Вы тут

Сцяпан Супрун — лётчык з ліку незаменных


Сцяпан Паўлавіч Супрун. Нарадзіўся 2 жніўня 1907 года ў вёсцы Рэчкі (цяпер — Сумская вобласць Украіны) у сям'і селяніна — выхадца з беларускага Палесся. Скончыў няпоўную сярэднюю школу. З 1929 года ў радах Чырвонай Арміі. У 1930 годзе скончыў школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў, у 1931-м — ваенную авіяцыйную школу пілотаў. З 1931 года — лётчык-выпрабавальнік. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 1-га склікання.

У 1939—1940 гг. удзельнічаў у баях з японскімі захопнікамі ў Кітаі, камандаваў групай знішчальнікаў. 20 мая 1940 года за гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях, маёр С.П. Супрун удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

З чэрвеня 1941 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Камандзір 401-га знішчальнага авіяцыйнага палка асобага прызначэння (23-я змяшаная авіяцыйная дывізія, Заходні фронт). Падпалкоўнік С.П. Супрун асабіста збіў 2 варожыя самалёты.

4 ліпеня 1941 года загінуў у раёне Віцебска ў паветраным баі з 6 знішчальнікамі праціўніка.

22 ліпеня 1941 года пасмяротна ўзнагароджаны другім медалём «Залатая Зорка», ордэнамі Леніна (двойчы).


Пасля нашумелага пералёту ў Амерыку карэспандэнт газеты «Правда» спытаў Валерыя Паўлавіча Чкалава, як той сябе адчувае ў ролі самага бясстрашнага чалавека ў свеце («Вам жа пакарыўся Паўночны полюс»)? Славуты пілот, не міргнуўшы вокам, адказаў: «Я — самы бясстрашны? Тады вы не ведаеце Супруна!».

Ёсць у авіяцыі такі выраз: лётчык ад Бога. Ён як нікому падыходзіць Сцяпану Супруну. Выпрабавальнік, воін — здаецца, не было такога самалёта, які не змог бы падпарадкавацца яму.

Сцяпан Супрун — чалавек сапраўды незвычайнага лёсу. Нарадзіўся ён у беднай сялянскай сям'і, стаўшы другім сынам Паўла Міхайлавіча і Праскоўі Восіпаўны. За 8 гадоў да гэтага бацька, Павел Міхайлавіч Супрун, перабраўся з драгічынскай вёскі Ямнік у больш заможную, як тады здавалася многім, Украіну. Тут ён батрачыў у мясцовых памешчыкаў. Такіх, як ён, у тыя гады на Украіне, ды і ў Беларусі, было нямала. Некаторыя ў пошуках лепшай долі з'язджалі ў далёкую Амерыку. У 1910 годзе і Павел Супрун, пакінуўшы наседжанае ўжо месца, адправіўся ў пошуках шчасця за акіян — у горад Вініпег. Праз 3 гады ў Канаду прыехала з дзецьмі, а іх было ўжо трое, і маці.

Нялёгкім аказалася жыццё і на чужыне — без ведання англійскай мовы ў цяжкіх абставінах. Перабіваліся часовымі заробкамі. Але гады ішлі, дзеці падрасталі. З 1915 па 1924 год Сцяпан вучыўся ў школах Говардвіля і Вініпега. У 1917-м яго бацька ўступіў у Камуністычную партыю Канады і ўдзельнічаў у заснаванні яе рускага аддзялення ў Вініпегу. У 1922-м Сцяпан разам з братамі Рыгорам і Фёдарам уступіў у Лігу маладых камуністаў.

А яшчэ праз два гады Супруны прыехалі ў СССР. Некаторы час яны жылі на Алтаі, затым у Алма-Аце і Пішпеку (Бішкеку), а восенню 1925 года перабраліся на Украіну, у Белаполь. Там Сцяпан уладкаваўся вучнем у саматужную карэтную майстэрню. Неўзабаве яго бацька быў абраны сакратаром Сумскага аблвыканкама. Сцяпан пераехаў у Сумы і стаў працаваць сталяром у «камбарбезе» (камітэце па барацьбе з беспрацоўем). У 1928 годзе ён уладкаваўся на мясцовы машынабудаўнічы завод. Летам працаваў піянерважатым. Аднойчы ледзь не патануў у рацэ, ратуючы дваіх дзяцей.

Многія юнакі марылі ў тыя гады пра авіяцыю, подзвіг. Не быў выключэннем і Сцяпан. Калі прыйшоў час прызыву ў Чырвоную Армію, ён папрасіўся ў авіяцыю. У 1930 годзе скончыў школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў у Смаленску, у 1931-м — ваенную школу лётчыкаў. Ужо там праявіліся яго выдатныя лётныя здольнасці. Пра гэта сведчыць водгук інструктара Кушакова, які напісаў у характарыстыцы:

«Курсант С.П. Супрун мае ўсе даныя быць не толькі выдатным лётчыкам-знішчальнікам, але і ўдумлівым даследчыкам, эксперыментатарам у лётнай справе».

