Вы тут

Сакрэты правільнага адпачынку з дзецьмі


— Мы з Ромам, калі яму было тры месяцы, ездзілі «дзікунамі» на мора, — аднойчы пачула я аповед знаёмай мамы. — Жылі ў палатках. Было так весела!»

— Неверагодна, — падумала я. — Адпачынак у такіх умовах магчымы хіба што з дзецьмі з разраду «паеў-сплю».


Адпачынак з сябрам – удвая весялейшы.

Калі нарадзіўся Даня, мы адразу адчулі: паездкам і выхадам «у свет» прыйшоў канец. І справа нават не ў тым, што нам няма з кім пакінуць на пэўны час дзіця (ёсць бабуля і дзядуля), але сын быў такі неспакойны, што прыводзіў усіх нашых «нянек» у стан панікі.

Браць з сабой — таксама не выхад, бо нават у магазін па прадукты было цяжка забегчы, дзіця імгненна прачыналася і пачынала галасіць, а супакоіць — паспрабуй яшчэ! Пра тое, каб паехаць у цэнтральны ўнівермаг я нават не марыла. Мы з мужам, вядома, чакалі пэўны час і зноў рабілі спробу як-небудзь разнастаіць жыццё, але ўсё заканчвалася аднолькава: мерапрыемства зрывалася, а мы стрымгалоў ляцелі дадому, бо малое заходзілася ад плачу.

Калі наш крыкун падрос, то ператварыўся ў такого гарэзу, што інакш як бягом не перасоўваўся. А за ім і мы з мужам. Спартыўная сямейка! Жарты жартамі, але з такім непаседам не адпачнеш, хутчэй больш стомішся.

За першыя тры гады жыцця Дані мы ездзілі з ім хіба што ў вёску да бабулі. Але ў новых умовах і без таго неспакойнае дзіця пачынала паводзіць сябе яшчэ больш трывожна: адмаўлялася ад ежы, горш спала, а пасля вяртання дадому амаль кожны раз пачынала хварэць. Натуральна, задавальнення ад такіх паездак станавілася ўсё менш.

З цягам часу Даня, як мы ні спадзяваліся, не стаў менш гарэзлівым, шумным, аднак мы навучыліся з ім спраўляцца і сёлета (сыну ўжо 4!) нават адважыліся на сумесны адпачынак. Але справа ў тым, што малы не любіць доўгі час знаходзіцца на адным месцы і пачынае асвойваць тэрыторыю, прычым можа, не баючыся, згубіцца, адысці на вялікую адлегласць. Таму мы адразу вырашылі: бавіць час пад пякучым сонцам на пляжы ў натоўпе адпачывальнікаў — не для нас. І паехалі ў санаторый, тым больш і здароў'е можна паправіць.

Выбралі нешматлюдную здраўніцу, з хваёвым лесам, прыгожым возерам і шырокім комплексам лячэбных паслуг.

Сын, натуральна, ператварацца ў ціхоню не збіраўся, і нам спатрэбіліся немалыя намаганні (і, шчыра кажучы, нервы), каб давесці да малога, што нельга бегаць па сталовай, а падчас лячэбных працэдур парушаць цішыню. За першыя два дні Даню ўжо ведалі і адпачывальнікі, і работнікі санаторыя.

Збіраючыся ў дом адпачынку, мы асабліва не спадзяваліся на вялікую разнастайнасць забаў. І дарэмна. Спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі, кінафільмы і клуб-караоке. Наш звычайна такі нецярплівы малы з задавальненнем удзельнічаў усюды.

У вольны час мы гулялі па лесе, збіралі шышкі, разглядалі расліны, шукалі грыбы. Даня ўяўляў сябе сапраўдным падарожнікам і нават не заўважыў, як прайшоў каля трох кіламетраў.

А паездка на роварах стала сапраўднай прыгодай. Па дарозе нас напаткаў дождж, і мы схаваліся ад яго пад невялічкім дрэвам, дзе знайшлі шмат вялізных слімакоў. Даня пішчаў ад захаплення. І мы з мужам следам. Бо гледзячы, як сын радуецца такім, здаецца, звычайным рэчам, і мы крыху адчулі сябе маленькімі.

