Вы тут

Практычныя рэкамендацыі па бяспецы дзяцей


Дзеці і дарослыя маглі б пазбегнуць многіх траўмаў. Спецыялісты даюць некалькі практычных рэкамендацый.

Да канца года па краіне плануецца адкрыць цэнтры бяспекі для павышэння інфармаванасці бацькоў (на базе РНПЦ «Маці і дзіця», а таксама ва ўсіх абласцях). Гэта будзе навучанне правілам паводзінаў і дома, і на вуліцы, і наогул... Бо сёння бацькі так устурбаваныя, напрыклад, тым, з якога матэрыялу зроблены матрац ці ложак, што забываюцца пра не менш важнае: апускаць матрац на больш нізкі ўзровень па меры таго, як дзіця падрасло. Словам, не хапае нам ведаў. І многія каментарыі ў сацыяльных сетках да артыкулаў, звязаных з нядаўнімі падзеннямі дзяцей з вокнаў, паказваюць, наколькі моцна кульгае ўяўленне аб тым, што ды як трэба рабіць дзеля бяспекі.


Вось асноўнае, на што трэба звярнуць увагу.

Дарожна-транспартныя здарэнні. З гэтай прычыны з пачатку года ўжо загінулі 168 чалавек і атрымалі траўмы 1921 чалавек.

* Набывайце дзіцячыя крэслы. Незалежна ад таго, дзе вы або вашы дзеці сядзіце — прышпільвайце і прышпільвайцеся, бо на заднім сядзенні таксама можна атрымаць несумяшчальную з жыццём траўму.

* Перачакайце дрэннае надвор'е. Імкніцеся пазбягаць руху ў цёмны час сутак.

* Вам нельга садзіцца на матацыкл, калі вы не ўсведамляеце, што на высокай хуткасці можа занесці так, што загіне той, хто стаяў, здавалася б, удалечыні.

* Калі вы веласіпедыст, то выконвайце адпаведныя правілы руху, пацікаўцеся, з якога боку вы павінны рухацца. Калі вы пешаход, не хадзіце па дарожках для веласіпедыстаў — гэта нават проста дрэнны тон.

* У цёмны час сутак карыстайцеся флікерамі.

* На якім бы відзе транспарту вы ні рухаліся, ніколі не забывайце пра ўсемагчымыя ахоўныя сродкі.

Утапленні. Гэта самая распаўсюджаная прычына гібелі нашых дзяцей ад траўмаў. Сёлета ўжо патанулі 19 дзяцей (летась было 14). Загінулі такім чынам і 154 дарослыя.

— Утапленне можа быць як у натуральным вадаёме (рэчка, возера), так і ў канале, у канавах, калодзежы і нават быў адзін няшчасны выпадак у ванне, — кажа намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід ЛОМАЦЬ. — На базе нашай установы створаны Рэспубліканскі спінальны цэнтр для пацыентаў з траўмамі і захворваннямі пазваночніка. Кругласутачная экстранная брыгада гэтага цэнтра выязджае ва ўсе рэгіёны на выклікі, звязаныя з траўмамі, атрыманымі падчас нырання, а гэта пералом пазваночніка, сцісканне спіннога мозга. Выклікаў сёлета нават больш, чым летась, а ў сярэднім бывае каля 300 у год. У палове выпадкаў аперацыі пры пераломах пазваночніка праводзяцца на месцы — для гэтага ёсць магчымасці ў рэгіёнах. Буйное аддзяленне для пацыентаў з такімі траўмамі адкрыта ў Гомельскай вобласці. У складаных выпадках, калі, напрыклад, патрабуецца не адно хірургічнае ўмяшанне, пацыент дастаўляецца ў рэспубліканскі цэнтр.

* Растлумачце дзецям, што ныраць небяспечна. Памятайце, што яны ўхітраюцца паказваць майстар-клас на такім мелкаводдзі, дзе толькі адны гусі плаваюць.

