Вы тут

У Мірскім замку асвечана капліца ў гонар святога Хрыстафора


Гэты невялікі каталіцкі храм у Брамнай вежы замка быў заснаваны і асвячоны ў канцы XVІ стагоддзя Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам у гонар яго нябеснага заступніка. І вось сёлета, праз 400 гадоў пасля смерці Радзівіла Сіроткі, адрэстаўраваная капліца зноў адчыніла дзверы для вернікаў. Сімвалічна, што ўрачыстасць адбылася 25 ліпеня, у дзень св. Хрыстафора.


Легенда гаворыць, што святы Хрыстафор быў магутным рымлянінам высокага росту. У пошуках магчымасці служэння Хрысту ён трапіў да старца, які і параіў дапамагаць людзям пераадольваць небяспечны брод на рацэ. Адным з такіх падарожнікаў, перанесеных Хрыстафорам на плячах цераз раку, быў маленькі Хрыстос. За прыхільнасць да хрысціянства волат быў кінуты ў турму мясцовым уладаром, дзе і памёр пакутніцкай смерцю. Але і сёння памяць пра яго жыве, а сам святы лічыцца заступнікам усіх падарожнікаў.

— Рэстаўрацыя і асвячэнне капліцы ў гонар святога Хрыстафора ў Мірскім замку — знакавая падзея для нашай краіны, — лічыць епіскап Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр КАШКЕВІЧ. — дзякуючы намаганням многіх людзей гістарычная спадчына выратавана і адноўлена. У гэтай капліцы чалавек будзе мець магчымасць упрыгожыць сваю душу праз малітву. Я вельмі ўдзячны роду Радзівілаў, які пакінуў нашчадкам гэтую цудоўную архітэктурна-духоўную спадчыну. Няхай капліца ўносіць уклад у духоўнае адраджэнне ўсіх людзей, якія будуць наведваць гэты гістарычны аб'ект.

Дырэктар замкавага комплексу «Мір» Вольга ПАПКО падчас свята расказала, што рэстаўрацыя капліцы была завершана больш за год таму, але летась урачыстую цырымонію яе асвячэння не змаглі правесці менавіта 25 ліпеня, таму давялося чакаць цэлы год, каб адным вялікім святам аддаць даніну памяці Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку, заснавальніку храма, і яго нябеснаму апекуну святому Хрыстафору.

— У мяне ёсць вялікая мара — каб у Міры з'явілася вуліца імя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, — прызналася Вольга Мікалаеўна. — Так, з аднаго боку такая назва гучала б грувастка, але з іншага — гэты выдатны чалавек, мецэнат, заслугоўвае такой павагі нашчадкаў.

У Міры ёсць легенда: калі пры спрыянні Радзівіла Сіроткі будаваўся касцёл Святога Мікалая, то былі знойдзеныя косці маманта, сам князь вельмі ганарыўся гэтай знаходкай і, каб пахваліцца, паказваў яе ўсім высокім гасцям. Сёння на сценах Мірскага замка таксама можна пабачыць рогі і капыты бізонаў, канечне, гэта не тыя старажытныя артэфакты, але нагода прыгадаць выдатную гісторыю.

— Крыштофам звалі дзядулю князя Мікалая па лініі маці, але спалучэнне Мікалай Крыштоф ужо пасля смерці Сіроткі 16 разоў паўтаралася ў імёнах прадстаўнікоў роду, насіць гэтае імя было вялікім гонарам, — расказвае Вольга Папко. — У прысвячэнні капліцы святому Хрыстафору ёсць яшчэ адзін сімвалічны сэнс. Гэты святы — апякун падарожнікаў, а наш замак штогод прымае каля 300 тысяч турыстаў. Таму спадзяёмся, што гэты нябесны заступнік будзе дапамагаць вандроўнікам знаходзіць Мірскі замак і што свята 25 ліпеня для Міра стане традыцыйным.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб заступіўся за вандроўнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».