Настаўнік не памыліўся. Менавіта такім і стаў пасля Сцяпан Паўлавіч Супрун.

Пасля лётнай школы ён служыў у страявых часцях у Бабруйску і Бранску. Быў камандзірам звяна 7-й асобнай знішчальнай авіяцыйнай эскадрыллі імя Ф.Э. Дзяржынскага.

Аднойчы падчас заняткаў па паветранай стральбе яго калега на самалёце-буксіроўшчыку, зрабіўшы няўдалы віраж, захліснуў крыло буксіровачным тросам мішэні. Пілот паспрабаваў скінуць пятлю з крыла, але нічога не атрымалася. Мішэнь цягнула машыну ў бок, перакульваючы яе дагары коламі. Самалёт стаў хутка губляць вышыню. Лётчык сабраўся быў выскачыць з парашутам, але і зямля была ўжо блізка. Бачачы гэта, Супрун падляцеў да буксіроўшчыка і прапелерам адсек трос, прадухіліўшы немінучую катастрофу.

У ліпені 1933 года ён быў пераведзены ў НДІ ВПС на лётна-выпрабавальную работу. Удзельнічаў у выпрабаваннях так званай «этажэркі Вахмістрава» (сутнасць яе ў тым, што з мэтай павелічэння радыуса дзеяння аднаматорных знішчальнікаў інжынер НДІ ВПС B.C. Вахмістраў прапанаваў «самалёт-звяно» ТБ-1 у якасці носьбіта двух знішчальнікаў І-4, замацаваных на яго крыле цвёрдай счэпкай). Адчайная смеласць, вялізнае жаданне авалодаць новай спецыяльнасцю і працаздольнасць дапамаглі Супруну стаць у шэрагі найлепшых авіятараў таго часу. У адной з характарыстык камандавання НДІ ВПС на С.П. Супруна напісана:

«Дысцыплінаваны на зямлі і ў паветры. У лётнай працы вынослівы і нястомны. Лятае на ўсіх тыпах знішчальнікаў. Добра валодае элементамі паветранага бою хуткасных самалётаў. Ідэалагічна ўстойлівы. Аварый і паломак па сваёй віне не мае. Над павышэннем сваіх ведаў працуе з вялікай цікавасцю, асвойвае новую тэхніку і ў гэтым незаменны».

У маі 1935 года ў складзе пілатажнай пяцёркі ўдзельнічаў у паветраным парадзе над Краснай плошчай, дзе ляцеў на новым баявым знішчальніку І-16.

За паспяховыя выпрабаванні новай тэхнікі ў гэтыя гады Сцяпан Супрун узнагароджаны залатым імянным гадзіннікам Наркама абароны СССР, ордэнам Леніна і легкавой аўтамашынай маркі М-1.

У тым жа 1935 годзе Супрун адпачываў у санаторыі ВПС на Чорным моры. Там ён выпадкова пазнаёміўся з адным маладым чалавекам. Разам выйшаўшы аднойчы на лодцы ў мора, яны доўга гутарылі.

Супрун уважліва выслухаў хлопца, які паскардзіўся, што яму, авіятэхніку, адмаўляюць у пераводзе ў лётны склад. «Не апускай рукі, — сказаў Супрун. — Павер, і мне не адразу ўдалося ўзняцца ў неба. Многае давялося вытрываць. Але падняўся! Паднімешся і ты! Галоўнае — не страціць мары».

Пазней суразмоўца Супруна скончыў школу лётчыкаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён збіў 59 фашысцкіх самалётаў асабіста і ў групе. Гэта быў Аляксандр Іванавіч Пакрышкін, які стаў тройчы Героем Савецкага Саюза і маршалам авіяцыі.

У незабыўным 1937-м Сцяпан Паўлавіч ледзь не трапіў пад молат сталінскіх рэпрэсій — ужо быў выключаны з партыі ў сувязі са справай Гамарніка, які застрэліўся напярэдадні немінучага арышту. Супруну маглі прыгадаць і яго знаходжанне за мяжой, аднак, дзякуючы заступніцтву таварышаў па службе, у прыватнасці Чкалава, на працягу двух дзён яго... аднавілі ў партыі. А ўжо ў лістападзе таго ж 1937 года Сцяпана Супруна выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР першага склікання ад Севастопальскай акругі.

С. П. Супрун у кабіне самалёта «Хейнкель» на аэрадроме  горада Ростака, Германія, май 1940.

Сапраўды, вельмі хутка Супрун здзейсніў круты ўзлёт да майстэрства і славы, стаўшы адным з найлепшых лётчыкаў краіны, членам урада.

