Трэба ехаць...


Сіноптыкі ўгадалі: шквалісты вецер нагнаў-такі чорных хмар, нарабіў бяды. Недзе пазносіла дахі, сплюшчыла машыны, пад вокнамі паламала, павырывала з карэннем дрэвы — старыя, любімыя. Шкада...

Амаль як людзей.


Бывае...

Гэтага б, магчыма, не ўбачыў, калі б... не пачуў — пранізлівы скрып тармазоў, гулкае «ба-а-бах!..

Так і ёсць, ДТЗ: стары, але добра захаваны «жыгулёк» «пацалаваў» навюткую белую «мзду».

— Што зараз будзе?! — люд на прыпынку, падобна, чакаў скандалу.

А яго не было: пажылы кіроўца «мазды» паляпаў па плячы збялелага юнака з «жыгулёў», сказаў:

— Бывае, брат... Нічога страшнага...

А яно ж і сапраўды... Калі ўсе жывыя.

Прысуд

І без грошай бяда, і з грашыма: не прывыкнуць пакуль да новых. Адна суседка з зяцем пасварылася: ён ёй 10 рублёў на тэлефон паклаў. Пакуль дайшло, што гэта ж новымі... Другая за два тыдні да пенсіі хацела 500 тысяч зняць (старымі), а на картачцы, убачыла, толькі 90... Ледзь прытомнасць не страціла.

Наша прымаўка: «Вучыся, нябожа, вучэнне паможа», казахская: «Старога вучыць, што мёртвага лячыць».

Лепей больш, чым менш

Пакінуць «на чай» таксісту ці афіцыянту — гэта лёгка, таму што прывычна. Цырульніцы — пакуль складаней... Як для мяне... А вось для нейкага хлопца — не: ён, хораша пастрыжаны, устае з суседняга крэсла, кіруе да касы, разлічваецца, потым вяртаецца назад, да працоўнага століка сваёй майстрыхі — кладзе на яго 20 тысяч (старымі), кажа:

— Добрага вечара!

Дзяўчына ўсміхаецца, дзякуе, хавае грошы ў кішэню і (хай моўчкі), але ж кажа ўсім, што вечар быў бы лепшым, калі б грошай было больш.

«Купіць зямлю...»

Субота, надвячорак, дарога — па нашай зямельцы: гэта значыць, праз лясы і палі, праз вёскі і паўз дачныя масівы.

Непадалёк ад яго, чарговага і адносна новага, на вялікім лісце фанеры абвестка: «Прадам два ўчасткі зямлі...»

Была, відаць, аказія — хапнуў чалавек!

І вельмі хутка здаволіўся.

Кожнаму сваё

...Маруся з адпачынку прыехала — загарэлая, шчаслівая. Дзесяць дзён на Кіпры была, і цяпер ёй за шчасце ўзгадаць, якое там сонца і мора, якая кухня і танцы. Найбольш яе ўразіў танец са шклянкамі:

— Уяўляеце: адзін мужык 13 штук узяў — і ні ў водным воку, танцуе далей!

— Гэтага быць не можа! — абрывае дачку п'янаваты бацька.

— Можа! Далібог, — хрысціцца тая. — На ўласныя вочы бачыла!

— Дык, можа, чарак? — не верыць Фама.

— Не, татачка, шклянак... Мы ад яго за тры метры сядзелі, бачылі: першыя ён сам узяў, а іншыя людзі падносілі, ставілі...

— І ён што — піў?

— А табе б толькі піць! — крычыць на яго Марусіна мама, якая ўжо чула пра гэтыя танцы. — Ён на галаву іх ставіў — адну на адну, потым танцаваў.

— А сэнс?

...Для некага ён і сапраўды ў тым, каб выпіць. Для некага — каб паказаць сваё майстэрства, сваю, краіну, каб здзівіць, каб пацешыць людзей.

Вырас пад неба...

У гэтай сям'і дзіцятка было адно, ды такое ж кволае... Не ведалі, чым яго, беднае, пакарміць, як палажыць і палячыць. Бацька са скуры вылузваўся, каб болей грошай зарабіць, маці працу пакінула, каб заўжды быць побач. Што малому, вядома ж, на карысць, — і ў год, і ў пяць. Праўда, вось гэтага нават у дзесяць за ручку вадзілі ў школу, за ручку прыводзілі дамоў... Але ж ніхто не папракне: збераглі дзіця, выгадавалі! Ды якое...

Днямі ў метро яго згледзела: і сапраўды — высокае, стройнае, у светлым дыхтоўным пінжаку з разрэзамі па баках... Прычым пярэднія полы яго пакінуты навыпуск, а «спінка», наадварот, запраўлена ў «штонікі».

Без мамы, відаць, апраналася, не ўмеючы ў... 15 гадоў.

З надзеяй...

Тост. Дзве сястры (блізняты) адзначаюць 20-годдзе і міжволі азіраюцца назад.

— Мінулыя 10 гадоў былі вельмі цяжкімі, — кажа адна.

— Так-так, — згаджаецца другая. — Мы заканчвалі школу, здавалі экзамены, па чарзе ўлюбляліся, не ведалі, куды паступаць... Але ўсё гэта ўрэшце ўтрэслася і зараз мы зажывём!..

Тыя ж сёстры адзначаюць 30-годдзе. І зноў, азірнуўшыся назад, прыгадваюць, як ім было цяжка, бо абедзве давучваліся, бо, нічога не ўмеючы, пачыналі працаваць, бо кахалі і выходзілі замуж, жылі на прыватных кватэрах, нараджалі і гадавалі дзяцей... «Але вось зараз яно ж павінна палягчэць?» — спадзяюцца яны.

