Вы тут

Дадатковы набор на бюджэтныя месцы пачнецца 26 ліпеня


26 ліпеня ў прыёмных камісіях некаторых ВНУ распачнецца прыём дакументаў ад абітурыентаў у рамках дадатковага набору на бюджэтныя месцы.


Па стане на 22 ліпеня пра неабходнасць дадатковага набору ўжо праінфармавалі на сваіх сайтах Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна.

У прыватнасці, на геаграфічным факультэце БДУ на дзённай форме навучання вакантнымі засталіся па два месцы на спецыяльнасцях «геалогія і разведка карысных выкапняў» і «геаінфармацыйныя сістэмы (кірунак — зямельна-кадастравыя)», а на спецыяльнасці «гідраметэаралогія» чакаюць абітурыентаў яшчэ 7 бюджэтных месцаў. На ваенным факультэце на спецыяльнасці «геаінфармацыйныя сістэмы (кірунак — спецыяльныя)» засталіся вакантнымі два месцы.

На завочнай форме навучання на геаграфічным факультэце на спецыяльнасці «геаэкалогія» — 4 вакантныя месцы, на гістарычным факультэце на спецыяльнасці «дакументазнаўства» — 2, у Інстытуце журналістыкі на спецыяльнасці «журналістыка» (кірунак — друкаваныя СМІ)» — 3.

У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце вакантныя месцы ёсць на дзённай бюджэтнай форме навучання на спецыяльнасці «матэматыка і інфарматыка». Падаваць сюды свае дакументы могуць абітурыенты, якія набралі на ЦТ па дзяржаўнай мове не менш як 10 балаў, па матэматыцы — не менш як 15 балаў і па фізіцы — не менш як 10 балаў.

Вакантныя месцы ёсць таксама ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова і ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Больш падрабязная інфармацыя пра дадатковы набор будзе размешчана на сайтах ВНУ да 25 ліпеня ўключна.

Нагадаем, што мінімальныя балы па прадметах ЦТ, з якімі можна будзе паступаць у рамках дадатковага набору, зніжацца не будуць! На вакантныя бюджэтныя месцы могуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

Акрамя таго, удзельнічаць у конкурсе могуць грамадзяне Украіны, што пражывалі і навучаліся на тэрыторыі Данецкай або Луганскай абласцей, якія прыбылі ў нашу краіну для атрымання дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне.

Залічэнне ў рамках дадатковага набору пройдзе па 31 ліпеня.

А ў Міжнародным універсітэце «МІТСО» падаць дакументы на бясплатныя месцы можна да 1 жніўня. Сёлета ва ўніверсітэце прынята рашэнне аб выдзяленні абітурыентам 55 бясплатных месцаў. На іх могуць прэтэндаваць усе, чый сумарны бал не меншы за 300 (тры сертыфікаты ЦТ плюс сярэдні бал атэстата).

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дадатковы шанц стаць «бюджэтнікам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».