Вы тут

"Тэатр выратоўвае маральна". Рэпартаж з папраўчай калоніі


Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі тэатральнай студыі,  якая дзейнічае ў гомельскай папраўчай калоніі №4.

...Гасне святло. Рэпетыцыя завершана. Яркі пейзаж з фантанамі і лебедзямі на аднай са сцен вялікай, прамавугольнай залы клуба калоніі адразу блякне. На сцэне застаецца толькі стол і прыстаўленыя да яго два крэслы. Жанчыны хуценька накідваюць на плечы блакітныя ватоўкі і выходзяць на вуліцу. Да іх атрадаў, дзе пражываюць асуджаныя, тут рукой падаць. Але нехта на сваім шляху спыняецца ў курылцы і праз лічаныя секунды, у кампаніі знаёмых, зацягваецца цыгарэтай. Не ведаю, ці трымаюць яны ў галаве тое, што гадзіну-другую рэпетавалі, паўтаралі, прагаворвалі на сцэне. Але, напэўна, многія, для каго знаходжанне тут — трагедыя, незразумелая памылка, гэтым вечарам думаюць пра адно і тое: завяршаецца яшчэ адзін дзень, які пакрысе набліжае зняволеных да галоўнай падзеі цяперашняга этапу іх жыцця — вызвалення.


«Асуджаныя на сцэне прафесійнага тэатра — беспрэцэдэнтны выпадак»

Пра папраўчую калонію №4, куды мы паехалі, чулі многія. Усё ж такі ў Беларусі толькі дзве жаночыя турмы. Адна пад Рэчыцай, у Зарэччы, а другая тут, у горадзе над Сожам, куды накіроўваюць, як кажуць паміж сабой зняволеныя, першаходаў, тых, хто ўпершыню апынуўся за кратамі. Утрымліваюць іх у гомельскай калоніі ў добрых умовах: працуе крама, цырульня, ёсць спартыўная зала, пабудавалі царкву... Як і ў звычайным жыцці, у калоніі таксама працуюць. На мясцовай швейнай фабрыцы шыюць уніформу пераважна для сілавікоў. Задзейнічаныя ў праекце «Тэатр у турме» спачатку ідуць на працу, а ўжо пасля сваіх змен рушаць на рэпетыцыю ў клуб. І так па некалькі разоў на тыдзень.

З галоўным рухавіком і рэалізатарам гэтага праекта ў Гомелі акцёрам і рэжысёрам Аляксеем Бычковым мы сустрэліся за некалькі гадзін да рэпетыцыі. Ён прымае нас у прасторнай грымёрцы Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. У той самай, у якой калісьці пераадзяваліся турэмныя актрысы перад першай у сваім жыцці тэатральнай прэм'ерай. Гэта было 12 снежня 2005 года, на дзявяты месяц яго ўдзелу ў праекце.

— Шведскі артыст Ён Ёнсан актыўна ставіў спектаклі ў турмах Швецыі і Злучаных Штатаў Амерыкі, — прыгадвае спадар Аляксей. — Прыехаў і ў Беларусь. Падчас наведвання калоніі ў Гомелі ўзнікла жаданне стварыць тэатральную пастаноўку з удзелам асуджаных жанчын. З ім была група шведаў, якія вялі перамовы з дэпутатам, старшынёй клуба «Дзелавыя жанчыны Беларусі» Таццянай Сафроненкай. Сярод іх аказаўся прафесійны рэжысёр Саша Нордштрэм, спектаклі якога ішлі і ў Беларусі, і ў Расіі. Ім неабходны быў чалавек, які б паставіў спектакль у Гомелі. Прапанавалі мне, і я пагадзіўся.

Для пастаноўкі Нордштрэм парэкамендаваў змрочны твор Федэрыка Гарсія Лоркі «Дом Бернарда Альбы». Бычкоў гэты тэкст недалюбліваў яшчэ са студэнцтва і ўзамен прапанаваў паставіць «8 любячых жанчын», дэтэктыўную п'есу француза Рабера Тама. І не адзін акт, як яму прапанавалі, а цэлую п'есу. У адказ ён пачуў: «Калі ласка». І праца пайшла.

