Вы тут

Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць


Як паведаміла прэс-служба беларускага лідара, кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і добраўпарадкаванні абласнога цэнтра. Праграма рабочай паездкі ўключала наведванне прадпрыемства «Тэхналіт» і ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання».


У час наведвання прадпрыемства «Тэхналіт» Прэзідэнту далажылі аб развіцці інавацыйных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці высакаякасных дэталяў рухавікоў і гідратрансмісій, развіцці экспарту і імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка асабліва цікавіўся перспектывамі развіцця прадпрыемства. «Тое, што створана добрая вытворчасць, — гэта факт. Але гэта зярнятка, якое добра ўзышло, прарасло. Сёння ўбяром, а заўтра трэба пасеяць, каб больш атрымаць. Павінен быць мультыплікатыўны эфект», — сказаў Прэзідэнт.

Міністр прамысловасці Віталь Воўк далажыў кіраўніку дзяржавы аб прапанове прадаставіць дадатковыя плошчы для развіцця «Тэхналіта» на магілёўскім заводзе «Строммашына», на базе якога прапануецца стварыць індустрыяльны парк з рознымі вытворчасцямі. Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў неабходнасці такога кроку. «Мы дамаўляліся, калі прафсаюзы паставілі пытанне па «Строммашыне», што гэта прадпрыемства як адзіную каманду і тэрыторыю мы «пасадзім» на нейкую сур'ёзную вытворчасць», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, як варыянт на плошчах «Строммашыны» можна было б наладзіць вытворчасць рознага абсталявання для калійнай галіны, паколькі цяпер на яго імпарт трацяцца вялікія сродкі. «І «Строммашына» будзе як цэласны комплекс, яго не трэба будзе дзяліць па цэхах, і так любое прадпрыемства можна падцягнуць, калі гэтага захацець».

Як расказаў журналістам дырэктар «Тэхналіта» Аляксандр Бадзяка, прадпрыемства паспяхова працуе і развіваецца дзякуючы распрацаванай інавацыйнай тэхналогіі ліцця, якая не адноўлена нікім у свеце. «Мы атрымліваем высокую якасць ліцця для дробных серый дэталяў спецтэхнікі і занялі нішу, якая не пад сілу спецыялізаваным заводам, што масава выпускаюць такія вырабы», — сказаў ён.

Дырэктар растлумачыў, што стварэнне ліцейных вытворчасцяў на прадпрыемствах, якія маюць патрэбу ў невялікіх серыях такіх дэталяў, як правіла, прыводзіць да высокага сабекошту і нізкай якасці прадукцыі. «У выніку шэраг прадпрыемстваў у Беларусі і Расіі закрылі свае ліцейныя вытворчасці на карысць нашых вырабаў. Дробныя серыі дэталяў, якія яны рабілі пад сябе, перадалі нам, — расказаў Аляксандр Бадзяка. — У нас сёння ўжо не хапае вытворчых плошчаў, мы будуемся і развіваемся».

Размаўляючы з працоўным калектывам ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будуць падтрымліваць малы і сярэдні бізнес у тым ліку за кошт кітайскіх рэсурсаў. «Мы дамовіліся з Кітайскай Народнай Рэспублікай, што фінансава недарагімі крэдытамі яны нам дапамогуць: выдзеляць пэўныя сродкі, каб мы маглі праінвеставаць такія прадпрыемствы», — адзначыў ён.

Кітай выдзеліць Беларусі прыкладна паўмільярда долараў для гэтых мэт. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што малыя і сярэднія прадпрыемствы больш гібкія, яны гатовы вырабляць прадукцыю для гігантаў беларускай прамысловасці, якім нявыгадна выпускаць дробную прадукцыю для сваіх патрэб. Паводле слоў Прэзідэнта, наведваючы завод «Тэхналіт», ён яшчэ раз пераканаўся, што неабходна знаходзіць людзей, якія хочуць стварыць свае прадпрыемствы. «Іх трэба падтрымліваць аж да стварэння імі ўласнага прадпрыемства», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларускія прадпрыемствы пераадолеюць спад прамысловай вытворчасці. «Рух ёсць. Думаю, што пасля сённяшняй гутаркі павялічым тэмпы руху наперад. Мы павінны пераадолець той спад, які адбыўся, на жаль, не па нашай віне. Сітуацыя была няпростая, але я бачу, што яна нават у Магілёўскай вобласці пачынае выпраўляцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Галоўны мой клопат, каб людзі былі занятыя, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для жадаючых працаваць я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё працоўнае месца. І такіх працоўных месцаў і ўмоў для стварэння працоўных месцаў сёння дастаткова», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што людзі павінны і самі шукаць для сябе работу. «Калі раптам у Магілёве не знойдзецца працоўнага месца, то яно будзе ў Бабруйску, Мінску, Гродне, Светлагорску, Добрушы», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для тых людзей, якія хочуць і ўмеюць працаваць, у краіне будуць стварацца працоўныя месцы. «Але, давайце адкрыта, ці ўсе гэтага хочуць?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што наведаў Магілёўскую вобласць, каб вывучыць сітуацыю ў рэгіёне. «Я хацеў на свае вочы ўбачыць, у якім кірунку развіваецца горад і яго прадпрыемствы. За апошнія гады мы некалькі разоў падыходзілі да мадэрнізацыі рэгіёна, шмат ад чаго адмаўляліся. У чарговы раз у канцы мінулага года вызначыліся, у якім кірунку будзем развіваць нашы прадпрыемствы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У мінулым годзе скончылі стварэнне вытворчых аб'яднанняў і холдынгаў. Гэта дало магчымасць больш вырабляць уласнай прадукцыі. І мне было цікава, што адбываецца пасля ўсіх прынятых мер».

Наведваючы ААТ «Магілёўліфтмаш», Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады аб развіцці прадпрыемства, аб выпуску новай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. Таксама Прэзідэнт азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння і вытворчасцю ліфтавага абсталявання па сучасных тэхналогіях.

Прэзідэнт таксама заслухаў даклад аб развіцці Магілёва і вобласці. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у горадабудаўнічы план Магілёва неабходна дадаць глянцу і гармоніі. «Я сёння спецыяльна заязджаў у горад з боку Мінска. І дамы быццам бы ёсць прыгожыя. Але няма глянцу, добраўпарадкавання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гармоніі ніякай».

Прэзідэнт адзначыў, што ў астатніх абласных цэнтрах ужо наведзены парадак і створана ўтульнасць. Аднак Магілёў адстае па гэтых пазіцыях. «Трэба разгледзець ва ўрадзе пытанне, чым мы можам дапамагчы ў гэтым кірунку. Але галоўнае, каб у вас быў па-гаспадарску складзены план мадэрнізацыі горада», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да кіраўніцтва Магілёва.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што да добраўпарадкавання горада таксама неабходна прыцягваць яго жыхароў. «Магіляўчане — спагадныя людзі», — заўважыў ён.

«Горад Магілёў за гэтую пяцігодку трэба прывесці ў ідэальны стан. Дзякуй Богу, у гарадскім бюджэце з'явіўся хоць нейкі прафіцыт, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я ўпэўнены, што з Магілёвам мы справімся. Трэба прывесці горад у парадак, і тут для гэтага ёсць усё, асабліва яго жамчужына — Днепр».

Загаловак у газеце: Рух наперад ёсць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?