Аднак спачатку яму давялося перажыць не адзін непрыемны перыяд жыцця. Вось што здарылася, напрыклад, у час службы ў Бабруйскай брыгадзе. Тады, у адзін з восеньскіх дзён, тэхнік Стрыжоў, які сядзеў у самалёце Супруна і правяраў работу матора, нечакана выкіраваў са стаянкі на старт і пайшоў на ўзлёт з наборам вышыні на захад. На аэрадроме забілі трывогу, у паветра наўздагон паднялі некалькі самалётаў. Але позна, уцекача дагнаць ужо было немагчыма.

Стрыжоў перасёк дзяржаўную мяжу і сеў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, каля Ліды. Праз некаторы час палякі вярнулі самалёт, але тэхніка вярнуць адмовіліся. Неўзабаве ў Бабруйскай авіябрыгадзе абвясцілі загад наркама абароны аб прыцягненні да суда Ваеннага трыбунала камандзіра эскадрыллі, інжынера эскадрыллі і інжынера атрада, якія не разгледзелі ў тэхніку Стрыжове будучага здрадніка Радзімы. Пад суд пайшоў і Сцяпан Супрун, чый самалёт быў выкарыстаны для ўцёкаў. Усе чацвёра, асуджаныя на розныя тэрміны, былі заключаны ў Бабруйскую турму...

Неўзабаве Супруна вызвалілі, аднак гэты эпізод усё ж адыграў сваю адмоўную ролю ў яго далейшай кар'еры — ён стаў адзіным сярод лётчыкаў — Герояў Савецкага Саюза, хто не быў удастоены ніводнага датэрміновага прысваення воінскага звання.

У 1936 годзе пачалася грамадзянская вайна ў Іспаніі. Супрун адным з першых прыйшоў да наркама Варашылава з рапартам: «Прашу адправіць мяне добраахвотнікам!». Але рапарт абвярнуўся загадам даволі своеасаблівым: Іспанія і не зусім Іспанія... Горад на савецкім поўдні, камяністае поле аэрадрома з рэдкімі астраўкамі сухой травы, хлопцы з бронзавымі целамі, тэмпераментная скарагаворка, у якой не-не ды і прамаўляецца іншаземнае слова «камрад»...

Гэта былі маладыя іспанцы, якіх Пірэнейскі смерч кінуў на савецкі поўдзень. Рэзалюцыя наркама на рапарт Супруна задаволіла пажаданне лётчыка, але толькі часткова. Тут, у Кіраваградзе, Сцяпан не шкадаваў ні сябе, ні сваіх вучняў, аддаючы ім усе веды і ўменні, назапашаныя за гады лётнай працы. Адным з яго лепшых вучняў быў Хасэ Марыя Брава — славуты ў далейшым лётчык, які адчайна смела змагаўся ў радах савецкіх авіятараў на франтах Вялікай Айчыннай вайны і нават узначальваў групу паветранага прыкрыцця самалёта Іосіфа Сталіна, калі той накіроўваўся на Тэгеранскую канферэнцыю.

І ўсё ж паваяваць Супруну неўзабаве прыйшлося...

15 снежня 1938 года падчас выпрабаванняў новага знішчальніка І-180 разбіўся Валерый Паўлавіч Чкалаў. Супрун напісаў ліст Варашылаву:

«Да XVІІІ з'езду нашай партыі выходзіць другі экзэмпляр самалёта І-180, на якім загінуў найлепшы лётчык нашай Радзімы Валерый Чкалаў, на першым экзэмпляры гэтага самалёта павінны былі праводзіць выпрабаванні: Чкалаў — заводскія і я — дзяржаўныя.

Зараз жа людзі баяцца даверыць мне правесці выпрабаванні і першым вылецець на гэтым самалёце толькі таму, што я дэпутат Вярхоўнага Савета Саюза ССР. Тав. народны камісар! Мне цяпер стала выключна цяжка працаваць — усё начальства, перастрахоўваючыся, усялякімі спосабамі імкнецца мяне адсунуць у бок, абы я толькі не лятаў. Усё гэта ў корані няправільна і вельмі мне крыўдна. Вы асабіста ведаеце, як я лятаю на хуткасным самалёце — за 10 гадоў лётнай працы я не меў ніводнай аварыі, не пабіў ніводнага самалёта. У мяне маюцца дзясяткі фактаў, якія я мог бы прывесці, каб даказаць Вам, як мне не давяраюць. Не буду адцягваць Вашу ўвагу на дробныя факты, пакажу толькі самыя асноўныя: на працягу шэрагу гадоў я прашу паслаць мяне ў камандзіроўку ў Кітай або Іспанію — для набыцця баявога вопыту. Усе мае намаганні застаюцца безвыніковымі.

