Вы тут

Леанід Мальцаў: трэба адаптаваць ахову мяжы да выклікаў бяспецы


Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі з красавіка па чэрвень праводзілася праверка органаў пагранслужбы па пытаннях аховы дзяржаўнай граніцы. У тым ліку правяралася работа пагранічнікаў у пунктах пропуску, ахова непасрэдна зялёнай граніцы і работа ў пагранічнай зоне. Па выніках праверкі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з удзелам адказных за гэту сферу асоб для прадметнай і, можна сказаць, мужчынскай размовы. Нягледзячы на відавочныя дасягненні ў развіцці пагранведамства, ва ўдасканаленні метадаў аховы граніцы, размова ў першую чаргу вялася аб выяўленых недахопах і шляхах іх устаранення. Аб выніках нарады журналістам расказалі дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў.


Відаць станоўчая дынаміка, але ёсць і хібы

"Кіраўнік дзяржавы адзначае, што апошнія гады зроблена нямала па ўзмацненні граніцы, павышэнні эфектыўнасці пагранічнай дзейнасці. І гэта на самай справе так. Відаць станоўчая дынаміка. Разам з тым ёсць і хібы ў дзейнасці ведамства. Па розных прычынах, як аб'ектыўных, так і суб'ектыўных. Аб гэтым сёння таксама ішла крытычная размова", - адзначае дзяржсакратар Савета бяспекі.

Па выніках абмеркавання дадзены канкрэтныя даручэнні, якія датычацца ўдасканалення работы і падрыхтоўкі пагранічнікаў, павышэння эфектыўнасці аператыўнай работы сярод насельніцтва ў пагранічнай зоне.

Прыярытэты - антытэрор і эканамічная бяспека

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, каб была праведзена ацэнка прыярытэтаў у дзейнасці ведамства, прысутнічала выразнае разуменне, ад якіх менавіта пагроз неабходна абараняць краіну на граніцах. У ліку асноўных прыярытэтаў называліся эканамічная бяспека і процідзеянне тэрарыстычным пагрозам.

Важна не дапусціць падрыву стабільнай сітуацыі ў галіне пагранбяспекі і не ўпівацца цяперашняй параўнальна спакойнай абстаноўкай. У сувязі з гэтым Прэзідэнт патрабуе, не здымаючы ранейшых задач, канцэнтравацца на галоўным. Неабходны пастаянны і няспынны аналіз сітуацыі з боку не толькі Дзяржпагранкамітэта, але і сілавога блока краіны ў цэлым.

"Прэзідэнт канкрэтызаваў задачы. Неабходна прааналізаваць рызыкі, выклікі і пагрозы не толькі пагранічнай, але і нацыянальнай бяспецы і адаптаваць сістэму аховы граніцы да іх, каб мы маглі іх своечасова парыраваць", - расказаў Леанід Мальцаў.

Праверкі стануць рэгулярнымі

Паводле слоў Станіслава Зася, у час праверкі работа пагранічнікаў вывучалася ў паўсядзённым рэжыме, у тым ліку з прыцягненнем умоўных парушальнікаў, якія правяралі на пільнасць айчынных вартавых граніцы. "Гэта нармальны працэс. Людзі павінны адчуваць, што ажыццяўляецца кантроль над гэтай дзейнасцю. Таму праверкі будуць прадоўжаны", - сказаў ён.

"Павук" будзе ахоўваць рубяжы Беларусі, але пагранічніка ніхто не заменіць

Паводле слоў Леаніда Мальцава, адзін з важных напрамкаў - работа з асабовым складам, каб у кожнага пагранічніка было разуменне таго, што ён на апошнім рубяжы прадстаўляе свой народ і краіну, а не проста асобнае ведамства. "Калі мы дасягнём такога ўзроўню, тады і ўзровень пагранічнай бяспекі будзе на вышыні. На жаль, ёсць яшчэ пэўныя недахопы, і пра іх якраз строга і патрабавальна гаварылася для таго, каб мы іх устаранілі", - сказаў кіраўнік пагранведамства.

Зрэшты, на дапамогу беларускім пагранічнікам гатовы прыйсці айчынныя тэхнічныя распрацоўкі. Адна з іх - нядаўна створаны хутка разгортвальны сігналізацыйны комплекс "Павук", які не толькі рэагуе на чалавека або звера, але таксама на розныя лятальныя апараты на вышыні да аднаго кіламетра. "На нізкіх вышынях заўсёды была праблема. Мы здолелі атрымаць сродак, які будзе кантраляваць паветраныя цэлі з нуля да 1 тыс. м, і іншыя сігналізацыйныя комплексы", - заявіў Леанід Мальцаў.

