Вы тут

«У свае 39 я вучылася жыць нанова»


Прывыканне жанчын да алкаголю і поўная залежнасць развіваюцца надзвычай хутка. Жанна Аўсейчык, 42-гадовая жыхарка пасёлка Зялёны Бор Івацэвіцкага раёна, ведае гэта дакладна. Жанчына раней была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, вяла асацыяльны лад жыцця, нават трапіла за краты... Тым не менш, змагла рэзка змяніць сябе, свае паводзіны, погляды на жыццё.


— Пра сваё мінулае асабліва ўспамінаць не хочацца. Не толькі таму, што за плячыма дзве «адсідкі» ў месцах пазбаўлення волі. У гэтым мінулым не было ні любові, ні сэнсу... Няўдала складвалася жыццё маці, якая нацярпелася ад свайго вечна п'янага сужыцеля. Кепска стартавала ў дарослым жыцці і я, так бы мовіць, паплыла па цячэнні. Як вынік, зацяжарала і нарадзіла першае дзіця, хлопчыка, у 18 гадоў. Адносіны з першым мужам сапсаваліся, стала жыць з другім мужчынам — і цераз чатыры гады нарадзіла яшчэ аднаго хлопчыка.

У тым маім жыцці, як і ў жыцці маіх спадарожнікаў, значнае месца займаў алкаголь, было весела. Але пасля таго, як выйшаў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18, стала зразумела: толькі «галівудзіць» у жыцці не атрымаецца, трэба аплачваць дзяржаве гадаванне маіх дзяцей. Стала імкліва нарастаць запазычанасць, прычым па ўсіх кірунках: камунальнікі папярэджвалі аб тым, што адключаць ваду. Святла ў канцы тунэля я не бачыла і, па праўдзе кажучы, не хацела бачыць. У рэшце рэшт у 2008-м трапіла зноў за краты: запазычанасць на выхаванне дзяцей дасягнула мяжы, іншага выйсця ў праваахоўнікаў і не было.

Не лічу, што зняволенне выпраўляе людзей. У калоніі, дзе адбывала пакаранне некалькі гадоў, я не сустрэла тых, хто б хацеў стаць іншым чалавекам, кардынальна змяніць сябе. Не, большасць сядзельцаў марыць пра жыццё, дзе вясёлыя кампаніі, алкаголь, бесклапотнае баўленне часу.

Асабіста для мяне жыццё нібы застыла. Я не бачыла ў ім ні мэты, ні сэнсу.

Але аднойчы мне трапіла ў рукі Біблія. Я разгарнула гэтую кнігу, пачала чытаць. Не магу сказаць, што мне ўсё было добра зразумела, але ў кожным слове нібы мелася нешта настолькі гіпнатычнае, хвалюючае, што я не магла адарвацца. Чытаючы Біблію, стала заўважаць, што ў мяне нібы з'явілася абарона. Мне стала лягчэй жыць, я стала больш спакойнай і ўпэўненай, зразумела, што змагу пайсці супраць звыклага цячэння, бо Бог падараваў мне на гэта сілы. Я ўбачыла святло ў канцы тунэля... І ўжо спакойна чакала часу, калі выйду на волю.

На волі было вельмі цяжка пачынаць новае жыццё. У маёй двухпакаёўцы быў суцэльны бардак і вэрхал: вокны выбіты, падлога і сцены ў страшэнным стане, са столі, з месца, дзе павінна быць люстра, звісала груша для баксіравання.

Ад мяне адвярнуліся родныя, большасць з якіх жыве ў Ляхавіцкім раёне. Ніхто з іх не дапамог на новым этапе жыцця. А трэба было ў свае 39 гадоў станавіцца на ногі, каб жыць так, як людзі жывуць.

Праўда, у першыя дні пасля выхаду на волю пакаштавала піва — і падаўся мне гэты напой нясмачнай кісляцінай. У мяне былі іншыя думкі і іншыя планы. Паступова кінула і курыць.

На момант вызвалення з папраўчай калоніі даўгі перад дзяржавай за выхаванне дзяцей дасягалі некалькіх дзясяткаў мільёнаў рублёў, перад ЖКГ — каля васьмі мільёнаў. Я працаўладкавалася на ўчастак «Івацэвічырайгаз» бетоншчыцай.

Для жанчыны гэта вельмі цяжкая праца; большасць прадстаўніц слабага полу тут не вытрымалі б і тыдня, а ў мяне за тры гады ніводнага парушэння працоўнай дысцыпліны ці прагулу. Працаваць з мужчынамі нараўне, але на значна горшых умовах — гэта цяжка і фізічна, і маральна. Паколькі я абавязаная асоба, то працую толькі па дамове (мае калегі — па кантракце), мой водпуск — толькі сем дзён, на пагашэнне доўгу ідзе каля 70 працэнтаў ад маёй зарплаты. Атрымліваю штомесяц «на рукі» каля 45 рублёў. За гэтыя грошы трэба неяк жыць, аплачваць камунальныя паслугі (я поўнасцю пагасіла запазычанасць перад ЖКГ), апранацца, абувацца, харчавацца...

Але на самай справе грошай на гэта трэба не так і многа. Сёння людзі адмаўляюцца і гатовыя выкінуць на звалку рэчы, якія яшчэ ў добрым стане — мяккія «куткі», шафы, нават тэлевізары і халадзільнікі. Усё, што знаходзіцца ў кватэры, я набыла за сімвалічныя сумы, новыя толькі шпалеры і фарба для падлогі... Паступова і сума запазычанасці зніжаецца. Жыццё наладжваецца...

Запісаў Аляксандр ГОРБАЧ

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?