Па маёй асабістай парадзе было пабудавана 5 аблегчаных (чырвоных) самалётаў І-16, на якіх ў 1937 годзе мы «пяцёркай» паказвалі найвышэйшы групавы пілатаж 18 жніўня ў Дзень авіяцыі. Цяпер у нас усе гэтыя самалёты адабралі, нават той, на якім я вадзіў «пяцёрку», падтрымліваючы сваю тэхніку пілатавання, паветраны бой і паветраную стральбу; забралі людзі, якія набылі баявы вопыт. Хутка ўжо будзе паўгода, як я не праводзіў ніякага выпрабавання, налятаў за гэты час я не больш за 5 гадзін на хуткасным знішчальніку, і няма самалёта, на якім я мог бы трэніравацца.

Разам з лётчыкам-выпрабавальнікам Стэфаноўскім мы Вам асабіста пісалі рапарт, каб Вы дапамаглі нам атрымаць у нашага ўрада дазвол на ўстанаўленне сусветнага рэкорду — палёт вакол свету без пасадкі. Ваенны Савет ВПС ухваліў нашу прапанову, але, па-мойму, Вам асабіста гэта не даложана, бо мы ад Вас так і не атрымалі адказу.

Прашу Вас даць распараджэнне наконт таго, каб мне далі правесці выпрабаванні самалёта І-180 і зрабіць на ім першы палёт. Я ўпэўнены, што Вы не адмовіце маёй просьбе.

Лётчык-выпрабавальнік НДІ ВПС маёр С.П. Супрун».

Знішчальнік І-180 меў вялікую хуткасць, магутнае ўзбраенне, неабходныя дальнасць і вышыню. Набліжалася вялікая вайна, і краіне былі неабходны самалёты высокага класа. Супрун дабіўся свайго. Палёт на І-180 быў дазволены.

Правяраючы гэтую машыну, лётчык здзейсніў на ёй тысячы пілатажных фігур. Яшчэ не скончыўшы праграмы выпрабаванняў, у гутарцы з камандаваннем ВПС Супрун пахваліў новы палікарпаўскі знішчальнік. Пасля гэтага быў зроблены заказ адразу на 100 машын! Аднак Супрун працягваў ганяць самалёт у неба, шукаючы прычыну, якая загубіла Чкалава. І не знаходзіў. Аднойчы і ў яго машыны ў час пасадкі падламалася шасі. Самалёт на вялікай хуткасці скапатаваў. Калі Супруна выцягнулі з-пад абломкаў, ён быў без прытомнасці. Яго адвезлі ў Боткінскую бальніцу — лёс на гэты раз быў добразычлівы да лётчыка.

Завяршыць выпрабаванні І-180 было даручана камбрыгу Сузі. У час выпрабаванняў на штопар самалёт страціў кіраванне. Сузі паспеў выскачыць, але парашут не раскрыўся. Пасля гэтага выпрабаванні ўсё ж такі спынілі і вытворчасць самалёта згарнулі (было сабрана толькі каля 10 машын).

Калі Супрун выпісаўся са шпіталя, яго выклікалі ў Крэмль і прапанавалі добраахвотнікам паехаць у Кітай, які ўжо некалькі гадоў змагаўся з японскімі інтэрвентамі.

У чэрвені 1939 года 50 савецкіх лётчыкаў-добраахвотнікаў прывялі свае самалёты ў часовую сталіцу Кітая — Чунцын. Група Супруна складалася з двух падраздзяленняў. Эскадрылля І-15 пад камандаваннем Канстанціна Какінакі прызначалася для барацьбы з бамбардзіроўшчыкамі. Эскадрылля І-16 — для барацьбы са знішчальнікамі.

«Эта­жэр­ка Вах­міст­ра­ва».

Свой першы бой, пад кіраўніцтвам Супруна, маладыя, яшчэ неабстраляныя пілоты правялі бліскуча. Наглядальныя пасты паведамілі, што на Чунцын ідуць японскія бамбардзіроўшчыкі. Спачатку ўзляцелі тры звяны І-15 Какінакі. Праз пару хвілін — група Супруна на І-16. «Пятнаццатыя» адразу кінуліся на вядучую дзявятку бамбавікоў. «Шаснаццатыя» пайшлі з наборам вышыні на сонца. Яны павінны былі скаваць знішчальнікі японцаў, якія прыкрывалі бамбардзіроўшчыкі. Адзін з вядучай варожай дзявяткі, прашыты вогненнай трасай, задыміў і рэзка пайшоў на зніжэнне. Строй японцаў, аднак, не парушыўся. У гэтыя хвіліны, разагнаўшы знішчальнікі, зверху ўдарыла па ворагу група Супруна. У лічаныя секунды былі збіты яшчэ 2 самалёты праціўніка. Бой быў выйграны.

Група знішчальнікаў, якой камандаваў маёр С.П. Супрун, хутка навяла парадак у небе над горадам Чунцын. Губляючы свае самалёты пры кожным налёце, японцы ўжо з ліпеня сталі лётаць пераважна ўначы. Супрун стаў уздымаць свае эскадрыллі ў цемры, знішчаючы варожыя бамбардзіроўшчыкі, а затым саджаючы свае машыны пры ліхтарах «Кажан» і святле фар самалётаў, якія стаялі на аэрадроме. Па яго просьбе на некалькіх І-16 былі ўстаноўлены буйнакаліберныя кулямёты, што значна павялічыла моц агню. Ужо да канца ліпеня ён асабіста збіў 2 самалёты праціўніка і яшчэ некалькі ў групе.