— На кастынг па сваім жаданні прыйшло чалавек 40—50, — узгадвае рэжысёр. — Чыталі мне вершы (хаця многія нават школьныя не маглі прыгадаць), ставіў перад імі розныя задачкі. Пасля гэтага прагляду засталося 15 чалавек, а да рэпетыцыі прыступілі 11. Працавалі з сакавіка па лістапад. Памятаю, як восенню нас папрасілі паказаць, што мы маем. І пасля прагляду Таццяна Сафроненка была так уражана, што сказала праз месяц абавязкова паказаць усё на вялікай сцэне.

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак. Зняволеных прывезлі ў тэатр не як гледачоў, што таксама па сутнасці немагчыма, а як акцёраў. Як успамінае спадар Аляксей, міліцыя ачапіла палову паверха, дзе грыміравалі артыстаў. Скрупулёзна правяралі памяшканні. Для гэтага нават нарад з сабакам выклікалі. Інтарэс быў каласальны.

— Пра прэм'еру не напісала, напэўна, толькі самая лянівая газета. Што казаць, калі сюжэт пра яе людзі бачылі па тэлебачанні нават у ЗША.

Многія хацелі трапіць у абласны драматычны тэатр, але па зразумелых прычынах афішу не друкавалі. У зале знаходзіліся толькі блізкія акцёраў, калегі Бычкова, супрацоўнікі калоніі і куратары праекта. Пастаноўку ўспрынялі на «выдатна» і нават вырашылі паказаць яе ў Мінску.

— Пасля спектакля я напісаў дакументальную аповесць, у якой за аснову ўзяў лісты акцёраў, напісаныя па маёй просьбе. Сярод іх была толькі адна жанчына, якая дазволіла выкарыстоўваць сваё прозвішча. Пасадзілі яе, дарэчы, за забойства мужа-дэспата. На пэўны час праект спыніўся, але пасля зноў адрадзіўся. Трэба было рыхтаваць новы спектакль. І, ведаеце, я вярнуўся да п'есы Лоркі, якую не прымаў раней. Толькі ўжо ведаў, пра што будзе пастаноўка. У змроку і непрабуднасці, якая пануе ў гэтым творы, я ставіў спектакль пра любоў.

— Спадар Аляксей, а вы калі-небудзь задумваліся, з кім вам насамрэч прыходзіцца працаваць?

— Не, і ніколі сам не ўнікаў у тое, хто і за што атрымаў тэрмін. Хоць журналісты пасля першай прэм'еры падлічылі, што агульны тэрмін зняволення ўсіх занятых у спектаклі складаў 120 гадоў. Атрымліваецца, што асноўны касцяк складалі забойцы. Я ніколі не лез да іх з пытаннямі. Калі нехта хацеў, ён сам мне адкрываўся ў размове.

За 11 гадоў працы Аляксей Бычкоў паставіў з асуджанымі 7 спектакляў. Шмат эксперыментаваў. Заахвочваў сваю жонку, прафесійную актрысу, і нават мужчын-супрацоўнікаў выпраўленчай калоніі. Яшчэ два спектаклі сарваліся. У адным выпадку праца ўжо блізілася да свайго лагічнага завяршэння, удзельнікі вывучылі тэкст, як галоўная гераіня нечакана заўпарцілася і адмовілася іграць.

— Я верыў у гэтага чалавека, шмат яму даў, — кажа рэжысёр. — У выніку кіраўніцтва калоніі вырашыла распусціць трупу. Нават гукарэжысёра знялі. Мне ўдалося адстаяць толькі двух чалавек.

