ. За апошнімі будзе пільна сачыць створаны Назіральны савет. Першы намеснік міністра інфармацыі і старшыня Назіральнага савета па кантролі за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ Ігар Луцкі падрабязна расказаў карэспандэнту «Звязды» пра тое, чым менавіта будуць займацца члены Савета падчас перадвыбарнай кампаніі, а таксама выказаў свае рэкамендацыі для СМІ ў гэты перыяд.


— Якім чынам Назіральны савет ажыццяўляе сваю дзейнасць? Што ён менавіта адсочвае?

— Назіральны савет у складзе старшыні, намесніка, сакратара і членаў прызначаецца пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК). Савет па сваіх функцыях назірае за тым, як праходзіць асвятленне выбараў у краіне. Міністэрства інфармацыі таксама праводзіць маніторынг у рамках выканання Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі»; у тым ліку мы назіраем за тым, што адбываецца ў працэсе асвятлення падрыхтоўкі і правядзення выбараў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Таксама маніторынгам займаецца і Беларускі саюз журналістаў (БСЖ). Калі казаць канкрэтна, то Назіральны савет сочыць за тым, каб у краіне былі забяспечаны аднолькавыя прававыя магчымасці для агітацыі сярод кандыдатаў у СМІ.
Любы кандыдат у дэпутаты можа звярнуцца са сваім пытаннем аб працы сродкаў масавай інфармацыі па асвятленні выбараў у Назіральны савет, і мы не пакінем гэта без увагі.

Савет можа разглядаць таксама спрэчкі, якія ўзнікаюць падчас асвятлення ў СМІ дзейнасці кандыдатаў у дэпутаты. Акрамя таго, мы можам даваць рэкамендацыі і заключэнні. Пры гэтым апошняе слова ў любой спрэчцы заўсёды застаецца за ЦВК.

— Наколькі больш складана сачыць за парадкам правядзення агітацыі ў СМІ ў час шырокага доступу да інтэрнэту?

— Работа стала больш складанай з-за таго, што з'явілася шырокае поле для ахопу і маніторынгу. Міністэрства інфармацыі і Назіральны савет гэтую работу праводзяць. З улікам таго, што ў нас ёсць папулярныя рэсурсы, на якіх часцей за ўсё грамадзяне абменьваюцца думкамі не толькі ў момант выбараў, але і ў любы іншы час, менавіта яны і аналізуюцца ў першую чаргу. Але трэба разумець, што закон аб СМІ для ўсіх аднолькавы і адпаведна ўсе артыкулы закона распаўсюджваюцца на інфармацыйныя рэсурсы ў інтэрнэце, за выключэннем пытанняў рэгістрацыі. Таму ў нас з пункту гледжання заканадаўства аднолькавы падыход да назірання за ўсімі відамі СМІ, незалежна ад таго, друкаваныя яны, электронныя або тэлевізійныя.

Варта адзначыць, што сацыяльныя сеткі ахапіць досыць складана. Але пакуль што асаблівай агітацыйнай актыўнасці там не праяўляецца.

— Якія СМІ (інтэрнэт, друк, радыё, тэлебачанне) сёння найбольш папулярныя для вядзення агітацыйнай дзейнасці сярод кандыдатаў у дэпутаты?

— Друкаваныя СМІ, радыё і тэлебачанне сёння пакуль яшчэ застаюцца найбольш актыўнымі крыніцамі агітацыі, аднак інтэрнэт «наступае», і яго нельга здымаць з рахункаў. Варта таксама адзначыць, што, згодна з Выбарчым Кодэксам Рэспублікі Беларусь, дакладна размеркаваны аб'ёмы інфармацыйных паведамленняў і час для правядзення бясплатнай агітацыі сярод насельніцтва ў СМІ. Усё гэта прапісана ў Палажэнні аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, якое прынята ЦВК. У ім вызначаны друкаваныя СМІ, у якіх кандыдат можа апублікаваць перадвыбарную праграму. Таксама там пазначана, што кандыдатам у дэпутаты прадастаўляецца эфірны час для тэледэбатаў і для выступленняў на радыё і ТБ. Гэта зроблена для таго, каб ураўняць доступ кандыдатаў да СМІ і зрабіць выбары максімальна аб'ектыўнымі.