Да таго ж Даня хутка знайшоў сабе кампанію для гульні — дзяўчынку-аднагодку, а праз дзяцей пасябравалі і бацькі. І паколькі малыя добра бавілі час разам, то і дарослым атрымалася адпачыць: і на пляжы, і на спартыўнай пляцоўцы, і на шашлыках, і нават на дыскатэку схадзіць (дзеці ў гэты час з захапленнем малявалі побач на крэслах).

Ад'язджалі мы з санаторыя з прыемным адчуваннем, што адпачынак атрымаўся. І намерам адпачываць толькі ўсёй сям'ёй разам.

Вандроўка па лесе – сапраўдная прыгода!

У бацькоўскі нататнік

Адпачынак з дзецьмі патрабуе больш дакладнай падрыхтоўкі. Трэба паклапаціцца пра шматлікія дробязі, каб не сапсаваць сабе падарожжа.

Што ўзяць з сабою

Адзенне: і на спякотнае надвор'е, і на халоднае. Бялізну. Шкарпэткі. Купальнік або плаўкі. Некалькі галаўных убораў.

Абутак: сандалі, красоўкі, гумавыя боцікі, сланцы (калі ваша дзіця ўжо можа іх насіць).

Аптэчку. Лекі ад алергіі, ад прастуды, ад сінякоў і расцяжэнняў, ад укалыхвання ў транспарце, пры страўнікава-кішачных расстройствах, пры прарэзванні зубоў, антысептык. Акрамя таго, вазьміце з сабою тэрмометр, сродкі ад камароў і кляшчоў, ад сонечных апёкаў, піпеткі, вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі, бінт, вату, грушу для адсмоктвання слізі з носа, пластыр.

Сродкі гігіены: дзіцячае мыла, шампунь, мачалку, зубную пасту і шчотку, крэм.

Цацкі (і для гульні на вуліцы ў тым ліку), альбомы для малявання, размалёўкі, алоўкі, дзіцячыя кніжкі. Каму больш даспадобы планшэт або плэер, то іх.

Дзіцячую сумачку або заплечнік. Так уласныя рэчы малы зможа насіць сам.

Акуляры ад сонца, нарукаўнікі або надзіманы круг, бутэльку для вады.

Дзіцячы гаршчок. Лічыцца, што да пяці гадоў дзіця не павінна карыстацца грамадскім туалетам. Да таго ж гаршчок можа спатрэбіцца і ў дарозе, калі вы едзеце, напрыклад, на цягніку.

Для немаўлят спатрэбяцца пялёнкі, падгузкі, каляска, дзіцячае харчаванне.

Дарога

Многія дзеці дрэнна пераносяць дарогу, таму плануйце паездку на гадзіны, калі малы будзе спаць. Абавязкова вазьміце з сабою цацкі, якія дапамогуць дзіцяці цікава бавіць час. Сумняваецеся, на машыне ці цягніку? Лепш на апошнім, дзецям там больш цікава і не прыйдзецца дойгі час сядзець у дзіцячым аўтакрэсле.

У санаторый

Выбірайце не вельмі шматлюдны пансіянат, пажадана ў вёсцы, далей ад магістралі; з шырокай інфраструктурай для забаў, сучаснымі дзіцячымі пляцоўкамі і дзіцячым гульнявым пакоем. Калі ні аднаго, ні другога няма, прыйдзецца ўключыць фантазію і выдумляць забавы самастойна. Паверце, гэта не надта цяжка. Нават у звычайным пешым шпацыры можна зведаць шмат цікавага, калі нешта сабе ўявіць, а ў дзяцей, вядома, з фантазіяй усё добра.

На мора

Паездку на мора з маленькім дзіцем лепш планаваць у верасні-кастрычніку, калі сонца ўжо не будзе занадта пякучым. Усе паходы на пляж лепш перанесці на раніцу, каля 9 гадзін, або на вечар, пасля 5 гадзін. Абавязкова вазьміце з сабой парасон ад сонца.

Улічвайце, што першыя 10 дзён у дзіцяці будзе акліматызацыя, таму плануйце паездку на тыдні тры, не менш.

Купацца ў адкрытых вадаёмах можна дзецям не раней як у 1-1,5 года. Упэўніцеся, што вада адпавядае санітарным нормам.

Не выбірайце курорты з актыўным «начным» жыццём, каб не было спакусы вам і перашкоды спакойна адпачываць малому.

Прыемнага вам сямейнага адпачынку!

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У адпачынак? З дзіцем!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».