Вы тут

Мы ўсе — дзеці…


Пакістан — краіна ўсходняга рэгіёна са сваёй багатай загадкавай гісторыяй і культурай. У гэтай краіне суіснуюць шмат народаў, носьбітаў каля 70 моў: урду, пенджабі, сіндхі, пушту, белуджы, брахуі, сараікі і іншых. Гэта цяжка ўявіць нам, жыхарам Беларусі, дзе мовы нашых суседзяў збольшага роднасныя.

Рэдакцыя «Полымя» наладзіла сувязі з Акадэміяй літаратуры Пакістана пасля наведвання Выдавецкага дома «Звязда» старшынёй гэтай арганізацыі, прафесарам Касімам Бугія на пачатку 2016 г. Акадэмія літаратуры Пакістана — дзяржаўная арганізацыя, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя літаратуры ў грамадстве, а таксама фарміраванне міжнародных культурных стасункаў.

Характар пакістанскай літаратуры ва ўсёй яе разнастайнасці, шматпластавасці, спалучае спрадвечныя веды з агульначалавечымі каштоўнасцямі, жаданнем міру і спакою ў неспакойным свеце.  

Сучасная пакістанская паэзія нагадвае духмяную кветку з цудадзейным водарам. Яна шчымліва-лірычная і летуценная. Гэтай якасцю вылучаюцца вершы пакістанскіх жанчын. «Я — рака падаючых зорак, / Ты — недасяжная мэта» (Балрай Комал).

Чытаючы пакістанцаў, разумееш, што жыццё чалавека кароткае. «Кветкі свежыя прарастаюць... на мёртвых галінках эмоцый», — адзначае Саміна Раджа. Іх аўтары сродкамі паэзіі прыцягваюць увагу да асобы чалавека, яе пачуццяў. Бо цела, як слушна адзначыла Васір Агра, «кволае, хворае» (верш «За заслонаю слёз»). Фаціма Махджуба звяртаецца ў вершы да самой сябе: «О Фаціма Махджуба, / у стане падобным / да бедных вятроў, / не адкрывай свае раны, / не адкрывай свайго смутку / гэтаму вар’яцтву».

У сучасным грамадстве вельмі мала любові. У чалавека ёсць свае абавязкі: «Я павінна стаяць у пакоі. / Людзі выклікаюць мяне. / <…> Горад пылу, малюнак у маёй руцэ», — сцвярджае Фаціма Хасан. Усе справы — гэта пыл, пыл у кватэры пераходзіць у пыл вуліц горада, справы нашыя таксама пыл…

Зэхра Ніхаг прысвячае свой верш сляпой дзяўчынцы, якая была пакараная згодна з правіламі адату: «Вязень, / вольная я / і ў маленькім пакоі; / за акенцам у столі / ходзіць сонца». Др. Максуд Джафары піша верш «Праслаўленне міру»...

Мы ўсе дзеці, усе мы ніколі не вырасцем, «вочы, якія ніколі не вырастуць», як піша Насрын Анджум Бхаці. Мы будзем змагацца, бо жыццё прызначанае для змагання.

Шчыра прызнаюся, калі мне ў рукі трапілі кнігі пакістанскіх аўтараў, дасланыя Акадэміяй літаратуры Пакістана, я апынуўся пад уладай трагічных успамінаў. Адна з былых супрацоўніц Выдавецкага дома «Звязда», Кацярына Безмацерных, загінула ў гэтай далёкай спякотнай краіне. Дзяўчына працавала ў часопісе «Бярозка», а потым, апантаная Азіяй, выправілася ў жаданае падарожжа. Пасля свайго вяселля яны з мужам, Аляксеем Ільюшыным, праехалі праз Грузію, Арменію, Іран, меркавалі завітаць у Індыю, а далей — у Камбоджу... Маладая сям’я трапіла ў аварыю: машына, у якой яны знаходзіліся, перакулілася ў абрыў.