— А калі ў кандыдата ёсць старонка ў сацыяльнай сетцы, на якой ён вядзе агітацыю сярод сваіх падпісчыкаў, ці будзе адбывацца назіранне за ёй?

— Кандыдату ў дэпутаты не забараняецца выкарыстоўваць сацыяльную сетку пры ўмове, што ў агітацыйную дзейнасць не будуць укладвацца матэрыяльныя сродкі. Можна параўнаць гэта з тым, як праводзяцца агітацыйныя пікеты на вуліцы ці як некаторыя наведваюць дамы патэнцыйных выбаршчыкаў. Хтосьці гэта робіць, а хтосьці — не. У выпадку, калі ў агітацыю ў сацыяльнай сетцы ўкладваюцца сродкі, то гэта павінна быць зроблена афіцыйна, бо на правядзенне агітацыі, згодна з законам, ствараецца фонд у памеры 1000 базавых велічынь, што сёння складае 21 тысячу дэнамінаваных беларускіх рублёў. Дарэчы, выкарыстоўваць сродкі гэтага фонду можна на правядзенне агітацыі ў любым СМІ і ў любым аб'ёме. Гэта значыць, кандыдат можа выдаткаваць усе сродкі фонду на агітацыю, скажам, у газеце, не звяртаючыся да паслуг радыё або тэлебачання. Галоўнае — не выйсці за ліміт вызначаных законам сродкаў.

— Чаму ў Савет не ўвайшлі прадстаўнікі прыватных СМІ і БАЖ?

— Яны першапачаткова не падалі заяўкі ў ЦВК. Міністэрства інфармацыі накіравала свае прапановы ў ЦВК, і яны былі разгледжаны і задаволены. Ужо пасля разгляду прапановы ў Цэнтрвыбаркаме міністэрства накіравала свой запыт і БАЖ. Чакаецца, што ў бліжэйшы час ЦВК прыме рашэнне аб тым, ці будуць уключаны прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў у склад Назіральнага савета.

— Якія рэкамендацыі для СМІ і кандыдатаў у дэпутаты вы можаце даць падчас перадвыбарнай гонкі: што неабходна рабіць, а чаго трэба пазбягаць?

— Кандыдатам у дэпутаты варта памятаць пра тое, што напісана ў артыкуле 47 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. У любым асяроддзі распаўсюджвання інфармацыі неабходна выконваць умовы артыкула. Агітацыйныя перадвыбарныя матэрыялы, агітацыйныя матэрыялы па рэферэндуме, выступленні на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё не павінны ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты. Таксама забараняюцца агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія абуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць. У выпадку невыканання гэтых умоў прымяняюцца меры, у тым ліку і да СМІ.

Усім журналістам і кіраўнікам СМІ, якія займаюцца асвятленнем перадвыбарнай кампаніі і размяшчэннем агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты, варта абавязкова азнаёміцца з артыкуламі 45, 46, 47 Выбарчага Кодэкса Беларусі.

Таксама не трэба мэтанакіравана сутыкаць супрацьлеглыя пункты гледжання і ствараць канфліктныя сітуацыі. На мой погляд, выбарчая кампанія мусіць праходзіць максімальна аб'ектыўна і справядліва пры асвятленні яе журналістамі. Але перш за ўсё варта выконваць закон і пастановы ЦВК. Усім кіраўнікам СМІ я таксама раю праводзіць семінары са сваімі журналістамі, каб яшчэ раз абмеркаваць пытанні правядзення агітацыі ў перыяд выбараў.

Што тычыцца кандыдатаў у дэпутаты, то, улічваючы, што гэта выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кандыдатаў чакае барацьба за галасы выбаршчыкаў пэўнай акругі, на мой погляд, вельмі важна весці агітацыйную дзейнасць у рэгіянальнай прэсе. Гэта значыць, выкарыстоўваць СМІ там, дзе агітацыйныя матэрыялы будуць даходзіць да патэнцыйнага выбаршчыка.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Агітацыя павінна быць па законе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».