Вы тут

Чытачы "Звязды" абмяркоўваюць матэрыялы, якія іх "зачапілі"


В. Канюта. «Партызанская вайна» («Звязда» за 16 ліпеня)

— У партызанскія атрады ішлі людзі, якія не атрымлівалі загаду ваяваць. Гэта былі сапраўдныя патрыёты, якія не маглі дапусціць, каб на іх тэрыторыі пасяліліся чужаземцы. Мой бацька таксама быў у партызанах. Ён добра разумеў, які лёс чакае тых, хто трапіў у палон. Таму без усялякага страху (магчыма, гэта ён нам так казаў) ішоў на любыя партызанскія заданні — вырашыў помсціць ворагу да апошняга. Можа, гэтая неверагодная смеласць і дапамагла яму не толькі дажыць да Дня Перамогі, а і сустрэць яшчэ не адну яе гадавіну.

У мясцовасці, адкуль я родам, былых франтавікоў і партызанаў ведалі ўсе, часта збіраліся, каб паслухаць іх успаміны. У кожнага з іх была свая гісторыя, якая сёння падаецца вялікім подзвігам. А колькі людзей не мела магчымасці расказаць пра свой баявы шлях...

Мне падаецца, што ўсё ж такі ў Беларусі, якая сапраўды стала сімвалам партызанскага руху, павінен з'явіцца Дзень партызана, як гэта ёсць у Расіі. Каб увекавечыць памяць людзей, якія сапраўды без павестак, без загадаў, без усялякіх прымусаў станавіліся ў рады змагароў супраць нямецкіх захопнікаў. Каб нагадаць цяперашнім і будучым пакаленням, якой цаной далося мірнае жыццё сёння.

Міхаіл Шпак, Лагойскі раён.


Д. Лабажэвіч. «Чэмпіянат паказаў важнасць трэнера» («Звязда» за 19 ліпеня)

— Цікава ведаць меркаванні такіх (без перабольшання) вялікіх спартсменаў, як Анатоль Байдачны, аб такіх буйных і ў той жа момант неадназначных турнірах, як чэмпіянат Еўропы, які прайшоў сёлета.

Памятаю Анатоля і па выступленнях за «Дынама» і, як трэнера. Заўсёды гаворыць адкрыта і без усялякага згладжвання вострых вуглоў. Ад гэтага бывае трохі рэзкім, але лепш так, чым хаваць правалы і пастаянна апраўдвацца.

Згодны, што немцы паказалі самую цікавую гульню на чэмпіянаце і, думаю, Анатоль таксама «хварэў» за іх. І яшчэ — вельмі б хацелася ўбачыць Анатоля Мікалаевіча ў справе, бо ён сапраўды ўжо вырасціў і яшчэ можа вырасціць добрых футбалістаў.

Аляксандр, г. Магілёў.


А. Шкляеў. «Міфы пра сабак» («Звязда» за 19 ліпеня)

— Цікавы матэрыял. Я згодна з аўтарам — шмат што ў паводзінах сабакі залежыць ад таго, як яго выхавалі. Але што рабіць з тымі, хто не ведае ці не хоча ведаць пра асаблівасці дрэсіроўкі сабак розных парод? Ды нават так званых дварнякоў не імкнецца хоць колькі-небудзь стрымліваць у паводзінах...

Сын маіх знаёмых аднойчы прывёз да бацькоў каўказскую аўчарку. Шчанюком яна была любіміцай усёй вёскі, а калі вырасла, стала яе гразой. Больш за ўсё аўчарка чапала свойскую жывёлу (курэй, авечак), а потым пераключылася і на людзей. На шчасце, жанчыне, якую пакусаў сабака, сур'ёзных траўмаў удалося пазбегнуць. Але колькі жаху было для дзяцей і дарослых ад гэтай грамадзіны! У выніку бацька хлопца забіў сабаку, каб жывёла не нарабіла больш сур'ёзных спраў.

І што вы думаеце?.. Праз некаторы час на яго двары зноў з'яўляецца «цуд» (не ведаю дакладна пароду, але здаецца, сабака быў падобны да мастыфа). Ізноў пачаліся жахі. Сабака не быў прывязаны, ён часта гуляў па вуліцы, кідаўся на дзяцей. Пачаліся папрокі гаспадарам гэтага сабакі ад мясцовых жыхароў...

Для мяне гэтая гісторыя — яркі прыклад таго, наколькі безадказна людзі ставяцца да сабак і да тых, хто жыве побач. І большая віна тут, мне здаецца, не знаёмых, а іх сына — сапхнуць на бацькоў тое, што павінен быў рабіць ён сам...

Я ўпэўнена — толькі тады, калі чалавек гатовы адказваць за паводзіны сабакі, ён можа стаць яе гаспадаром.

Марыя Паўлаўна, Мінскі раён.


С. Барысенка. «А сэрцайка стукае» («Звязда» за 20 ліпеня)

— Сёння я шчаслівая бабуля, а шмат гадоў таму... Прыехала з радзільні дачка з унучкам. Раптам тэмпература ў яе падскочыла да 40 — мастыт. Раней не гаварылі, не навучалі грудному кармленню, а таму мы мала ведалі, і амаль кожная сутыкалася з такой непрыемнасцю. Прыехала «хуткая». Доктар пытаецца: якая цяжарнасць па ліку? Дачка прамаўляе: другая... Як другая? Значыць, першая скончылася абортам? Ногі ў мяне сталі ватнымі, рукі непаслухмянымі, язык знямеў — і дагэтуль памятаю той стан. Маё дзіця прайшло праз «пекла», а я нічога пра гэта не ведала! Я выдатна разумею, пра што кажу, бо і сама нарадзіла толькі адно дзіця, але цяжарнасці ў мяне было тры. І мая мама таксама нічога пра гэта не ведала. Так вось мы і хаваем адна ад адной такія жудасныя ўчынкі, так і жывём з велізарным цяжарам на душы...

А колькі жанчын вось так, як мы з дачкой, моўчкі, не гаворачы нікому з самых блізкіх людзей, ішлі на гэту страшную працэдуру — рызыкуючы сваім здароўем, сваім шанцам зацяжараць калі-небудзь яшчэ... Звычайна жанчыны паведамляюць аб такім кроку свайму мужчыну, але што тыя? Пакажыце мне мужчыну, які б угаворваў пакінуць дзіця, ногі цалаваў і прасіў: малю, не рабі гэтага! Як жа хочацца вырасціць унука такім, каб ён не дазволіў сваёй каханай прайсці праз такія фізічныя і псіхічныя пакуты — барацьбу з самой сабой, здольнасць прымаць такое рашэнне і жыць з гэтым пасля. Бо насамрэч для жанчыны, якая перарвала цяжарнасць, пакуты пачынаюцца нават не ў момант фізічнага болю, а крыху пазней, калі нараджаюцца спустошанасць, страх, адчай, пакаянне. Так што гэта проста выдатна, што вы напісалі пра магчымасць паразмаўляць з урачамі, падумаць, зноў паразмаўляць і параіцца. Няхай хоць з чужым чалавекам — калі ўжо ў нашым грамадстве не заведзены падобныя размовы са сваякамі. І самае важнае, што налета, як вы напісалі, будзе магчымасць сямейнага кансультавання. Нашых мужчын трэба выхоўваць інакш, далучаць да такіх важных рэчаў.

Ганна Васілеўна, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?