Вы тут

Большасць людзей падтрымлівае забарону курэння ў грамадскіх месцах


Поўную забарону курэння ў грамадскіх месцах падтрымлівае тры чвэрці дарослага гарадскога насельніцтва. Гэта паказваюць вынікі даследавання аб стаўленні жыхароў Беларусі да захадаў, скіраваных на скарачэнне спажывання тытуню. Па ініцыятыве Беларускага таварыства абароны спажыўцоў і Міжнароднай канфедэрацыі таварыстваў спажыўцоў даследаванне ў маі-чэрвені правялі спецыялісты Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта. Апытанне праводзілася ва ўсіх абласцях і Мінску сярод тых, каму ад 18-ці.


Як высветлілася, кураць у краіне 35 працэнтаў дарослага гарадскога насельніцтва. Амаль палова беларускіх мужчын і каля 25 працэнтаў жанчын з'яўляюцца курцамі. Сярод мужчын ні разу не спрабавалі курыць усяго 19 працэнтаў. Максімальная колькасць асоб з такой залежнасцю назіраецца сярод самых актыўных і працаздольных груп насельніцтва дзетароднага ўзросту: 18-24 гады (42 працэнты) і 25-39 (38 працэнтаў). Мужчына-курэц выкурвае ў сярэднім тры чвэрці пачка ў дзень, а жанчына — палову. Ва ўзроставай групе 24-39 гадоў кожны трэці курэц штодня выкурвае пачак і болей цыгарэт штодня.

— Забарона на курэнне ў грамадскіх месцах з'яўляецца адной з найбольш эфектыўных мер па зніжэнні спажывання цыгарэт, прадугледжаных Рамачнай канвенцыяй па барацьбе супраць тытуню Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, — тлумачыць старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна СУША. — Як паказала даследаванне, захады па абмежаванні месцаў, дзе можна курыць, успрымаюцца беларусамі станоўча. Поўную забарону курэння падтрымліваюць, у сярэднім, 75 працэнтаў насельніцтва, па асобных відах падтрымка яшчэ больш значная.

Скажам, больш за 90 працэнтаў гараджан выступаюць за забарону курэння на дзіцячых пляцоўках і ў грамадскім транспарце, больш за 80 — на тэрыторыях і ў памяшканнях арганізацый аховы здароўя, спорту, адукацыі, культуры. Пазбавіць кавярні, бары і рэстараны ад тытунёвага дыму жадаюць больш за палову рэспандэнтаў.

Праўда, пры гэтым усяго каля паловы падтрымлівае забарону курэння на працоўных месцах і ў цягніках далёкага накіравання. Дзесьці палова насельніцтва лічыць, што адказнасць за парушэнне забароны курэння павінны несці самі парушальнікі-курцы, 40 працэнтаў мяркуюць, што адказнасць павінна падзяляцца разам з уладальнікамі-арандатарамі памяшканняў, і 7 працэнтаў адзначылі, што адказнасць ускладаецца выключна на ўладальнікаў.

Вынікі даследавання прадэманстравалі таксама падтрымку жыхарамі іншых эфектыўных мер паскарачэнні курэння: уведзеную з 1 ліпеня мінулага года забарону выкладваць тытунь у месцах продажу і павышэнне цэн на цыгарэты. Павышэнне цэн найбольшую падтрымку знаходзіць, зразумела, сярод былых курцоў і тых, хто не курыць, а вось больш за ўсіх супраць маладыя людзі.

«Варта нагадаць, што ўжо ўступіў у сілу Тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, і цягам года Беларусь павінна забяспечыць на пачках цыгарэт наяўнасць надпісаў-папярэджанняў памерам да паловы плошчы пачка і адпаведнага зместу на ім малюнкаў і карцінак, якія будуць дэманстраваць наступствы курэння, — кажа намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла НАРОЙЧЫК. — Застанецца таксама нагадванне аб тым, што цыгарэты змяшчаюць мутагенныя і канцэрагенныя рэчывы, аднак іх колькасць пазначацца не будзе, каб не ствараць у спажыўца ілюзію большай ці меншай шкоды».

Паводле інфармацыі Міністэрства гандлю, апошнія праверкі ўстаноў гандлю не выяўляюць парушэнняў выкладкі такога тавару. У цэлым з 2013 года назіраецца зніжэнне вытворчасці тытунёвых вырабаў (з 2010-га па 2013-ты быў рост). Узровень вытворчасці ў 2015-м склаў 83,4 працэнта да ўзроўню 2014-га. У першым квартале гэтага года, праўда, адбылося павелічэнне да адпаведнага ўзроўню 2015-га — 103 працэнты. Падае і імпарт цыгарэт — ён склаў летась 57 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Трэба мець на ўвазе, што імпарцёр-манапаліст пастаўляе на рынак сегмент пераважна дарагіх
цыгарэт. Адпаведна, калі ў 2010–2012 гадах адзначаўся рост спажывання падобнай прадукцыі, то ў 2015-м мела месца зніжэнне (на 2 млрд штук менш, чым у 2010-м).

