Вы тут

Хто такая сучасная 60-гадовая беларуска?


Якая яна, сучасная 60-гадовая беларуска? Чым жыве, пра што марыць? Калі вы думаеце, што ўсе яе інтарэсы абмяжоўваюцца градкамі ды ўнукамі, то вельмі памыляецеся. Ёсць, зразумела, і такія, магчыма, іх нават нямала. Але яны ўжо не ў большасці.

Знаёмцеся, сённяшняя гераіня нашай рубрыкі — 61-гадовая Святлана Багданоўская, працуе доктарам у 33-й студэнцкай паліклініцы сталіцы.


«Выходзіла з машыны з мокрай спінай...»

Мы размаўляем пра жыццё, пра апошнія падзеі і змены ў ім, і Святлана Пятроўна расказвае, як год таму, у 60 — яны разам з калегай пайшлі на курсы ваджэння. «Захацелася стаць больш незалежнай», — тлумачыць суразмоўца.

— У нашай сям'і ўсе ўмеюць кіраваць машынай: і муж, і дзеці. Муж адразу нават трохі здзівіўся, маўляў, навошта гэта табе трэба? Я адказала: «Не магу ўвесь час ад цябе залежаць, хочацца і самой вырашаць свае пытанні».

Час цяпер такі, патрабуе мабільнасці. У мяне дзеці дарослыя, унукі — хочацца і ім дапамагчы. Цяпер рабіць гэта стала прасцей. І ў цэлым, цяпер я захацела кудысьці — села і сама паехала...

— Ці цяжка было вучыцца?

— Няпроста, — не хавае праўды Святлана Пятроўна. — Аўташколу мы асабліва не выбіралі, галоўнае, каб была бліжэй да работы. Але, як аказалася, не памыліліся. Мне трапіўся вельмі добры інструктар, ну проста ад Бога. Алег Багдановіч мяне адразу папярэдзіў, што будзе цяжка. І праўду казаў. Я выходзіла з машыны, нягледзячы на холад, заўсёды з мокрай спінай. Але інструктар заўсёды мяне падтрымліваў і падбадзёрваў, шмат жартаваў... Я хадзіла да яго як на свята, нягледзячы на тое, што быў лістапад і, адпаведна, холадна, мокра, пахмурна. А калі здала экзамен па ваджэнні, то, выскачыўшы з машыны, гатовая была скакаць ад радасці!

Цяпер, калі еду ў якасці пасажыркі, гляджу, ці прытрымліваецца муж правілаў, раблю заўвагі, калі што...

— Цяпер вы можаце цалкам прафесійна адказаць на пытанне: як ездзяць беларускія кіроўцы?

— Большасць нашых вадзіцеляў ездзяць акуратна, хоць часам бываюць і супрацьлеглыя прыклады. Тады толькі глядзіш і здзіўляешся: як так можна? Падрэзаць адзін аднаго, пераскокваць з паласы ў паласу, проста як у камп'ютарных гульнях... Добра, што з такім сутыкаешся нячаста.

— А з непавагай з боку кіроўцаў-мужчын сутыкаліся?

— Не, не даводзілася. Адзін раз толькі быў нейкі выкрык з іншай машыны. Можа, таму, што павольна ехала. Але гэта быў не беларус, а выхадзец з Каўказа...

Калі Ульяна гасцюе ў бабулі, яны разам займаюцца ёгай.

20 гадоў таму пачала займацца ёгай

— Пасля таго як я атрымала правы кіроўцы, я чарговы раз сябе запаважала, — усміхаецца наша гераіня. — Мы з калегай (ёй 55 гадоў) былі самыя ўзроставыя ў вучэбнай групе, усе астатнія — моладзь. І, ведаеце, мы аказаліся самымі дысцыплінаванымі і адказнымі курсантамі. Заўсёды своечасова здавалі залікі, з першага разу. Але іншыя таксама стараліся, проста, можа, з-за працы, з-за таго, што дзеці маленькія ў іх... не ўсё адразу атрымлівалася.

Наогул, у нас выдатная моладзь. Я ўжо 10 гадоў працую ў студэнцкай паліклініцы і бачу гэта. З сучаснымі студэнтамі лёгка мець зносіны, многія адказна ставяцца да свайго здароўя. Маладыя людзі цяпер цікавяцца правільным харчаваннем. Калі ў мужа быў дзень нараджэння, я сказала: «Ну што, торцік?» А мае дзеці адказалі: «Не, мама, не купляй торцік, лепш купім садавіны». Моладзь разумее каштоўнасць здароўя. Яны займаюцца фітнесам, спортам .... Гэта добрая мода, пагадзіцеся.