Авіяцыйная група Супруна (да 50 знішчальнікаў) неўзабаве стала адной з галоўных «сіл стрымлівання» японцаў. У снежні 1939 года групу перакінулі на поўдзень, дзе ўсё больш жорсткімі станавіліся баі ў правінцыі Юннань. Там лётчыкі прыкрывалі ад варожых налётаў аэрадромы і камунікацыі. У студзеня 1940 года Супрун, які атрымаў, па розных крыніцах, ад 6 да 8 перамог, быў адкліканы ў Маскву.

Сцяпан Супрун быў папулярны не толькі сярод савецкіх лётчыкаў, але і сярод многіх пілотаў свету. Пасля падпісання 23 жніўня 1939 года пакта аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй было заключана і гандлёвае пагадненне, па якім Савецкі Саюз абавязваўся пастаўляць у Германію некаторыя віды сыравіны і хлеб у абмен на нямецкае абсталяванне і машыны, у тым ліку і авіяцыйную тэхніку. Для рэалізацыі гэтага пагаднення ў Германію ў сакавіку 1940 года выехала гандлёвая дэлегацыя, у складзе якой быў і Сцяпан Супрун.

Знаёміў савецкую дэлегацыю з прадукцыяй нямецкіх фірмаў вядомы лётчык часоў 1-й сусветнай вайны Эрнст Удэт, дзякуючы якому нашай дэлегацыі былі паказаны амаль усе дасягненні нямецкай сучаснай авіяцыйнай тэхнікі.

На аэрадроме ў Ростаку камісіі прадставілі новы знішчальнік Hе-100. Супрун, агледзеўшы гэты самалёт, папрасіў дазволу на палёт. Прадстаўнікі фірмы «Хейнкель» спрабавалі адгаварыць пілота, але, пераканаўшыся, што Супрун выдатна разбіраецца ў справе, дазволілі ляцець. Сваім палётам ён пакарыў усіх прысутных у той момант на аэрадроме. У сваіх мемуарах сам Эрнст Хейнкель з вялікай павагай успамінае аб гэтым эпізодзе:

«Гэта быў высокі, станісты мужчына. Перад першым палётам на Не-100, самым хуткасным з усіх самалётаў, ён меў 10-хвілінную кансультацыю з адным з маіх лепшых лётчыкаў-выпрабавальнікаў. Затым ён падняў машыну ў паветра і пачаў кідаць яе па небе, выконваючы такія фігуры, што мае лётчыкі анямелі ад здзіўлення».

Калі Супрун прызямліўся, тэхнікі, механікі, інжынеры падхапілі пілота на рукі і панеслі ад аэрадрома да казіно. Нямецкія пілоты прызналіся, што ў гэтым вылеце яны ўпершыню ўбачылі такія высокія лётна-тэхнічныя магчымасці іх самалёта.

С. П. Супрун і В. П. Чкалаў  з таварышамі па рабоце ў НДІ ВПС, 1938.

Падчас знаходжання нашай дэлегацыі ў Германіі на адзін з нямецкіх аэрадромаў перагналі захоплены дзесьці новы англійскі знішчальнік «Спітфайр». Супрун атрымаў дазвол палятаць і на ім. Прабіты некалькімі кулямі, патрапаны «Спітфайр» паслухмяна паводзіў сябе ў небе. Сваімі думкамі аб гэтым самалёце Сцяпан Паўлавіч падзяліўся ў інстытуце. Даючы справаздачу аб палётах на «Месершміце-109» і «Хейнкель-100», Супрун дадаў апісанне «Спітфайра»: «Самалёт вельмі просты на ўзлёце і пасадцы. Просты пры выкананні фігур найвышэйшага пілатажу, мае добрую ўстойлівасць. Аднак малы запас гаручага. Вінт не аўтаматызаваны, няма буйнакалібернага кулямёта або гарматы. Не вельмі чыста зроблены, недастатковая гарызантальная хуткасць».

20 мая 1940 года Сцяпану Супруну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яму быў уручаны медаль «Залатая Зорка» № 461.

