Вы тут

За ўсё — дзякуй бацькам


Гэты фотаздымак зроблены ў канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. На ім уся наша сям'я, акрамя старэйшага з дзяцей, Івана, які ў той час знаходзіўся ў камандзіроўцы. Замест сябе для «ўрачыстага моманту» ён дэлегаваў свайго сына Валерку (у другім радзе пасля аўтара гэтых радкоў). Далей ідуць мае браты і сёстры: Коля, Маруся, Ніна, Вася і Сяргей. А ў цэнтры, вядома ж, нашы бацькі, Рыгор Андрэевіч і Таццяна Кірылаўна. Сям'я вялікая, шматдзетная, за якой раз і назаўсёды прыліпла мянушка «Кудлавы». Кудлатыя значыць, кучаравыя, багатыя на заліхвацкія чупрыны ў хлапцоў і прыгожыя косы ў дзяўчат.


Гляджу на здымак і адчуваю, як сэрца сціскае шчымлівая туга — няма ўжо на гэтым свеце ні бацькоў, ні Сяргея, ні Ніны. І нікуды не падзенешся ад гэтага. Адно што застаецца, дык гэта светлая памяць пра тое, як мы дружна разам з імі крочылі па жыцці, пераадольваючы процьму цяжкасцяў. Ці ж можна, напрыклад, забыць той дзень, калі бацьку на вачах усёй сям'і арыштавалі і змясцілі ў камеру папярэдняга зняволення, дзе некалькі тыдняў жорстка дапытвалі як фашысцкага прыслужніка, спрабуючы «прышыць» яму статус ворага народа.

Ён мужна адстойваў свой гонар, прыводзячы пераканаўчыя аргументы сваёй невінаватасці перад Радзімай і вернага служэння ёй у тых незвычайных абставінах, у якія трапіў не па сваёй волі. Толькі яго ніхто не хацеў слухаць, сцвярджаючы, што ў часы гітлераўскай акупацыі Рыгор Пернікаў загадваў збожжаскладамі ў Чачэрску і такім чынам дапамагаў ворагу. На самай жа справе ўсё было інакш, аб чым ведалі толькі некалькі партызанаў.

Бацьку было 37 гадоў, калі пачалася Вялікай Айчынная вайна. Яго выклікалі ў ваенкамат, дзе выдалі вінтоўку, каня з фурманкай, і як работніка раённай канторы па нарыхтоўцы збожжа адправілі ў Засажэўскую зону арганізоўваць калгасы на здачу жыта, ячменю, аўса ды пшаніцы ў дзяржаўныя засекі. Калі ж вяртаўся назад, разбомблены Чачэрск ужо быў захоплены фашыстамі. Перад шлагбаумам яго спынілі і, сарваўшы картуз з галавы, на якой яшчэ не ўвабраліся ў сілу абстрыжаныя валасы, аб'явілі: «Партызан!» Стараста, які жыў на нашай вуліцы, не пацвердзіў гэта.

Бацьку загадалі сядзець дома і чакаць выкліку ў камендатуру, дзе потым пад пагрозай расстрэлу сям'і (а нас, дзяцей, тады было ў ёй ужо чацвёра) прымусілі прымаць збожжа з усяго раёна і прыводзіць яго да ладу ў складзе, што знаходзіўся на ўскраіне райцэнтра па-над ракой. Адкруціцца ад гэтага не было аніякай магчымасці, і бацька ажывіўся духам, калі аднойчы з партызанскага атрада, што атабарыўся ў засажэўскіх лясах, прыслалі да яго сувязнога з дамовай, каб ён забяспечваў народных мсціўцаў хлебам.

Схема была такая: ноччу яны падганяюць па лузе фурманкі і на лодцы перавозяць прыгатаваныя мяшкі са збожжам. Бацька выдатна разумеў, наколькі гэта была рызыкоўная справа, таму загадзя прыняў адпаведныя меры: адправіў сваю сям'ю і сям'ю брата да знаёмага ў вёску Фундамінка Буда-Кашалёўскага раёна.

Дастаўка збожжа партызанам працягвалася да таго часу, пакуль аднаго разу фашысты не абстралялі іх на рэчцы. Бацьку ж удалося збегчы, і ў тую самую ноч ён пакрыў
адлегласць больш чым у дваццаць кіламетраў. Фундамінка была лясной вёскай, якую днём наведвалі немцы, а ноччу — партызаны. І ад першых, і ад другіх бацька быў вымушаны хавацца. Бо фашысты, спаліўшы нашу хату, шукалі яго для расправы. А партызаны гэтай зоны, якія не мелі сувязі з партызанамі-засажэўцамі, ведалі, што Рыгор Пернікаў «камандуе» ў Чачэрску нямецкімі збожжаскладамі, і таксама маглі расправіцца з ім як фашысцкім агентам, засланым у іх атрад.

Калі пачалося вызваленне Гомельшчыны, бацька апынуўся на фронце і, атрымаўшы цяжкае раненне ў баях на Браншчыне, трапіў у ваенны шпіталь, што знаходзіўся пад Гомелем. Вяртанне ж дадому закончылася яго арыштам. Напэўна, не ўдалося б Андрэевічу пазбегнуць высылкі на сібірскія лесапавалы, калі б хтосьці з былых камандзіраў партызанскага атрада, які ваяваў ужо недзе ў Польшчы, не даслаў у Чачэрск на адпаведны запыт такую паперу: «Рыгор Пернікаў — чалавек надзейны, ён дапамагаў партызанам».

Тата наш закончыў царкоўна-прыходскую школу, маці ж не ўмела ні чытаць, ні пісаць. Праца, праца і яшчэ раз праца — вось крэда іх жыцця і метады выхавання дзяцей. Самі яны аддавалі ёй усе сілы і сваім прыкладам заклікалі нас да гэтага. Кожны з дзяцей меў свае канкрэтныя абавязкі з самага маленства і нёс адказнасць за іх выкананне. Я, напрыклад, ужо з сямігадовага ўзросту ў летні перыяд забяспечваў сям'ю рыбай, ловячы яе лазовым кашом, пазней і таптухай. Засцерагаў гусянят ад каршуноў, пазней «шэфстваваў» над меншымі братамі.

А пра збор металу, костак, нарыхтоўку хрэну, лекавых траў, што здавалі ў прыёмныя пункты, перакопку бульбы на калгаснымі полі пасля яе ўборкі, збор жытнёвых каласкоў ужо і размовы няма. З дзявятага ж класа разам з дарослымі мужыкамі на прыстанях у Чачэрску, Гарадоўцы і Чырвоным Беразе выгружаў баржы з мукой і соллю.

Праз працу бацькі прывівалі нам дысцыпліну, настойлівасць, адказнасць за даручаную справу, вернасць дадзенаму слову, павагу да старэйшых. Невыпадкова ўсе мы без выключэння закончылі хто прафтэхвучылішча, хто тэхнікум, хто інстытут і (не падумайце, што гэта — пахвальба) маем шмат падзяк і ганаровых грамат за добрую працу. За ўсё — дзякуй бацькам!

Уладзімір ПЕРНІКАЎ,

г. Гомель.

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».