Вы тут

Жменька памяці


У мяне не раз узнікала думка занатаваць успаміны аб сваіх продках. На жаль, мы часта не звяртаем увагі на тых, хто побач. Здаецца, што так будзе вечна. А час бязлітасна забірае блізкіх і дарагіх людзей, з якімі недагаварыў, якіх пра многае не паспеў распытаць, не выслухаў...


Іван Іо­сі­фа­віч ЛІ­ХА­ДЗІ­ЕЎ­СКІ  (да­ва­ен­ны фо­та­зды­мак).

Бабуля майго таты, Валянціна Іванаўна Казлоўская, жыве ў вёсцы Альхоўка, што ў Любанскім раёне. Яе бацька, мой прапрадзед, загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Іван Ліхадзіеўскі нарадзіўся ў 1904 годзе, меў польскія карані. Яго бацькі, Марыя Вячэра і Іосіф Ліхадзіеўскі, былі беззямельнымі палякамі, жылі ў вёсцы Рачэнь. Прапрадзед ажаніўся з Антанінай Гуткоўскай і пераехаў жыць у вёску Альхоўка, дзе сям'я пабудавала дом.

Мае продкі былі шчырымі працаўнікамі: з раніцы да вечара — у полі. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Самы меншы хлопчык, Вячаслаў, з'явіўся на свет перад самай вайной — у 1939 годзе. У сям'і выхоўваліся таксама тры дачкі. Жылі вельмі сціпла і проста.

Калі пачалася вайна, стала яшчэ цяжэй. Карову, галоўную карміліцу сям'і, забралі мясцовыя ўлады з агаворкай: «Усё для фронту». Нягледзячы на голад, чым маглі, дапамагалі партызанам, якія наведваліся ў вёску. Хлеб пяклі, дабаўляючы ў муку дубовую кару, варылі суп з лебяды і крапівы. Вялікім святам была на стале куцця, бульба, бліны.

Прапрадзеда Івана забралі ў Чырвоную Армію 22 ліпеня 1944 года, калі Беларусь ужо вызвалілі. Яго дачка памятае, што ў той дзень гаспадар рамантаваў дах у доме. Маці разам з іншымі жанчынамі працавала ў полі. Да двара пад'ехала машына, афіцэр растлумачыў, што ідзе мабілізацыя і Іван павінен зараз жа паехаць з імі. Той толькі і паспеў узяць з хаты пашпарт ды развітацца з дзецьмі. Аб тым, што муж пайшоў на фронт, жонка даведалася толькі вечарам, калі вярнулася дадому з поля.

Жанчына сабрала для мужа самае неабходнае, крыху ежы і пешшу накіравалася за 30 кіламетраў, на чыгуначную станцыю ў вёсцы Урэчча, адкуль усіх прызыўнікоў накіроўвалі на фронт. Старэйшая дачка з дапамогай старой бабулькі-суседкі павінна была даглядаць у гэтыя дні малодшых дзяцей. Калі праз чатыры дні маці вярнулася дадому, нечаканая бяда сустрэла на парозе: за дзень да гэтага невядома ад чаго памёр маленькі хлопчык, меншая дачка ляжала непрытомная і хутка памерла таксама. Так у 12 гадоў мая прабабуля стала галоўнай памочніцай сваёй маці. Уся цяжкая праца па гаспадарцы выпадала ёй. Яна завіхалася на агародзе, нарыхтоўвала дровы, гатавала ежу, а зімовымі вечарамі вучылася грамаце.

Па­ха­валь­ная...

Іван Ліхадзіеўскі трапіў у 132-ю стралковую дывізію. Ішлі баі за вызваленне Польшчы. Жонка напісала яму пра раптоўную смерць дзяцей. Як потым расказаў аднавясковец, Якуб Бахановіч, з якім разам служыў прапрадзед, ён цяжка перажываў гэту навіну. У той дзень 28 кастрычніка, якраз перад наступленнем, землякі доўга размаўлялі, успамінаючы сваіх блізкіх, родную вёску. На жаль, гэта размова была апошняй для майго продка... У пахавальнай, якую атрымала жонка, было сказана, што Іван Іосіфавіч Ліхадзіеўскі загінуў у баі 28 кастрычніка 1944 года пад Варшавай. Дзе ён пахаваны, дакладна было невядома.

Мой тата, Аляксандр Казлоўскі, яго праўнук, вырашыў заняцца пошукамі месца, дзе можа быць пахаваны прадзед. Былі накіраваны запыты ў адпаведныя ўстановы і грамадскія арганізацыі. У выніку стала вядома, што Іван Ліхадзіеўскі пахаваны ў польскім горадзе Яблонь. Разам з 300 салдатамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія загінулі ў тым баі, ён спачывае ў брацкай магіле.

Спадзяёмся, што гэтым летам наша сям'я наведае месца, дзе пахаваны наш продак і яго аднапалчане — звычайныя беларускія салдаты, сціплыя працаўнікі. Мы абавязкова пакладзём на брацкую магілу жменьку беларускай зямлі, каб яго душа адчувала, што мы памятаем, ганарымся і застанемся назаўсёды абавязанымі і ўдзячнымі за сіняе мірнае неба і шчаслівае дзяцінства.

Ганна КАЗЛОЎСКАЯ, г. Салігорск

Фота з архіва сям'і Казлоўскіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.