Вы тут

Як працуе праект Whіte Room


Новая «маладая» экспазіцыя адной з найцікавейшых выставачных пляцовак Мінска.

Цэнтр сучасных мастацтваў, што на Някрасава, не так даўно запусціў праект Whіte Room. Гэта асобная прастора ў сценах будынка цэнтра, якая прапануе супрацоўніцтва маладым людзям, што хочуць паказаць публіцы сваю творчасць. Мастакі, фатографы, дызайнеры, прадстаўнікі розных напрамкаў contemporary art могуць дасылаць свае партфоліа куратарам праекта і разлічваць на пляцоўку, дзе будуць мець магчымасць бясплатна выстаўляцца на працягу месяца.


Першым мерапрыемствам праекта Whіte Room яшчэ ў маі стала персанальная фотавыстава Лесі Пчолкі. А ў сярэдзіне ліпеня ў НЦСМ адкрылася ўжо другая экспазіцыя Whіte Room, якую можна паглядзець і сёння, — праект «Хваля» мастачкі Ханны Мурайды.

Для сферы культуры фармат Whіte Room — даволі даступны і «дэмакратычны» — павінен стаць у нейкім сэнсе жыватворным. Цэнтр сучасных мастацтваў за свой пакуль нядоўгі тэрмін існавання стаў важнай пляцоўкай у беларускай артпрасторы, і такі крок насустрач аўтарам выглядае цалкам лагічным і прадказальным працягам яго дзейнасці. Цэнтр шчыра вітае і падтрымлівае маладых творцаў у сучасным мастацтве.

Калі буйная ўстанова кшталту НЦСМ так відавочна акрэслівае сваю палітыку ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца на пачатку творчага шляху, гэта можна лічыць тэндэнцыяй.

Whіte Room у пэўным сэнсе адмяняе традыцыйныя складанасці і паказвае, што выставіцца можна, і лягчэй, чым думаецца. Прыемная перспектыва для маладых — на выгадных умовах паказаць сябе на адной з самых вядомых мінскіх пляцовак. Тым не менш якасны адбор, вядома ж, прысутнічае, а гэта ўжо азартны складнік, і, гледзячы на тых дзвюх аўтарак, якія змаглі паўдзельнічаць у Whіte Room, персанальныя выставы ў НЦСМ не сталі для іх першым выхадам у свет.

Ханна Мурайда некалі была Ганнай Бацюковай. Скончыла Акадэмію мастацтваў у Мінску, потым з'ехала вучыцца ў Германію, цяпер жыве і працуе ў Аўстрыі. Калі за мяжой беларускае імя Ганна перайначылі на Ханну, аўтарка ўзяла псеўданім, за чым стаіць і новае жыццё, і імкненне «наперад і наперад». Якраз тады па словах Ханны Мурайды пачаўся яе праект.

Выстава «Хваля» (зала НЦСМ — не першая пляцоўка, на якой экспазіцыя аказалася прадстаўленай) — гэта некалькі серый калажоў з паперы, архіўных і лічбавых фотаздымкаў, а таксама палароідных. «Сусветны акіян», «Цунамі», «Прыліў», «Хвалі памяці». Гэта скрупулёзна пафарбаваная папера, падбор і сумяшчэнне розных колераў, месца разрыву паперы як рух вады, фотаздымкі невялікага фармату, няроўныя і рваныя лініі стыхіі і ў супрацьстаянне ім непарушныя прамыя. Выглядае прыгожа.

— Мой праект пачаўся як гульня. У той час, калі я займалася вялікімі формамі, пісала алеем, усё было вельмі сур'ёзна, паралельна крыху гуляла з паперай, — сказала на адкрыцці выставы аўтарка. — І мне вельмі спадабалася задавальненне ад разрывання паперы, якое сядзіць глыбока ў нас. У гэтай гульні з'явіўся прыём, потым пачаў расці праект, які складаецца з фотаздымкаў, паперы, дрэва — розных матэрыялаў. Для серыі «Сусветны акіян» мне трэба было крыху падрыхтавацца. Я прагледзела google maps, звярнула ўвагу на тое, што людзі здымаюць, калі гаворка ідзе пра акіян, якім ён бывае ў вачах іншых людзей, якія бываюць палітры колераў. Я фарбавала шмат лістоў паперы, сумяшчала іх. Атрымалася шмат работ, якія паказваюць, як мы бачым наш свет. Гэта праект аб прыродзе, людзях, пра мяне і пра ўражанні, якія мы адно на аднаго робім.

«Хваля» сапраўды не вылучаецца грандыёзнымі аб'ёмамі і манументальнасцю выканання. Якраз наадварот: праект выглядае настолькі ж стыхійным, як сам сусветны акіян; настолькі ж кампактным, як карты google maps, настолькі ж «душэўным», як асацыяцыі з морам.

Мастачка лічыць, калі абстрагавацца ад таго, на што мы глядзім, можна заўважыць, што мы бачым свет у круглым абадку — гэта абумовіла і форму пэўных работ. У нашага зроку, лічы, ёсць форма. І яна, дзякуючы колерам, архіўным фотаздымкам, тэме, адсылае да найпрыгажэйшых і, магчыма, самых дзіўных сваіх увасабленняў. Да самой планеты, непадуладных прыродных з'яў кшталту цунамі, да кола сяброў, да цыклічнасці, да колазвароту. І да спакою, ад якога не пазбавіцца на выставе і які так дысануе з уласна хваляй.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».