Я сама шмат гадоў займаюся ёгай. А пачала — у 40 гадоў, схадзіўшы на курсы Міжнароднага фонду «Мастацтва жыцця».

Раней, калі мне было 30 гадоў, я не магла нават 10-15 хвілін адстаяць у чарзе — мне балела спіна, паясніца. Не магла працаваць на лецішчы... Калі стала займацца ёгай, боль сышоў. Умацаваўся пазваночнік, і цяпер іншы раз муж не можа зрабіць на лецішчы тое, што магу я. Папрацаваць з рыдлёўкай? Без праблем. Трэба падкасіць траву ручной касой? Я бяру і іду касіць. Мая спіна прыйшла ў парадак, як і нервы таксама. І ад бранхіяльнай астмы я вылечылася, хоць справа даходзіла ўжо да таго, што мне патрабаваліся гарманальныя прэпараты.

Я заняткі ёгай наведваю да гэтага часу і дома сама займаюся. Не атрымліваецца раніцай (я па натуры сава), тады вечарам, калі ўсе ўжо лягуць спаць — я дыван разаслала і займаюся...

Галоўнае, каб вера была ў сэрцы

— Пасля таго як я пачала займацца ёгай, у мяне ў корані змянілася жыццё, — прызнаецца Святлана Пятроўна. — Я навучылася быць удзячнай за ўсё, што здараецца ў маім жыцці. Усё цяпер зусім па-іншаму ўспрымаецца, нашмат лягчэй перажываю нейкія непрыемныя моманты.

Цяпер я разумею, што ўсё ў нашым жыцці не выпадкова. Наогул, шмат стала цікавага ў мяне адбывацца. Я ніколі не думала, што пабываю ў Індыі, напрыклад. Ад яе засталіся вельмі моцныя ўражанні. Асабліва ад акіяна з яго магутнымі прылівамі і адлівамі і вадой, што цяплейшая за чалавечае цела. Ад экзатычнай прыроды, шумных індыйскіх рынкаў...

Вядома, галеча там страшэнная, але індусы вераць, што калі ў гэтым жыцці яны бедныя, то ў наступным будуць жыць вельмі добра. Таму жабракі там ляжаць на тратуарах, на траве — і пры гэтым цалкам шчаслівыя! Усе задаволеныя, вочы ва ўсіх ззяюць. Хоць, вядома, выгляд маленькіх дзяцей з ручкамі-ножкамі, як палачкі, і велізарнымі ад недаядання жыватамі мяне ўразіў. Я нават плакала ад убачанага.

Як доктар я цікавілася там некаторымі момантамі, напрыклад, у кафэ назірала, як выконваюцца правілы гігіены. І хачу сказаць, што, у прынцыпе, у мяне засталіся нармальныя ўражанні: там ёсць халадзільнікі, гарачая і халодная вада, усё чыста — санітарныя нормы выконваюцца.

Індыя вельмі супярэчлівая краіна, яна захапіла мяне, але ментальна бліжэй Германія. Мне падабаецца дысцыпліна, дакладнасць, адказнасць, парадак.

...Яшчэ я пабывала ў Ерусаліме, хоць раней таксама ніколі не думала, што гэта адбудзецца. Я веруючы чалавек, кожны дзень малюся і за сябе, і за сваіх родных і блізкіх, і за краіну ў цэлым. Калі толькі стала займацца ёгай, перажывала, што, можа, гэтым я здраджваю праваслаўнай рэлігіі, але потым зразумела: гэта не так. Рэлігія — гэта толькі абгортка для веры, і менавіта вера — самае галоўнае. Галоўнае, каб яна была ў сэрцы...

***

Вось такія цікавыя разважанні. Хочаце пагаварыць з цікавым чалавекам? Наступны раз звярніце ўвагу на суседа ці суседку або калегу па рабоце. Проста пагаварыце і пастарайцеся пры гэтым чуць не сябе, а чалавека насупраць. І вы лішні раз пераканаецеся, што выраз «кожны чалавек — гэта Сусвет» — не проста прыгожыя словы. Так і ёсць насамрэч.

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Захацелася стаць больш незалежнай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?