Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» склаў барадаты даведнік


Што знешне аб'ядноўвае Сакрата, Карла Маркса і Льва Талстога з мужчынамі-сучаснікамі? Ніколі не памыліцеся, калі скажаце — барада. Расліннасць на твары зноў у модзе. І апынуцца ў вагоне метро паміж барадачамі гэтак жа лёгка, як і сустрэць на вуліцы дзіця з марозівам. У сваю чаргу карэспандэнт «Звязды» склаў барадаты даведнік, у якім знайшлося месца жартам, дзецям, цырульнікам і нават касметыцы, якая дапамагае хутчэй адгадаваць бараду.


Успрыманне. Нарвежац ці Ісус

Маё знаёмства з барадой адбылося ў дзяцінстве і было надта драматычным. У нейкі момант бацька на некаторы час вырашыў стаць барадачом. І калі пасля доўгага перапынку я ўбачыў яго, дык проста не пазнаў, што выклікала ў мяне пратэст і істэрыку. З тых часоў тату з барадой я больш не бачыў.

Стаўленне блізкіх да барады бывае своеасаблівым. Дзеткі, напрыклад, бачаць у ёй цацку, часам так і хочуць яе патузаць. Але больш цікавае ўспрыманне незнаёмых, тых, хто цябе не ведае. Рэакцыя бывае нечаканай. Вось свежы прыклад.

— Нарвегія! — пачуў нядаўна, калі выходзіў з крамы і накіроўваўся дадому. — Ці чуеш мяне, Нарвегія?

Я азірнуўся. Перада мной стаяў звычайны мужчына. Праўда, ягонае здзіўленне ад убачанага было бязмежнае, як Прыпяць падчас паводкі.

— Дакладна нарвежац, — дадаў дзядзька. — Як у кіно!

Для яго дзіва, а для мяне завядзёнка, да якой ужо прызвычаіўся. Нарвежац, швед, ісландзец і нават амерыканец. З-за сваёй рудаватай барады, якую пачаў насіць гады тры таму, з лёгкай падачы прахожых я стаў чалавекам свету. Не менш цікавыя гісторыі адбываліся з калегам, журналістам Мікітам Мелказёравым, што насіў чорную шырокую бараду.

— Калі ты носіш бараду, цябе многія пачынаюць лічыць каўказцам альбо нават... баевіком, — прыгадвае Мікіта. — Неяк ехаў у аўтобусе. Трымаў у вушах навушнікі, хоць музыку не слухаў. Непадалёк сядзелі два дзядзькі і абмяркоўвалі мяне: «О, хлопец чачэнец!» — «Ды не, не ён». Чуць усё гэта ад іх, чачэнец я ці не чачэнец, мне было даволі весела. А калі я ішоў па сваім раёне ў капюшоне, мужчыны нападпітку назвалі мяне Ісусам. Хто ведае, можа я выклікаў у іх пачуццё прасвятлення?

Мікіта Рочаў — гулец футбольнага клуба «Іслач». Ён, напэўна, адзін з самых барадатых футбалістаў вышэйшай лігі. Носіць бараду ўжо чацвёрты год і наслухаўся таксама рознага.

— Партнёры па камандзе да маёй барады ўжо прызвычаіліся, — кажа Мікіта. — Але першапачаткова жартавалі, называлі тэрарыстам і проста барадатым. Але ўсё гэта працягвалася зусім нядоўга.

Не толькі жанчына ў цырульні патрабуе да сябе шмат увагі.

Прычыны. Лянота і спрэчка

У адзін цудоўны дзень я прачнуўся і ўбачыў, што па Мінску ходзіць шмат такіх, як я. Толькі ў адных барада даўжэйшая, у другіх — карацейшая. Нарвацца ў транспарце на свайго «брата» лёгка. Прычыны, чаму ў апошнія гады рэзка беларусы пачалі барадзець, многія звязваюць са з'яўленнем хіпстараў, маладзёжнай субкультуры. Адным з галоўных атрыбутаў хіпстараў называюць менавіта бараду. Але жаданне яе насіць прыйшло да мяне само па сабе. І дакладна без пабочных уплываў. З-за адчувальнасці скура хутка раздражнялася, і я вырашыў проста не галіцца. Вынік мяне цалкам задаволіў. А вось Мікіта Рочаў пачаў насіць бараду пасля спрэчкі з сябрам.

Мікіта Рочаў пачаў насіць бараду з-за спрэчкі

— Сказаў, што не буду галіцца паўгода, — прыгадвае Рочаў. — Цяпер нашу яе пастаянна. І не таму, што модна. Я лянуюся галіцца. Калі становіцца вельмі вялікай, іду стрыгчы ў цырульню. Сам раблю гэта вельмі рэдка.

— У мяне заўжды ўсё добра на твары расло, — гаворыць Мікіта Мелказёраў. — У пэўны момант з'явілася гэтае хіпстарства: модныя барбершопы, цырульні для мужчын, шмат інфармацыі пра догляд барады. Мне здалося, што гэта будзе даволі вясёлы выклік. Захацелася адгадаваць бараду. Каб была не проста шчэць, а вялікі масіў! І паспрабаваў. У мяне адрасла даволі вялікая барада. Але я адмовіўся ад яе. Цяпер у мяне сантыметровая нарасць.