Таму шчыра, прапускаючы праз асабістае і часам балючае, здзяйсняліся пераклады з літаратуры краіны багатай і самабытнай культуры. Спадзяюся, што чытачы змогуць пашырыць геаграфічныя, сацыяльныя, культурныя ўяўленні пра Пакістан праз літаратуру…

 

Адам ШОСТАК

 

 

Пацеркі слоў

 

 

Разак НАДЗІР

 

Малітва

Супакой майго сэрца,

Мілыя дзеці!

Вы бязвінныя і маладыя,

Вы не ведаеце,

Вы не зналіся з

Варажнечаю праўды й хлусні,

Як знішчае род чалавечы яна

І робіць слабым чалавека.

Пахавайце у праху яе.

Хай вас Бог абароніць

Ад болю й пакутаў!

Хай вас Бог уратуе

Ад бязладдзя гэтага свету!

Але я не шкадую,

Што прайшоў па жыцці,

Як распалены камень з гары.

Не шкадую таксама,

Што зблукаў

Караван маіх чыстых жаданняў.

Не шкадую й аб тым,

Што не змог назбіраць

Вам багацця ці скарбаў якіх,

Як дзяды ў прамінулыя дні.

А шкадую,

Што не здолеў пакінуць

Лепшай будучыні для вас.

 

 

Др. Максуд ДЖАФАРЫ

 

Праслаўленне міру

Мір — гэта дар, што яснее дабраславеннем.

Мір — пышны сад разнастайных пачаткаў.

Мір — гэта кветка, але без калючага церня.

Мір — нібы ціхі й рахманы сардэчны каханак.

Бог любіць мір, за Богам пайшоў і Прарок.

Міру пасланне — шанаваць чалавечнасць.

І духоўнасць ніяк не магчыма без міру.

Мір — гэта ружы духмянасць і жар.

Мір каштоўней любое раскошы смарагдаў.

Ператворыць зямлю ён у месца вышэй за нябёсы.

А любоў да яго дабрабыт нам прыносіць і лад.

Мір — сарцавіна і сутнасць вучэнняў усіх мудрацоў.

 

 

Анджум САЛІМІ

 

Я — Праўда

О бязвінная доля

Усяго, што на сэрцы!

Не пытай,

Не рушай цішыні

І звычаю трымайся.

Расчырвонь маю кроў

Скамяні, дай атруты, павесь!

Сідхартха!1

 

1 Сідхартха — імя Гаўтамы Буды, дадзенае яму пры нараджэнні.

 

Рушма, любы мой спадарожнік,

Будзем жыць адзінока.

Сонца ўткнем над галовамі нашымі,

Сядзем разам у ценю старога баньяна.

Жыхары места гэтага ўсе

Сляпыя, нямыя, глухія.

 

То каму мы пакажам уласныя раны

Ці раскажам пра мроі дзівосныя сэрца?

 

 

Зэхра НІГАХ

 

Правы суд

(сляпой дзяўчынцы, якая была асуджана згодна з адатам2)

 

2 Адат – звычайнае права ў некаторых мусульманскіх народаў.

 

Вязень,

вольная я

і ў маленькім пакоі;

за акенцам у столі

ходзіць сонца,

пакуль не садзіцца;

светлапромні

пяшчотна сыходзяць

і па гэтай сцяжынцы

я вандрую дамоў;

тата мой акурат

вяртаецца

з места,

несучы для мяне

грэбень, шаль, бранзалеты, сурму

і мноства драбностак;

абодва браты

пры мячэці

вучацца, як і раней;

Божыя прыказанні

завучваюць і чытаюць;

сёстры маю долю хлеба

складаюць у кошык:

аддадуць вераб’ям

на світанні;

матуля амаль звар’яцела,

каменне збіраючы,

гаворачы з вераб’ямі,

што дзёўбаюць зерняткі;

кажа:

вераб’і, спасцігнуўшы праўду,

ва ўласных дзюбках і капцюрках

расціснуць каменне;

а затым уздымецца бура,

знішчыць творцаў закону

і зруйнуе амбоны;

правы суд Самому Сабе Ён даверыць,

Усявышні,

адзіны для кожнага з нас,

Усяхвальны, Вялебны.