* Будзьце пільнымі і адзін да аднаго. Каб вы не сталі сведкам такога дзікага выпадку, які здарыўся не так даўно. Мужчына добра выпіў, пайшоў купацца і ўдарыўся падчас купання галавой. Тыя, з кім ён быў, параілі выпіць яшчэ, той выпіў, зноў нырнуў і зноў ударыўся. Падчас трэцяй спробы ўжо зламаў шыю...

Падзенні з вышыні. У апошнія гады з гэтай прычыны гіне каля 15 дзяцей у год. У першую чаргу, варта прыгадаць нядаўнія выпадзенні малых дзяцей з вокнаў шматкватэрных дамоў. Дасканалае вывучэнне кожнай сітуацыі гібелі і ратавання адной дзяўчынкі засяроджваюць увагу на некалькіх момантах. Галоўны з іх — неабачлівасць дарослых.

* Новыя шклопакеты вельмі лёгка паддаюцца дзецям. Неабходна ўстанаўліваць вокны з запорамі, якія будуць абмяжоўваць магчымасць адкрыцця вокнаў малымі.

* Прыбірайце любую мэблю на балконе і ў пакоях, якую дзіця лёгка можа выкарыстаць як прыступку. У большасці выпадкаў дзеці, якія выпалі з вокнаў, скарысталіся нейкімі дапаможнымі сродкамі, а далей супраць іх спрацавала недасканалая каардынацыя. Дзяўчынку, якая выжыла пасля такога падзення, выратавала маскітная сетка, на якой яна нібы планіравала.

— Пры ацэнцы ўзроставай структуры дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын, высвятляецца, што найменшыя поспехі ў забеспячэнні бяспекі дасягнуты ў групе ад 0 да 4 гадоў, — адзначае загадчыца лабараторыі клінічнай неанаталогіі, рэабілітацыі нованароджаных і дзяцей першага года жыцця РНПЦ «Маці і дзіця» Таццяна ГНЯДЗЬКО. — Калі ў старэйшых групах усё ж такі праводзіцца нейкая прафілактычная работа, то тут усё цалкам залежыць толькі ад бацькоў, а яны часта не ведаюць, што і як трэба рабіць.

Не пакідайце дзяцей не тое што на хвіліну — на секунду. Не пакідайце іх і на старэйшых дзяцей. Майце на ўвазе, нярэдка бывае, што недагледзелі за дзецьмі нават бабулі і дзядулі.

* Ніколі не пакідайце дзіця без нагляду каля вады. Для самых малых глыбіня на ўзроўні 20 см — гэта ўжо небяспечна! Пажадана закрываць басейны, устаноўленыя на дачах, рабіць іх недаступнымі ў той час, калі вы не можаце быць побач. Не пакідайце каля басейна цацкі, якія могуць упасці і справакаваць у дзіцяці жаданне іх дастаць. Калі ваша дзіця ў ванне, басейне ці любой іншай вадзе, а вам трэба адысці на хвілінку, бярыце дзіця з сабой.

* На дзіцячай пляцоўцы не пакідайце дзяцей адных, нават самых паслухмяных і занятых сваёй справай. Перасоўвацца па пляцоўцы трэба следам за малым. Дзіця павінна быць на адлегласці выцягнутай рукі.

* З уваходам у наша жыццё манет трэба памятаць аб магчымасці траўматызацыі страўнікава-кішачнага тракта. Любы дробны прадмет не павінен трапляць у рукі дзіцяці да 3 гадоў, якія ўсё спрабуюць на смак! Вызначце месца для сумак, у якіх захоўваюцца кашалькі, і прывучыце гасцей класці сумкі туды, куды дзіця не дацягнецца.

* Памятайце, што самыя небяспечныя памяшканні ў любым доме — кухня і ванны пакой. Тут дзіця ніколі не павінна знаходзіцца адно. У ванным пакоі, па меншай меры, пакладзіце на падлогу гумавы дыванок. Устанавіце абарончыя экраны каля пліты на кухні. Або гатуйце, пакуль дзеці не падрастуць, на задніх фаерках. Сродкі бытавой хіміі трэба старанна хаваць. Шафы павінны зачыняцца так, каб адчыняць маглі толькі дарослыя. Абмежаваць дзіця ў свабодным руху дапамогуць хадункі і манеж.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Ні на секунду!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?