Вярнуўшыся з Германіі, ён вёў напружаную працу па выпрабаванні новых знішчальнікаў МіГ-3 і ЛаГГ-3. Так, 15—27 чэрвеня 1940 года, разам са Стэфаноўскўм, праводзіў дзяржаўныя выпрабаванні самалёта ЛаГГ-3. Быўшы вядучым лётчыкам-выпрабавальнікам, ён пераканаўся, што знішчальнік няўстойлівы ў палёце, а пасадка на ім небяспечная. У маі 1941 года ён прыступіў да выпрабаванняў мадэрнізаванага знішчальніка Як-1М. Выканаўшы цыкл палётаў, ён застаўся вельмі задаволены гэтай машынай.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны заспеў Супруна падчас адпачынку ў Сочы. Ужо на досвітку 23 чэрвеня ён быў у Маскве. Кали вяртаўся дадому, у яго паўстала думка аб стварэнні баявых палкоў з лётчыкаў-выпрабавальнікаў. Дабіўшыся асабістага дазволу Сталіна, ён тэрмінова прыступіў да іх фарміравання. З заводаў былі запатрабаваныя найноўшыя самалёты: МіГ-3, ЛаГГ-3, Іл-2, ТБ-7.

27 чэрвеня 1941 года было прынята рашэнне аб фарміраванні 6 палкоў асаблівага прызначэння (2 знішчальныя авіяпалкі на МіГ-3, 2 бамбардзіровачныя авіяпалкі на Пе-2, штурмавы авіяполк на Іл-2, далёкабамбардзіровачны авіяполк на ТБ-7) і асобнай разведвальнай эскадрыллі.

У 3 дні, адпушчаныя на фарміраванне, укласціся было цяжка. Палкі былі ўкамплектаваны прыкладна напалову. Пакінуўшы на гаспадарцы свайго намесніка, падпалкоўнік С.П. Супрун з трыццаццю баявымі машынамі тэрмінова вылецеў на фронт.

Прыбыўшы на лясны аэрадром Зубава ў раёне Бабруйска, полк, што называецца, з ходу ўключыўся ў баявую работу. Адразу ж пасля прызямлення на франтавым аэрадроме яны былі выяўлены нямецкім самалётам-разведчыкам Ю-88. Не губляючы часу, Супрун падняў свой МіГ-3 у паветра. Немец, заўважыўшы савецкі знішчальнік, пачаў уцякаць з наборам вышыні, стварыўшы Супруну ідэальныя ўмовы для нападу — МіГ-3 ствараўся менавіта як вышынны знішчальнік. Таму Сцяпан Паўлавіч лёгка дагнаў «Юнкерс» і некалькімі чэргамі расстраляў яго. Прызямліўшыся, Супрун загадаў як мага хутчэй зарадзіць кулямёты і заправіць гаручым свой самалёт.

— Першага разведчыка немцы ўжо не дачакаюцца, — Супрун пільна паглядзеў на неба, усміхнуўся. Затым прамовіў: — Нам трэба перахапіць і другога. Вышлюць абавязкова...

Неўзабаве з'явіўся другі «Юнкерс». На вачах сваіх падначаленых, амаль над аэрадромам, ён збіў і другі самалёт.

На наступны дзень паступіў загад на знішчэнне варожых перапраў праз раку Бярэзіну. Супрун прапанаваў атаку выканаць знішчальнікамі. Раптоўны налёт двух эскадрылляў выклікаў паніку сярод немцаў. У лічаныя хвіліны пераправа была разбіта.

Толькі за першыя чатыры дні баёў лётчыкі знішчылі ў паветраных сутычках 12 самалётаў праціўніка (з іх 4 — на рахунку камандзіра), шмат жывой сілы і тэхнікі. Амаль усе баявыя вылеты палка выконваліся пад прамым кіраўніцтвам Супруна. Увесь гэты час ён лятаў на знішчальніку МіГ-3 з бартавым нумарам «13».

Камандуючы 401-м знішчальным авіяпалком, ён вучыў сваіх падначаленых майстэрству вядзення бою, заклікаў іх выкарыстоўваць хуткасныя магчымасці «МіГаў», завабліваючы праціўніка ўгору. Першым скарыстаў знішчальнікі для штурмоўкі перапраў, арыентаваў полк на барацьбу з адзінкавымі нізкалётнымі самалётамі, увёў строгі парадак і дысцыпліну — лётчыкі дзяжурных звёнаў кожны момант былі гатовыя да вылету па трывозе.

Па ўспамінах камандзіра 1-й эскадрыллі палка В.І. Хамякова, за гэтыя 4 дні былі два выпадкі, калі Сцяпан Паўлавіч у адзіночку вёў бой з 6 і 4 нямецкімі знішчальнікамі. У абодвух выпадках Супрун быў упэўнены ў сабе і сваёй баявой машыне. Гэтая ўпэўненасць тады здалася каму-нікаму празмернай. Але камандзір палка быў верны сваім прынцыпам да канца. Ён асабіста лятаў на разведку, кожны раз уздымаўся са сваімі лётчыкамі ў неба, ведучы іх на суправаджэнне бамбардзіроўшчыкаў ці сутычку з варожымі знішчальнікамі.

С. П. Супрун піша заяву з просьбай аб адпраўцы на фронт. 30.06.1941.