 

Ці ж магу загадаць я матулі,

хіба я Кааба,

Госпадаў Дом?

 

 

Вазір АГА

 

За заслонаю слёз

Смех спыніўся.

І зноўку кот,

Стаючы на дыбкі,

Слізгаціць па ядвабнай руцэ,

Прамінуўшы даліну шыі.

На сцяну ўзабраўшыся вуха,

Робіць скок у веранду нутра.

А цела...

Кволае, хворае цела —

Ўсё яно —

З сарцавіны катастрафічнае радасці,

Гэтай нарастаючай плыні смеху,

Прапішчэла:

«Досыць, тата!

Тата, спыні ката!

Хай гэты кот не ідзе далей!»

 

І тата

Спыніў свой палец,

І кот

Нырнуў у ягоныя грудзі скачком.

І затым

На дыбках

Па расцягнутых венах ягонага цела

Пранік да вачэй.

Зрабіўшы засаду,

Ён сядзіць

За заслонаю слёз!

 

 

Шахзад АХМЕД

 

Вэлюм цямрэчы

Адчуванне гаркоты наплывае штохвілі.

Хто яна, неспакойная гэта істота,

Што ўвесь час не спыняе ў мяне ўзірання

І ніколі не стане на вока?

Ды яе існаванне льга адчуць за заслонай цямрэчы,

Што хаваецца

Не адна, а з мільёнамі злыбедных духаў,

З незлічальнаю лічбай вачэй,

Летучы унутры,

Вокал сценаў цямрэчы.

То задушлівыя светлякі,

Што не могуць памерці.

Хай сабе й нежывы,

Я вандрую навокал

І кажу да людзей:

Слухайце сваіх пашанотных.

І думаю ў сэрцы:

Ці гэтыя людзі адчувалі калісьці гаркоту?

Гаркоту...

Якая таварыш мой штохвілінны,

Загорнуты ў вэлюм цямрэчы.

 

 

Саміна РАДЖА

 

Хрызантэма

Хто прынёс хрызантэмы на сходы гэтага дома?

Подых ветрыку лёгкім прайшоў шапаценнем!

Кветкі свежыя прарастаюць... на мёртвых галінках эмоцый.

Хто прыходзіў, прынёс... і ні поступу крокаў, ні стуку

Не знаходжу на лісці... ні імя, ні паслання

У атмасферы халоднай... з цеплыні прахалоднай жадання

І напругі здзіўлення на сэрцы

Выбухае ўваччу колер мноствам іскрынак.

 

То было таямніцай глыбокай... як жа нехта пасмеў пра яе распавесці!

 

Там, за сметнікам цішыні гэтага дома,

Цела згарае ў агні ледзяным развітання!

 

 

Сахар ІМДАД

 

Як ссохлае лісце

Неспадзявана сёння

страх абудзіўся

на сэрцы:

знік мой твар.

 

На сцяне — прама —

люстра;

падышла —

там нічога, пустэча.

 

Страх у сэрцы

стаіўшы,

я рукамі

абмацала твар:

 

вусны,

вочы,

і нос,

і аблічча,

і бровы

 

Нічога няма,

толькі мур;

а кранула яго —

мае пальцы,

як ссохлае лісце,

апалі.

 

 

Насрын Анджум БХАЦІ

 

Запаліла ліхтар

Запаліла ліхтар

І паставіла ў склепе,

Засталася на стражы.

 

Я, вада і сасуды.

Дасі мне прытулак,

І я існавацьму.

 

Той, для каго сузірала,

Незаўважаны ўперад пайшоў.

 

 

Пушпа ВАЛАБХ

 

Слова між слоў

Я вада.

Не знявольвай мяне ў невялічкай пасудзіне.

Дай мне плысці.

Прызначэнне маё — рух наперад,

Пракладанне ўласнага шляху.

 

Я каханне.

Не разглядвай мяне за адценнямі колеру —

Стану тым,

Які абярэш самастойна.

Не вышуквай мяне

У вачах толькі пэўнага з іх —

Я прысутнае ў кожным адразу.

