Вы тут

Чым заняцца на пенсіі?


Нарэшце вы выйшлі на пенсію! Ці, можа, гэтая падзея зусім не радуе вас? Баіцеся, што з'явіцца маса вольнага часу (якога так не хапала раней, калі вы з 9.00 да 18.00 сядзелі на працоўным месцы) і не будзеце ведаць, куды сябе падзець ад нуды? Дазвольце развеяць гэтую боязь і пераканаць вас у тым, што на пенсіі свабоднае, гарманічнае і цікавае жыццё толькі пачынаецца.


Парада № 1. Больш рухаемся

Калі ў вас за апошнія гады ўтварыліся непрывабныя складачкі на жываце ды сцёгнах і з'явілася лішняя вага, то цяпер самы час заняцца сабой. Пачніце з ранішняй гімнастыкі (з самых простых практыкаванняў) паступова павялічвайце колькасць паўтораў, дадавайце новыя, калі ёсць магчымасць — запішыцеся ў басейн побач з домам або на заняткі ёгай. Памятайце, што жыццё — гэта рух.

Парада № 2. Разбіраем гардэроб

Вы калісьці нядрэнна вязалі або пачыналі шыць, але потым з-за адсутнасці часу закінулі? Чаму б не ўспомніць гэтыя навыкі зараз? А калі і не спрабавалі ніколі — паспрабуйце. Хіба не прывабна выглядае перспектыва нашыць і навязаць сабе (ды сваім блізкім) сімпатычных утульных рэчаў?

Працягвайце сачыць за моднымі трэндамі, хадзіце па крамах. На распродажах можна танна купіць прыгожыя і стыльныя рэчы. Выкіньце з шафаў (а лепш раздарыце!) тое, што ўжо надакучыла вам або не падыходзіць па памеры. Выхад на пенсію — не падстава выглядаць непрыгожа і нямодна!

Парада № 3. Пачынаем правільна харчавацца

Карысная і здаровая ежа — залог актыўнага даўгалецця. Калі да пенсіі вы ўвесь час перакусвалі на бягу, елі ўсухамятку, злоўжывалі вострымі і салёнымі прадуктамі, то заняцца на пенсіі правільным харчаваннем — гэта ваш абавязак перад уласным арганізмам. Пачніце калекцыянаваць і асвойваць рэцэпты менавіта карыснай і здаровай ежы. І ўжо праз некалькі дзён вы заўважыце, як палепшылася ваша страваванне. Прыемным бонусам стане выдатнае самаадчуванне.

Парада № 4. Чытаем класіку

Так-так, вось такая нечаканая, але вельмі эфектыўная парада. Што робяць пенсіянеркі, седзячы дома? Глядзяць тэлевізар, а менавіта серыялы, ток-шоу, крымінальныя навіны
і іншыя перадачы, якія «засмечваюць мазгі». А ў выніку — стомленасць, негатыўныя эмоцыі... Яно вам трэба? Вядома, не. Вось я і заклікаю перачытаць вечнае — класіку, якая ніколі не выйдзе з моды. Калі вы працавалі, ці шмат у вас было часу на гэта? Шамякін, Гогаль, Кундэра — успомніце гэтых аўтараў, калі вы чыталі іх калісьці даўно, або адкрыйце для сябе дзівосны свет літаратуры першы раз! Пры гэтым зусім не абавязкова купляць дарагія тамы ў прыгожых вокладках у кнігарні — проста схадзіце ў бібліятэку!

Парада № 5. Гуляем і падарожнічаем

Не замыкайцеся ў чатырох сценах. Падыдуць любыя віды прагулак — у парку, па горадзе. Схадзіце на тыя вуліцы, дзе вы даўно не былі, паглядзіце, як яны змяніліся. Знайдзіце ў бібліятэцы добрую кнігу па гісторыі вашага горада і прагуляйцеся па тых мясцінах, якія ў ёй апісваюцца. Не прапускайце выставы і экспазіцыі (пра іх звычайна пішуць у газетах і паведамляюць у навінах) — вы можаце наведаць іх у будны дзень без спешкі і таўкучкі, і значна танней. Калі вы жывяце ў вёсцы, знайдзіце сабе аднадумцаў, з якімі вы зможаце хоць зрэдку завітаць у суседнія гарады на экскурсію.

Скарыстайцеся магчымасцямі інтэрнэту — нават калі фінансы не дазваляюць з'ездзіць туды, куды хочацца, вы заўсёды можаце пракласці свой уласны віртуальны маршрут па замках Францыі або фіёрдах Нарвегіі.

Адным словам, займайцеся тым, што прыносіць менавіта вам пазітыўныя эмоцыі, спрыяе добраму самаадчуванню, бадзёрасці духу і ўмацаванню здароўя. Напаўняйце кожны свой дзень такім справамі, і сумаваць і маркоціцца на пенсіі вам дакладна не давядзецца.

Падрыхтавала Наталля МАЎЧАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».