Вось кароткая хроніка дзеянняў палка за гэты час:

30 чэрвеня — у першы ж дзень прыбыцця на фронт Супрун асабіста збіў 2 самалёты-разведчыкі саперніка.

1 ліпеня — нанясенне штурмавых удараў па пераправах праз Бярэзіну. У паветраных баях збіты 4 самалёты ворага, адзін з якіх (Ме-110) — асабіста Супруном. Свае страты — 1 самалёт, лётчык якога загінуў.

Пра сваю перамогу над шматмэтавым самалётам Ме-110 ён расказваў так:

«Немцы не прыдумалі нічога новага ні ў тактыцы, ні ў авіяцыйнай тэхніцы. Што тычыцца маёй сустрэчы з Ме-110, не хлушу, гэта быў няпросты бой. Па ўсім адчувалася, што маю справу з вопытным пілотам. Атакаваў я яго ззаду . Аднак у першай атацы прамахнуўся і праскочыў міма. Ён кінуўся на мяне, адкрыўшы агонь з гармат. Давялося сыходзіць угору. Мне было вядома, што Ме-110 за «МіГам» у наборы вышыні не ўгоніцца. А вось праціўнік, па ўсёй верагоднасці, гэтага не ведаў і палез на злом галавы ўверх. Не зніжаючыся, я трохі адхіліўся направа. Захоплены атакай, ён таксама пачаў у наборы нахіляць сваю машыну ў той жа бок. А потым, страціўшы хуткасць, зваліўся на крыло, што мне і трэба было. Я зайшоў да яго знізу і нанёс смяротны ўдар».

2 ліпеня. Палёты на разведку і суправаджэнне бамбардзіроўшчыкаў. Знішчаны 4 самалёты.

3 ліпеня. Знішчэнне дзвюх перапраў праз Бярэзіну, чыгуначнага моста і шмат варожай тэхнікі і жывой сілы. Пры штурмаванні варожага аэрадрома спалена на зямлі 17 самалётаў, склады з ГЗМ і боепрыпасамі. У паветраных баях збіта 4 самалёты.

4 ліпеня. Раніцай у пары з лейтэнантам Астапавым Супрун лятаў на разведку, затым два разы — на суправаджэнне бамбардзіроўшчыкаў. Пасля поўдня — чацвёрты па ліку вылет у раён Барысава, зноў на суправаджэнне. Перад гэтым вылетам ён падышоў да інжынераў эскадрылляў Паўлава і Манучарава, паціснуў плячыма і са скрухаю сказаў:

— Хлопцы, я сёння сябе не пазнаю. Вось ужо вылятаю 4-ы раз, а пакуль не збіў ніводнага самалёта праціўніка.

Гэты, чацвёрты, вылет аказаўся для Сцяпана Супруна апошнім. Вяртаючыся на аэрадром, у пары з Астапавым, ён выконваў разведку баявога становішча. Астапаў заўважыў у небе варожы чатырохматорны далёкі бамбардзіроўшчык ФВ-200 і атакаваў яго, але быў збіты агнём праціўніка (вярнуўся ў полк пешшу праз двое сутак).

Супрун, застаўшыся ў адзіноце, прыняў рашэнне працягваць палёт. Неўзабаве ў аблоках ён выявіў другі «кондар» (так нашы лётчыкі называлі ФВ-200). Не разглядзеўшы знішчальнікаў, якія суправаджалі бамбардзіроўшчык, Супрун кінуўся ў атаку. Падчас выхаду з яе куля нямецкага стралка трапіла яму ў грудзі.

У гэты час з аблокаў вывалілася шасцёрка «месераў». Паранены, Супрун не выйшаў з бою. Чарга «МіГа» прашыла фашысцкі самалёт, і той, загарэўшыся, рэзка пайшоў да зямлі. Ужо страчваючы прытомнасць ад страты крыві, Супрун прапусціў атаку іншага Ме-109. Яго агонь аказаўся дакладным. Савецкі знішчальнік загарэўся. Напружваючы апошнія сілы, спрабуючы выратаваць сябе і машыну, Супрун здолеў пасадзіць самалёт на паляне ля краю лесу...

4 ліпеня 1941 года, пасля поўдня, многія жыхары навакольных вёсак Манастыры, Панькавічы, Сурноўка, а таксама салдаты, якія знаходзіліся ў Друцкім замку, былі сведкамі паветранага бою адзінокага савецкага знішчальніка з шасцёркай нямецкіх самалётаў. Жанчыны, якія пасвілі кароў, бачылі: тры варожыя самалёты, акружыўшы палаючы «МіГ», ішлі за ім, як на парадзе. Наш самалёт змог сесці. Здавалася, што савецкі лётчык выскачыць з кабіны падпаленай машыны, але ў самалёце раптам выбухнулі паліўныя бакі. Адзін з «месераў», знізіўшыся, яшчэ раз абстраляў падпалены «МіГ». Мясцовыя жыхары спрабавалі дапамагчы пілоту, але бязлітаснае полымя не выпусціла яго са свайго палону. У сіняй гімнасцёрцы ён нерухома сядзеў у адкрытай кабіне, пальцы левай рукі сціскалі рычаг кіравання. Каля раны на грудзях мігцела «Залатая Зорка» Героя.