 

Я малітва.

Не чакай ад мяне адназначнага кшталту —

Буду тым,

Які абярэш самастойна.

Не шукай па абліччах,

Бо пэўнага з іх не прымаю.

 

Я і Біблія адначасна, і Гіта,

Толькі ў кнігах мяне не шукай:

Я слова,

Што ляжыць паміж слоў.

 

Пераклаў Алесь БРАЗГУНОЎ.

 

 

Шахэн МУФЦІ

 

Пратакол

Момант развітання Евы

Нямы, бы падмуркі сценаў.

Мігаценне зорак запрашае

Патлумачыць ім мовай звычайнага

Вінаватага, усміхнуцца, ашчэрыцца,

Здзейсніць апошнія мары —

Выхавання перад адчаем.

 

 

Азра АББАС

 

Верш

Тыя, хто не загінуў

падчас

перасячэння дарогі ў сваім дзяцінстве,

паглыналіся

эпідэміямі.

 

Тыя, хто ацалеў

падчас

эпідэмій,

трапілі

пад нечаканую бяду

і памерлі.

 

Тыя, хто ацалелі,

збітыя іншымі ацалелымі,

 

І тыя іншыя ацалелыя

потым

памерлі ўласнай смерцю

 

 

Парвеен ШАКІР

 

Суцяшальнае

Цяпер, калі я зачыніла дзверы

горада кахання

перад сабою

і закінула ключы

ад кожнага з варотаў

у мора нефрытавага забыцця,

цяпер са мною баязлівае пачуцце,

такое суцяшальнае.

 

За нерухомымі сценамі вязніцы

маленькай дзірачкай

у старым абнесеным сцяною горадзе

невялічкае акенца,

дагэтуль адкрытые мною.

 

 

Насрын Анджум БХАЦІ

 

Вочы, якія ніколі не вырастуць

Ці забаронена ўвесну марыць?

Усё паглынаецца агнём,

шлях счырванелы гіяцынтаў

дабіраецца даўгімі шляхамі мегаполісаў.

 

Хто прыгожы, як Венера ў горадзе,

пазычае колер сезонны?

Адзіны, хто робіць цацкі з агню,

што стварыў сэрцы.

Адзіны, хто вышыты вадою,

сее самотнае семя,

плача ў сваім сэрцы.

 

Але вочы ніколі не вырастуць.

Пра які перыяд жыцця ты гутарыш?

Пытанні, толькі пытанні.

 

Калі я малюся за цябе ад цябе,

з кім ты застанешся,

падлічваючы на сваіх пальцах?

 

Ты павінна быць высакароднай.

Ты павінна быць

Голасам кахання.

Я не пабачу павагу ў тваіх вачах.

Я не зараблю дурную славу сабе —

імя для тваіх вачэй.

Дазволь ім быць без імя —

Дзвюм кроплям дажджу,

што ззяюць часова.

Часовае пройдзе, і яны загінуць.

 

Твае вочы прыгнятаюць мяне,

І я трываю іх.

Дазволь ім застацца са мною.

 

 

Фаціма МАХДЖУБА

 

Завея

Гэта быў звычайны дзень

у звычайны сезон.

Няцотная гадзіна была,

калі завея пачалася.

 

Як антылопа,

павольна адскоквала,

дыхала жахам,

але калі датыркнулася

да маёй далоні,

стала спакойнай.

 

Завея з’явілася,

як сонечны сон,

які робіць шчаслівым

спадарожніка

палаючае сэрца.

Вербаў вышыні.

Хмарнае неба.

 

Пабачыўшы мяне,

яна пайшла туманным шляхам.

І надвор’е таксама.

І завеі свіст.

 

О Фаціма Махджуба,

у стане падобным

да бедных вятроў,

не адкрывай свае раны,

не адкрывай свайго смутку

гэтаму вар’яцтву.

 

 

Салма ШАХЭН

 

Мае жахі

Увосень начны напад

На мае шчаслівыя мары. Мая мара

Збудаваць гняздо абрынулася кашмарам.

Ён, праўда, прайшоў.