Усё тыя ж сёстры і праз тыя ж 10 гадоў адзначаюць 40-годдзе. Зноў азіраюцца і зноў уздыхаюць, бо не збыліся, на жаль, іх мары на лягчэйшае жыццё: не хапала то грошай, то клятых «квадратных метраў»; падрасталі, хварэлі і не слухаліся дзеці, і ўжо яны здавалі экзамены, не ведалі, куды паступаць і не ў тых улюбляліся; не так, як трэба, паводзілі сябе мужы, старэлі бацькі...

Аднак шампанскага гэтыя жанчыны выпілі, бо мелі ж за што: яны ўсё перажылі — змаглі, яны захавалі сем'і. Да таго ж яны па-ранейшаму спадзяваліся, што ўжо наступныя дзесяць гадоў...

Ірачцы, прыяцельцы, як тым сёстрам, хутка 50, і гэты тост — пра яе... У многім... Хоць і не ва ўсім, бо ў Ірачкі — апроч згаданага — рана памерлі бацькі і муж, на залежнасць ад наркотыкаў хварэе брат. Дачка таксама абы з кім звязалася: кінула вучобу (з трэцяга курса... На бюджэтным!), з'ехала ў замежжа...

І тым не менш за святочным сталом юбілярка абавязкова вып'е — шампанскага! І, вядома ж, паспадзяецца, што некалі зажыве. Бо без гэтага — аніяк...

І ці толькі ёй?

Што ёсць...

За вочы па імені ды па бацьку (Міхайлаўна!) яе ніхто не зваў: для ўсіх — Палятухай была, бо, маючы вялікую сям'ю і такую ж гаспадарку, век нідзе не спынялася, усім казала: «Паляту...»

Папытацца, куды, у яе не паспявалі, бо знікала раней, хоць ведала, што ўсёй работы не пераробіш, што лётай не лётай, а ў канцы ўсё адно панясуць — памалу.

У вось гэтым, апошнім, здаецца, памылілася, бо, нарадзіўшыся ў 1930-м, доўга жыла — аж да нашых дзён, цікавых яшчэ і тым, што людзей (нават на пагост!) ужо амаль не носяць, а возяць, прычым досыць хутка.

Цікавая прапанова

Двое — ён і яна. Кароткі дыялог:

— Можна, я зраблю табе прапанову, ад якой ты не зможаш адмовіцца?

— ?!

— Пайшлі паямо...

Гэта анекдот, а зараз — чысцюткая праўда.

Дзень. Праца. Тэлефонны званок:

— Не перашкодзіла? — павітаўшыся, пытае прыяцелька і, не чакаючы адказу, тут жа дадае: — Можна, я паспавядаюся — у трох словах?

Прапанова, згадзіцеся, ад якой немагчыма адмовіцца!

Трэба ехаць

...Куды ў выхадныя, у Тадэвушаўны ніхто не пытае: навошта, калі адказ вядомы: «На гістарычную радзіму, у вёску». Бо там, дзякуй Богу, матулька, бо ў яе — з «паўвалочкі зямлі» і ўся яна абрабляецца, гэта значыць засяваецца збажыной, засаджваецца бульбай ды іншай агароднінай. Потым — і зноў жа ўсёй сям'ёй — даглядаецца.

— Цяжка, — за сябе і за матулю стогнуць дзеці. — Можа, зменшыць крыху «пасяўныя плошчы», можа, залужыць трохі зямлі?

— Пасля мяне, — строга кажа ім гаспадыня, — хоць асфальт палажыце. А пакуль я жывая — не!

— Але ж нам не трэба столькі гародніны, столькі бульбы, — даводзяць маладзейшыя. — Ды і тую танней купіць...

— А вось суседзі — садзяць, — гне сваё бабуля. — Мне таксама брыдка не садзіць.

— Ну якое ж брыдка? Ты ў пашпарт паглядзі: твае суседзі на дваццаць, на трыццаць гадоў маладзейшыя! — абураюцца дзеці.

— Дык мне ж за вас брыдка будзе...

А таму куды ў выхадныя, у Тадэвушаўны ніхто не пытае. Навошта, калі адказ вядомы: у вёску.

Каб помнілі?

...Першае, што робім, прыехаўшы на мора, — ідзём да яго вітацца. Апошняе, што робім з'язджаючы, — увечары на апусцелым пляжы рассцілаем маленькі абрус, ставім на яго пасудзінкі з садавінай, віном, доўга-доўга сядзім: глядзім на загадкавыя агні і зоркі, слухаем шум вады, нешта ўспамінаем, марым, маўчым...

У той раз ужо, здаецца, сыходзілі, калі побач пачуліся галасы, калі ззаду, з набярэжнай, са звонкім, пранізлівым: «І-і-і-і...» проста ў ваду пабегла дзяўчо... І не спынілася: як была — у нейкіх басаножках, сарафане — «абняла» высокую хвалю і паплыла...

Спадарожнік яе — малады, танклявы дзяцюк — застаўся на беразе: слухаў-глядзеў, як смешна яна плыве, усміхаўся. Відаць, чакаў, пакуль яго русалачка (а ўжо ж мокрая, вабная)  выйдзе з вады, падбяжыць, павісне на шыі — шчаслівая-шчаслівая: ад таго, што побач каханы, ад таго, што ўперадзе ўсё жыццё, а за спінай — мора.

...Гэта было летась і, напэўна ж, пазалетась... І сто, і дзвесце гадоў таму ў найчароўнейшым куточку свету — у Ніцы, на Блакітным беразе Міжземнага мора, сёлета — неабсяжнага, як людское... гора.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.