5 ліпеня ён быў пахаваны мясцовымі жыхарамі каля вёскі Манастыры. Выкапаўшы неглыбокую яму, прыкрыўшы яе лістамі абіўкі самалёта, яны асцярожна паклалі цела пілота на дно, пакрылі яго бляхай, закідалі зямлёй і дзёрнам. А ўжо на наступны дзень у вёску ўвайшлі немцы...

Асабісты прыклад камандзіра палка заўсёды дапамагаў лётчыкам паспяхова граміць ворага. Яго гібель болем аддалася ў сэрцах усіх аднапалчан, і неўзабаве на некаторых самалётах з'явіліся надпісы: «За Супруна!». Ужо без яго яны працягвалі паспяхова вырашаць баявыя задачы па разгроме ворага.

Пасля гібелі Сцяпана Паўлавіча полк узначаліў Канстанцін Какінакі.

Да канца месяца на баявым рахунку палка налічвалася ўжо 54 збітыя самалёты праціўніка. Тым часам нямецкая прапаганда абвясціла, што Супрун захоплены ў палон. У сувязі з гэтым Сталін асабіста распарадзіўся ўдакладніць прычыну і месца гібелі. Стала вядома, што 9 ліпеня 1941 года ў штаб дывізіі прыйшоў селянін, які прынёс значок дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, медаль «Залатая Зорка» № 461, абгарэлыя дакументы і пісталет ТТ.

У запісцы камандзіра 23-й авіядывізіі, у склад якой уваходзіў 401-ы знішчальны авіяполк асаблівага прызначэння, падпалкоўніка У.Я. Несцерцава аб прадстаўленні С.П. Супруна да ўрадавай узнагароды гаварылася: «На чале групы хуткасных знішчальнікаў МіГ-3 граміў фашысцкіх катаў і паказаў сябе бясстрашным камандзірам; узначальваючы групу, Супрун адразу адбіў ахвоту сцярвятнікаў хадзіць на нізкай вышыні, што, безумоўна, заслугоўвае звання двойчы Героя Савецкага Саюза».

Паядынак «Месершміта» і «Мі­Га».

22 ліпеня 1941 года падпалкоўніку Супруну Сцяпану Паўлавічу было прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Прайшло 19 гадоў з дня гібелі лётчыка, але месца і падрабязнасці драмы, якая разыгралася ў першыя дні вайны ў беларускім небе, заставаліся невядомымі. Мясцовыя жыхары, якія ўдзельнічалі ў пахаванні вядомага савецкага лётчыка, загінулі падчас акупацыі. Афіцыйныя дакументы аб яго гібелі, падрыхтаваныя палкоўнікам Несцерцавым начальніку штаба Заходняга фронту, згубіліся...

Улетку 1960 года брат героя, таксама лётчык, палкоўнік Фёдар Супрун, аднавіў пошук месца гібелі Сцяпана Паўлавіча. У архівах было знойдзена данясенне камандзіра 23-й авіяцыйнай дывізіі: «С.П. Супрун загінуў у раёне горада Талачын Віцебскай вобласці».

З дапамогай супрацоўнікаў Талачынскага ваенкамата і мясцовых жыхароў быў вызначаны раён пошукаў. І неўзабаве ў магіле пад абломкамі «МіГа» былі знойдзены астанкі славутага лётчыка. У ліпені 1960 года астанкі С.П. Супруна былі дастаўлены ў Маскву і пахаваны на Новадзявочых могілках.

Напрыканцы хочацца сказаць некалькі слоў і пра іншых авіятараў, якія носяць слаўнае прозвішча Супрун — братоў Сцяпана Паўлавіча.

У адным з інтэрв'ю Сцяпан Супрун сказаў: «Бацька выхаваў нас, дзяцей, камуністамі, а я братоў — лётчыкамі». І гэта была праўда. Браты Фёдар і Аляксандр па прыкладзе Сцяпана сталі ваеннымі лётчыкамі. А пасля вайны Аляксандр Паўлавіч стаў лётчыкам-выпрабавальнікам. Але ў сям'і Супруноў не толькі мужчыны звязалі сваё жыццё з небам. Ганна Паўлаўна Супрун, малодшая сястра Сцяпана Супруна, стала вядомай у Саюзе парашутысткай, шмат гадоў працавала інструктарам у адным з аэраклубаў. Падрыхтавала дзясяткі парашутыстаў. Затым занялася навукай і стала кандыдатам хімічных навук.

Такія вось слаўныя авіяцыйныя традыцыі былі ў гэтай вялікай і дружнай сям'і.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?