«Сонца свеціць усім. Нават за кратамі»

Цяпер Бычкоў і яго актрысы працуюць над п'есай «Сонца свеціць усім», дзеянне якой адбываецца ў псіхіятрычнай бальніцы. Мы якраз апынуліся ў клубе, калі актрысы збіраліся рэпетаваць сцэну з удзелам галоўнага ўрача бальніцы і яе дачкі. На сцэне — два героі. Маці, якая працуе ўрачом, і дачка, што прыйшла яе наведаць.

— Ну і як пажывае твой кантынгент? — з нейкай злой іроніяй у голасе звяртаецца да маці маладая дзяўчына.

— Я прашу не называць так нашых хворых! — седзячы спінай да дзяўчыны, незадаволена адказвае жанчына.

— Стоп! — гучна звяртаецца да актрыс рэжысёр. — Стоп! Зрабі перад словам «кантынгент» паўзу. Не спяшайся. Гавары павольна. Давайце паспрабуем яшчэ раз.

Пакуль актрысы паўтаралі сцэну, я агледзеўся. Акрамя нас з фатографам, у клубе было яшчэ чалавек 10. У кожнага свой лёс, свая гісторыя. Кагосьці асудзілі за забойства, а некага — за гандаль наркотыкамі... Акрамя акцёраў і нас, за заняткамі сочыць таксама супрацоўнік калоніі і гукарэжысёр, які на ноўтбуку ўключае музыку пад тое, што адбываецца на сцэне. Астатнія ў гэты час альбо адпачываюць, альбо пішуць лісты сваякам.

— А бывае, што і на лісты часу не хапае, калі стомішся, — кажа Юля, асуджаная за разбой. — Тады пішу проста: «Мама, у мяне ўсё добра. Потым больш раскажу». І гэта пры тым, што я люблю пісаць даволі падрабязна.

Дарэчы, Юля — адна з самых падрыхтаваных у трупе Аляксея Бычкова. Калі навучалася ў школе, займалася ў тэатральнай студыі. Цяпер вось спрабуе сябе ў турэмным тэатры.

— Вырашыла працягнуць займацца для душы, — працягвае Юля. — Выконваю ролю цяжарнай, якую маці схавала ад людзей у псіхіятрычнай лячэбніцы.

У адрозненне ад Юлі, Аліна (адна з самых усмешлівых актрыс, якая атрымала тэрмін за крадзеж бялізны, купальнікаў і нават паспела нарадзіць у калоніі дзіця) з тэатрам стасункаў не мела. Хіба толькі аднойчы схадзіла на спектакль разам з аднакласнікамі. Але ў калоніі падчас дэкрэту наведала некалькі рэпетыцый і «загарэлася» сама.

— Гэта каласальная праца над сабой. Магчымасць па-новаму паглядзець на некаторыя рэчы, і здзейсніць немагчымае.

Перада мной у крэсле сядзіць Людміла Паўлаўна — тая жанчына, што выконвае ролю галоўнага ўрача бальніцы. З усіх удзельнікаў яна самая сталая. Ужо на пенсіі. Відаць, таму і атрымала такую ролю.

— Калі жыла ў Мінску, пастаянна цікавілася тэатрам. Асабліва любіла наведваць Купалаўскі. У ім добрая трупа. Спектаклі на роднай мове, — з настальгіяй кажа жанчына. — А цяпер у мяне прыгнечаны стан. Атрымала тэрмін за махлярства. Праз глупства. Мае сябры і сёння не могуць паверыць, што са мной такое здарылася. Калі ўбачыла ў калоніі аб'яву аб наборы для ўдзелу ў пастаноўцы спектакля «Сонца свеціць усім», падумала, што магу спатрэбіцца. Тым больш на пенсіі. Часу хапае. Прыйшла сюды і адчула добразычлівую атмасферу. Рэпетыцыі даюцца не цяжка. Цяжка трапіць у ролю. Выканаць так, каб было жыццёва і граматна з тэатральнага погляду. Тут склалася добрая сітуацыя, якая дапамагае маральна выжыць. Гэтыя 2,5 гадзіны рэпетыцый — наш рэлакс. Без тэатра было б нашмат складаней.