Я ведаю, дзе ты размяняў сваё каханне.

Але прыліў вясновы

Нядоўга трымаўся.

Ты хочаш ведаць, хто я?

Я — палаючае полымя ў цемры часу.

Я смяюся з таго, што ты зрабіў

Мне.

Дыханне майго жыцця

Не мае шматспадзеўнага

Месца прызначэння.

Караван задаволены мною.

Пакажу яму дарогу.

Ты пакінуў мяне; для цябе я засталася невядомай

Ты думаеш, што я бескарысная.

Але я карысная свету.

 

 

Кунвар НАРАЙН

 

На восьмым паверсе

Я жыву на восьмым паверсе

у маленькай кватэры

ўсё адна.

Пара вокнаў у кватэры

адчыняюцца вонкі.

Гэта жахліва.

Я павесіла важкія фіранкі

на вокны.

Не, я не прадчуваю небяспеку

звонку. Уся гэтая вышыня

не паспее ўварвацца звонку.

Небяспека жыве ўва мне,

жахлівыя рэчы здараюцца наўкола,

гэта ізаляцыя і нудота —

у акне на восьмым паверсе.

 

 

Азра АББАС

 

Рукі на стале

Рукі адпачываюць на стале,

я падымаю іх,

але яны застаюцца на стале

і смяюцца.

 

Раблю высілкі

падняць абедзве рукі

уласнымі рукамі

са стала.

Я адрываю іх зубамі,

але яны не рухаюцца,

застаюцца там,

на стале,

з адбіткамі зубоў на іх,

прыглушаныя, зафіксаваныя, узіраюцца.

Я гляджу на іх;

колер стала

насычае мае вочы,

засынаю на руках,

якія застаюцца

на стале.

 

 

Балрай КОМАЛ

 

Рака падаючых зорак

Я — рака падаючых зорак,

Ты — недасяжная мэта.

Ты зорка, сонца

ці чароўнае акно ў далёкай краіне,

горад, што гарыць на нейкім беразе,

повязь джунгляў праз даўгія стагоддзі.

Я тэлефаную да твайго духа жыцця,

а ты дрыжыш, атакаваны ўсмешкай.

Ці пустэча ты,

вецер, безыменны вецер?

Чаму маці дала табе цела,

калі ты быў богам;

калі ты быў пачуццем;

чаму ты ганарышся поглядам і вуснамі

сваёй рамантычнай далікатнай хады

калі ты толькі водар;

чаму ты жадаеш пакінуць маляўнічы сад?

Я — рака зорак, што падаюць пры першай магчымасці.

Я падаю, лятаю струменьчыкамі твайго лёсу.

Пазбаўленая і самотная, я застаюся падарожніцай,

але я не ў чоўне.

Калі ты прыплываеш да берага,

велічна, рамантычна,

я пагляжу на твае пачуцці, якіх не існавала,

на думкі, водар, апошнія мары,

я пагляжу на цябе з адлегласці.

Я — рака падаючых зорак.

Я пакіну і размяркую глыбіню турбуленцыі цёмных акіянаў.

 

 

Фаціма ХАСАН

 

Іншы дзень

Людзі хаваюць мяне ад памяці,

калі я аднойчы жадаю ўзгадаць,

калі я аднойчы павінна выцягнуць са сваёй пустой сутнасці,

рассейваю яе бясплоднасць.

Сэрца, пакой

упрыгожаны малюнкамі;

немажліва сцерці пыл у ім, збіваецца

пыл у новы пыл,

дадае яшчэ і яшчэ бруду.

Я павінна стаяць у пакоі.

Людзі выклікаюць мяне.

Я пакідаю малюнкі пад слоем пылу,

забываю на ўсе дамоўленасці.

Горад пылу, малюнак у маёй руцэ.

Пылінкі

засланяюць мае вочы,

адзенне забруджваецца,

я выходжу.

Дзверы зачыняюцца.

Іншы дзень, па-за межамі пакоя,

я жадаю, каб настаў у жыцці.

 

Пераклаў Адам ШОСТАК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.