"Але абсалютна слушная думка, што пагранічніка ніхто не заменіць. Розныя тэхнічныя сродкі, тэхналогіі толькі ўзмацняюць магчымасці", - дадаў ён.

Самая высокая ўзнагарода - гэта мір і бяспека

Леанід Мальцаў расказаў, што ў развіцці ўзаемадзеяння з насельніцтвам прыгранічных тэрыторый ёсць рэальныя рэзультаты. Тыя, хто дапамагаюць у затрымцы парушальнікаў, могуць разлічваць на канкрэтную ўзнагароду. "Але самая вялікая ўзнагарода, не толькі для жыхароў прыгранічча, - гэта тое, што мы жывём у міры, гэта стабільнасць. Кожны павінен разумець, што гэта ад яго залежыць, і дзейнічаць адпаведна", - упэўнены старшыня Дзяржпагранкамітэта.

"У рабоце з насельніцтвам прыгранічча ў нас ёсць пэўныя зрухі. Калі параўноўваць з мінулымі гадамі, то павялічылася колькасць аператыўнай інфармацыі ад мясцовага насельніцтва, колькасць затрыманых парушальнікаў пагранічнага рэжыму дзякуючы інфармацыі насельніцтва, намнога зменшылася колькасць беспадстаўных паведамленняў. Мы павінны ў любых умовах забяспечыць мір і бяспеку на нашай зямлі", - сказаў Леанід Мальцаў.

Дзяржаўныя рубяжы ахоўваюць прафесіяналы

"Ваенных тэрміновай службы ў нас 20 працэнтаў, усе астатнія - афіцэры, прапаршчыкі. І ідзе сур'ёзная падрыхтоўка", - падзяліўся падрабязнасцямі Леанід Мальцаў.

Паводле яго слоў, апошнія гады значна палепшылася матэрыяльная база для падрыхтоўкі пагранічнікаў, працуе Інстытут пагранічнай службы, у вучэбны працэс укаранёны самыя сучасныя ІТ-тэхналогіі, удакладнены праграмы абучэння.

Створана і сістэма падбору на тэрміновую службу. "Ідзе адбор, у тым ліку задзейнічаны псіхолагі. Пасля гэтага прызыўнік праходзіць навучанне, і толькі потым ён ідзе выконваць задачы на дзяржграніцы. Прычым ён выконвае гэтыя задачы не адразу адзін, а нехта старшы кіруе, абучае. А на пагранічным кантролі ў нас афіцэры або прапаршчыкі", - сказаў кіраўнік Дзяржпагранкамітэта.

Разам з тым Прэзідэнт паставіў задачу палепшыць якасць падрыхтоўкі асабовага складу па асобных напрамках.

Граніца надзейна закрыта

У якасці прыкладу таго, што зроблена ў развіцці пагранічнай інфраструктуры за мінулыя некалькі гадоў, Леанід Мальцаў прывёў украінскі напрамак. А гэта больш за тысячу кіламетраў. Раней пра гэту граніцу сапраўды можна было гаварыць умоўна. Аднак пасля ратыфікацыі дагавора паміж Беларуссю і Украінай аб дзяржаўнай граніцы пачаўся працэс яе дэмаркацыі - інакш кажучы абазначэння на мясцовасці.

"Паралельна мы разгарнулі новы пагранічны атрад у Мазыры, разгорнута сем новых пагранічных застаў, тры новыя пагранічныя пасты. Праведзена інжынернае абсталяванне граніцы. Уздоўж усёй граніцы прысутнічае кантрольна-следавая паласа, - расказвае старшыня Дзяржпагранкамітэта. - Створаны пункты тэхнічнага нагляду на спецыяльных вышках. Яны аснашчаны аптычнымі, радыёлакацыйнымі сродкамі назірання, у тым ліку ў інфрачырвоным дыяпазоне. Стаяць сігналізацыйныя комплексы. Інакш кажучы, граніца надзейна закрыта".

"У тым, што мы правільна зрабілі, няма сумненняў. Таму што, на жаль, затрымліваем і зброю, і боепрыпасы", - канстатаваў Леанід Мальцаў.

Разам з тым пагранічнікі не аслабляюць увагі і на іншых напрамках, асабліва ўлічваючы сучасную абстаноўку ў свеце. "Рызыкі, выклікі і пагрозы на дзяржаўнай граніцы скарацечны. Сёння, здаецца, нічога няма на якімсьці напрамку, а заўтра штосьці здарылася, і адразу ўзнікае цэлая пагроза, - дадаў старшыня Дзяржпагранкамітэта. - Таму Прэзідэнт і паставіў задачу цяпер прааналізаваць сучасныя рызыкі, выклікі і пагрозы, каб яны своечасова выкрываліся і па іх прымаліся меры".

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.