Адзін з кліентаў барбершопа распавёў, што носіць бараду ўжо… 40 гадоў!

Месца. Цырульні для барадатых

Стрыгчы бараду можна было і ў звычайных цырульнях, але тры гады таму ў Мінску з'явіўся FІRM, першы барбершоп (месца, дзе робяць не толькі стыльныя прычоскі, але стрыгуць і робяць прыгожай бараду). Калі ўпершыню туды прыйшоў, адразу ўразіла атмасфера. Замест хлюпікаў-мадэляў на фотаздымках моцныя татуіраваныя хлопцы з паголенымі скронямі і акуратнымі бародамі. Гучала прыемная музыка. Мне адразу прапанавалі каву, а Аляксей, мой цырульнік, аказаўся вельмі ветлівым хлопцам і адразу пачаў распытваць, нешта раіць. Увесь працэс заняў хвілін сорак. Напрыканцы бараду намазалі бальзамам, і я выйшаў з барбершопа з цвёрдым намерам туды вярнуцца.

Праз некаторы час яны пачалі «расці» ў Мінску, як грыбы пасля дажджу. І цяпер спецыялізаваных цырульняў для мужчын і барадачоў у сталіцы каля дзесяці.

— Барада — гэта і стыльна, і модна для мужчыны, — кажа Альберт, цырульнік барбершопа «El Cartel». — Відаць, што мужчыны пачынаюць даглядаць сябе. Да нас ідзе ўсё больш і больш людзей. Мы толькі нядаўна адкрыліся, і графік распісаны з першых дзён.

— Якія бароды найчасцей стрыжаце?

— Апошнім часам вялікія пачынаюць выходзіць з моды. Цяпер усё больш мужчын носяць невялічкія акуратныя бароды. Хоць з доўгімі да нас таксама прыходзяць. Зразумела, у кожнага свая барада. Але тыя, якія растуць дрэнна, нераўнамерна, астраўкамі, стрыгчы складана. Такія немагчыма прывесці ў аптымальны стан. Нашмат прасцей, калі волас прамы. У такім разе барада хутка набывае неабходную форму.

— Мужчыны якога ўзросту пераважна прыходзяць у барбершоп?

— Гэта вызначыць вельмі складана. Але мне падаецца, што большасці з іх каля трыццаці гадоў. Многія таты прыходзяць з дзецьмі.

Догляд. Ад шампуняў да бальзаму

— Каб барада была годная, найперш трэба мець добрую генетыку, — працягвае Альберт. — Але каб яна яшчэ была больш паслухмянай, трэба дадаткова набываць касметыку.

Стрыжка барады ў барбершопе абыдзецца вам у 20—25 рублёў. Для кагосьці гэтая сума не вельмі прымальная. Таму можна паспрабаваць пастрыгчы яе самому — машынкай, прафесійнымі нажніцамі альбо звярнуцца ў звычайную цырульню. Калі барада тапырыцца, яе трэба мазаць спецыяльнымі бальзамамі. Невялічкая каробачка для ўкладкі барады абыдзецца прыкладна ў 50 рублёў, сродак, які стымулюе рост барады, — у 33 рублі. Ёсць таксама мыла і шампунь, якія мусяць зрабіць вашу бараду яшчэ больш паслухмянай. Кошт іх складае больш за 20 рублёў. У асартыменце беларускіх крамаў ёсць нават воск, які дазволіць зрабіць вашыя вусы падобнымі на тыя, што насіў Сальвадор Далі. Нягледзячы на ўсё гэта, ёсць адно правіла, якое варта выконваць абавязкова. Бараду трэба даволі часта мыць. А якімі сродкамі — звычайным шампунем, мылам ці не — вырашаць ужо вам.

Увага дзяўчат. Ад любові да непрымання

Барада — штука даволі спецыфічная. Асабліва, калі набывае значныя памеры. А таму не дзіўна, што некаторыя жанчыны яе не любяць. Канадскі хакеіст-барадач Джон Торнтан неяк прызнаўся, што жонка ненавідзіць ягоную вялікую бараду, але ў сям'і з'явіўся кот, які любіць залазіць у яе лапкамі. Мікіта Рочаў таксама прызнаўся, што напачатку барада выклікала крытыку. Асабліва з боку бабуль.

— Але маёй каханай яна падабаецца, — дадае Мікіта. — І яна яшчэ не прасіла, каб я з барадой развітаўся. Просіць, каб галіўся толькі тады, калі яна становіцца вялікай.

Аднак, каб сапраўды зразумець, ці падабаюцца беларускім дзяўчатам барадатыя мужчыны, «Звязда» правяла апытанне. Агулам прагаласавала 188 жанчын. 25 працэнтаў прызналіся, што ставяцца да іх адмоўна, 20 наадварот выказалі сваё захапленне. Але большасць прагаласавала за тое, што барада — гэта не істотна, бо ўсё залежыць ад чалавека. І толькі 16 дзяўчат сказалі, што «барадачы іх ужо задзяўблі»! Што сказаць, памяркоўнасці нашых дзяўчат няма межаў...

Якаў ЖУРБІН

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Расці, барада, расці!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...