 

На сцэне рэпетуюць іншыя актрысы. Кожнай з іх Аляксей Бычкоў нешта гучна і скрупулёзна тлумачыць, просіць гукарэжысёра не спазняцца з музыкай. Час рэпетыцыі, як любая цікавая справа, пралятае за адно імгненне. На развітанне Бычкоў і яго трупа дамаўляюцца, што наступны раз сустрэнуцца паслязаўтра — у нядзелю.

Калі мы выходзім за сцены калоніі, ужо цямнее. Мне карціць спытаць у Бычкова пра вынік гэтай працы і што дае тэатр асуджаным, ці мяняюцца яны?

— Ведаю, ёсць такая сумная тэндэнцыя: многія жанчыны вяртаюцца ў турму, — нібыта прадчуваючы пытанне, кажа рэжысёр. — Я працаваў з 50—60 жанчынамі. З некаторымі і цяпер падтрымліваю сувязь. Толькі адна з іх зноў апынулася за кратамі. Яе не прыняў соцыум. Скрала кансервавую бляшанку. Гэта — яе выклік...

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН


У тэму

Мельпамена прыйшла...

На дзень Гомельскі абласны драматычны тэатр ператварыўся ў дом спатканняў. І гэта не назва новай п'есы. Гэта сапраўдная падзея, якая адбылася дзякуючы пастаноўцы аматарскага спектакля, у якім сыгралі адзінаццаць асуджаных гомельскай жаночай калоніі № 4. На прэм'ерны спектакль прыехалі сваякі з розных куткоў Беларусі.


Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падкрэсліў, што праект «Тэатр у турме», які рэалізуецца ў выпраўленчай калоніі з 2004 года, — важная сацыяльная з'ява:

— Такім чынам мы выкарыстоўваем усе магчымыя сродкі, каб рабіць людзей лепшымі. Гэта трэба і тым, хто выступаў на сцэне, і тым, хто прысутнічаў у зале. Думаем, як гэты вопыт перанесці ў дзіцячыя калоніі, дзе ў нас знаходзяцца непаўналетнія.

У п'есе галоўная гераіня трапіла ў псіхіятрычную бальніцу, куды яе часова паклаў муж-бізнесмен. Рашэнне фінансавых праблем зацягнулася. Праз месяц жанчына зразумела, што выбрацца з бальніцы няпроста. А ў суседніх палатах разгортваюцца асобныя драмы. І кожны персанаж п'есы — з паламаным лёсам...

Рэжысёр спектакля Аляксей Бычкоў працаваў над пастаноўкай разам з самадзейнымі актрысамі: вучылі тэксты, стваралі дэкарацыі, прыдумлялі строі для гераінь...

Ролю санітаркі Рэгіны выконвала Аляксандра Дойнікава. Яна на свабоду выйдзе толькі ў 2023 годзе.

— З Бабруйска да мяне на прэм'еру прыехалі дачка і сын. Дзякуй, што дазволілі пабачыць блізкіх, — кажа яна.

Мінчанка Аліна Цярэшка асуджана за крадзеж на два гады.

— Мне праз месяц на волю. Спачатку ўдзел у пастаноўцы для мяне быў сыходам ад рэалій жыцця за кратамі. А потым узнікла пачуццё адказнасці за людзей, з якімі іграеш на сцэне. І асэнсаванне таго, што тры гадзіны на дзень, чатыры разы на тыдзень ты — нармальны чалавек.

Практычна ўсе самадзейныя актрысы атрымалі падарункі ад кіраўніцтва за ўдзел у пастаноўцы ў выглядзе дазволу на дадатковую пасылку. З адной асуджанай датэрмінова знята раней накладзенае спагнанне, а яшчэ адна пераведзена ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.