Вы тут

Круты паварот міжнародных падзей


Наступствы ваеннага перавароту ў Турцыі кардынальным чынам мяняюць аблічча краіны. Затрымана больш як 13 тысяч чалавек, распушчана прэзідэнцкая гвардыя. Паводле звестак следчых, як мінімум 300 гвардзейцаў аказаліся замяшанымі ў перавароце. Акрамя прадстаўнікоў сілавога блока, праводзяцца арышты прыхільнікаў Фетхулаха Гюлена, які з 1990-х гадоў пражывае ў ЗША і якога аб'явілі ідэйным лідарам перавароту.

У прыватнасці, арыштаваны яго пляменнік і Халіс Ханджы, вядомы як «правая рука» прапаведніка. Закрываюцца ўсе ўстановы, прама ці ўскосна звязаныя з Ф. Гюленам. На тры месяцы ў краіне ўведзена надзвычайнае становішча. Цікавым сюжэтам стала пазітыўная трансфармацыя расійска-турэцкіх адносін. Арыштаваны пілоты турэцкага знішчальніка F-16, якія збілі ў лістападзе мінулага года расійскі бамбардзіроўшчык. Сам эпізод атакі на расійскі самалёт прызнаны адным з першых элементаў будучай ваеннай змовы. Безумоўна, гэта сур'ёзна палепшыць адносіны Турцыі і Расіі, што прынясе вялікую палёгку і Беларусі, якую хвалявалі дрэнныя адносіны двух сваіх важных партнёраў.

22 ліпеня Расія вярнула прамыя авіязносіны з Турцыяй, і расійскія турысты пасля больш чым паўгадавога перапынку зноў масава паляцелі на турэцкія курорты. Расійскі ўрад 22 ліпеня таксама прыняў рашэнне аднавіць дзейнасць Змяшанай міжурадавай расійска-турэцкай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Інакш могуць скласціся адносіны з ЗША. СМІ Турцыі поўныя прамых і ўскосных намёкаў на празмерна вялікую ролю ЗША ў правале ваеннага перавароту. Нягледзячы на членства ў НАТА, палітыка Турцыі зараз можа стаць у значнай ступені антыамерыканскай.


Германія стала ахвярай трох тэрактаў за адзін тыдзень. Усе тры адбыліся ў Баварыі, самай заможнай і найбольш любімай турыстамі зямлі Германіі. Першы адбыўся 18 ліпеня ў цягніку, які ішоў па маршруце Ройтлінген—Вюрцбург. 17-гадовы бежанец з Афганістана з крыкам «Алах акбар» напаў з сякерай і нажом на пасажыраў цягніка. Пацярпела чатыры чалавекі, тры былі адпраўлены з цяжкімі раненнямі ў бальніцу. Паліцыя застрэліла тэрарыста. Другі тэракт адбыўся 22 ліпеня ў Мюнхене. Тэрарыст з двайным грамадзянствам (Германіі і Ірана) купіў праз інтэрнэт пісталет Glock, які любяць выкарыстоўваць спецслужбы, і атакаваў наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Загінула дзесяць чалавек, тэрарыст пакончыў з сабой. Наступны тэрарыстычны акт адбыўся ў нямецкім горадзе Ансбаху 24 ліпеня.

Бежанец з Сірыі, якому год таму было адмоўлена ў прадастаўленні прыстанішча, сабраў выбуховае прыстасаванне і паспрабаваў пранікнуць на музычны фестываль. Убачыўшы, што наведвальнікаў аглядаюць, ён павярнуўся і падарваў выбуховае прыстасаванне каля ўвахода ў рэстаран Eugens Weіnstube. Паводле папярэдніх звестак, пацярпела 12 чалавек, сам тэрарыст загінуў. Толькі адзін з нападаў — 22 ліпеня — пакуль што не звязваюць з «Ісламскай дзяржавай». Калі ўлічыць, што 24 ліпеня яшчэ адзін сірыйскі бежанец у горадзе Ройтлінген засек мачэтэ ў парыве рэўнасці сваю былую каханую і параніў яшчэ чатырох чалавек, перш чым быў абясшкоджаны, то можна смела казаць пра шок, які ахапіў Германію, што, безумоўна, будзе мець і палітычныя наступствы на ўжо блізкіх парламенцкіх выбарах.

Захоп заложнікаў у Арменіі трансфармаваўся ў пратэстную акцыю. Нагадаю, 17 ліпеня група ўзброеных людзей захапіла будынак палка патрульна-паставой службы ў сталіцы краіны, пры гэтым загінуў палкоўнік паліцыі. Некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў былі ўзяты заложнікамі. Удзельнікі нападу вылучылі патрабаванні па адстаўцы Прэзідэнта краіны і вызваленні лідара радыкальнага апазіцыйнага руху «Новая Арменія» Жырайра Сефіляна, які быў раней арыштаваны за захоўванне зброі. Да суботы ўсе заложнікі былі адпушчаны, але будынак палка па-ранейшаму кантралюецца нападаўшымі. Да ўсяго іншага, у іх знайшліся прыхільнікі, якія перыядычна спрабуюць правесці побач з будынкам пратэстныя мітынгі.

19 ліпеня адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам старшыні фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай думе Генадзя Зюганава. Можна цалкам пагадзіцца з фразай высокага госця: «Калі б мы дапаўнялі адзін аднаго і адначасова менш таргаваліся вакол цаны то на нафту, то на газ, то на мяса, то на малако, а думалі аб эфектыўнай кааперацыі, мы б былі канкурэнтныя з кім заўгодна».

20 ліпеня беларускі Прэзідэнт правёў сустрэчу з прэзідэнтам карпарацыі «СІЦІК Груп» Ван Цзюнам. Кітайская карпарацыя з'яўляецца адной з найбуйнейшых у свеце і ўжо даўно працуе на тэрыторыі Беларусі. Толькі пазітыўна можна ўспрыняць той факт, што акрамя ажыццяўлення работ па звязаных крэдытах кітайскага ўрада, «СІЦІК Груп» пераходзіць да рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі ўласных інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, распачата будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу па праспекце Пераможцаў у Мінску і на сустрэчы абмяркоўваўся ўдзел кампаніі ў маштабных сумесных праектах у сферы машынабудавання.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.