— 21 працэнт беларусаў не згодны наведваць рэстараны і бары, дзе не кураць, але ж 60 працэнтаў — горача «за», і гэта ўжо добра. Людзі едуць за мяжу і бачаць, што цыгарэты выйшлі з моды, а таму ўсё большая колькасць пачынае разумець, што і ў сваёй краіне можна наведваць рэстаран і не атручваць сябе, — разважае старшыня праўлення Міжнароднай канфедэрацыі таварыстваў спажыўцоў краін СНД Дзмітрый ЯНІН. — Яшчэ не ўсе да канца ўсвядомілі, што такое неабходнасць забароны курэння ў цягніках далёкага накіравання, і ім трэба патлумачыць, што гэта, мякка кажучы, некамфортна — ехаць у вагоне на 36 чалавек, тым больш калі тваё месца ля дзвярэй, і пастаянна, нават ноччу, слухаць перасоўванні курцоў. Дый і ад дыму ўсё роўна нікуды не падзецца, нават калі яны спрабуюць выходзіць у тамбур... Як жа інтарэсы тых, хто не курыць?

У Расіі, дарэчы, вытворчасць цыгарэт зніжаецца ў апошнія гады на 10 працэнтаў за год. Гэта вельмі добра, бо ратуе жыццё. У Расіі ад захворванняў, звязаных з тытунём, штогод гіне не менш за 300 тысяч чалавек. Цікава, што даходы бюджэту ад прынятых забаронных мер не зменшыліся, бо планава павышаліся акцызы на тытунь. Абарот грамадскага харчавання летась таксама не знізіўся. Хоць многія спачатку гаварылі, што цыгарэты неаддзельныя з атмасферай бараў і пабаў, таму апошнія проста пазачыняюцца. Аднак статыстыка паказвае, што колькасць устаноў грамадскага харчавання вырасла, ніякага масавага зыходу з гэтага бізнесу не адбываецца. Як не адбылося і ў іншых краінах, дзе забаранілі курэнне ў сферы грамадскага харчавання — Вялікабрытаніі, Аўстраліі і іншых. Да ўвядзення забароны ў 2013-м толькі 76 працэнтаў расіян падтрымлівалі забаронную практыку, летась «за» было ўжо больш за 80. Значыць, людзі ўдзячныя за такія захады. Нават самі курцы ўжо разумеюць, што несправядліва абкурваць афіцыянтаў, супрацоўнікаў і блізкіх...

Адны праблемы

Член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый БАРАДЗЕНЯ:

— Павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных мер па павелічэнні працягласці жыцця знаходзіцца ў руках саміх людзей. П'янства, курэнне, маларухомы лад жыцця ўплываюць, па словах заходніх экспертаў, у значна большай ступені, чым развіццё сістэмы аховы здароўя. Калі ты сам не хочаш быць здаровым, то медыкі тут, што называецца, бяссільныя. Забарона выкладкі, на маю думку, выдатная мера, бо мяне, як чалавека, які не курыць, проста раздражнялі створаныя курцамі чэргі ля касы. Чаму я павінен стаяць і назіраць, як нехта разважае, які пачак яму выбраць? А ў чарзе гэтай стаяць і дзеці, вымушаныя назіраць гэтае шоу... Грамадства не павінна падтрымліваць ні курэнне, ні працэс яго набыцця. Выдатна, што і ў сталіцы забаронена курэнне на тых жа прыпынках — трэба абараняць тых, хто не курыць і каму дым наогул проціпаказаны — дзяцей і цяжарных. Бары і рэстараны таксама павінны думаць аб правах тых, хто не курыць. Акцызная, цэнавая палітыка ў нас узгоднена з ЕАЭС, і гэта важна. І, дарэчы, цалкам апраўдана, калі мець на ўвазе, што ў нас не страхавая медыцына, а тытунь стварае сур'ёзныя праблемы для нашай аховы здароўя. Хоць цэны ў нас не з'яўляюцца ўсё яшчэ неверагодна высокімі. Я памятаю, як цыгарэты атаясамлівалі з нейкім шармам, але сёння мы павінны паказаць, што гэта адны праблемы і злачынства супраць здароўя.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: У нас не кураць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.