Вы тут

Кантакт


Андрэй Дзічэнка нарадзіўся ў 1988 годзе ў Калінінградзе ў сям'і вайскоўца. Апошняя акалічнасць і паслужыла прычынай таму (нагадаю, адбывалася гэта яшчэ ў эпоху існавання СССР), што сям'я праз некаторы час пераехала ў Беларусь. Так Андрэй апынуўся ў Вілейцы. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, хоць пасля яго заканчэння свой далейшы лёс вырашыў звязаць з журналістыкай. З яе і пачаўся шлях у літаратуру. І сёння на рахунку Андрэя Дзічэнкі не толькі шматлікія апавяданні, але і раманы. Нешта з напісанага ім зацікаўлены чытач можа знайсці ў папяровым варыянце, нешта ў сеціве. І хоць сам малады пісьменнік у адным з інтэрв'ю неяк прызнаўся, маўляў, далёка не ўсе здольныя дачытаць яго тэксты да канца (сапраўды, не зусім простыя, але, з іншага боку, для многіх тым і прыцягальныя), думаецца, што сярод чытачоў гэтага нумара «Звязды» такія калі і будуць, то яны акажуцца ў меншасці. Гэтаксама як, не сумняваюся, абавязкова знойдуцца тыя, хто захоча пачытаць і іншыя творы Андрэя, дарэчы, аднаго з пераможцаў леташняга конкурсу маладых літаратараў Беларусі і Расіі «Мост дружбы», які праводзіць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Алесь БАДАК.


Усё дзяцінства Сярожа хварэў на аўтызм. Сам ён дакладнага дыягназу не ведаў, але дарослыя з халоднымі далонямі і зморшчанымі лбамі называлі ўсякія яго дзівацтвы менавіта так. Да 14 гадоў хлопчык быццам бы паправіўся, але так і не пачаў гаварыць. Лічыць і пісаць Сярожа ўмеў, але ўжываў гэтыя навыкі толькі ў адным выпадку — калі катаўся на грамадскім транспарце.

Многія, хто ведаў Сярожу з дзяцінства, лічылі яго дурным хлапчуком, які застаўся мазгамі на ўзроўні другакласніка. Але гэта меркаванне было ў корані памылковым, бо юны шукальнік ісціны зусім не ўпісваўся ў агульнапрынятыя рамкі чалавечых здольнасцяў. Яму адкрывалася чалавечая сутнасць, ледзь толькі тонкія хударлявыя пальцы дакраналіся да чыёй-небудзь плоці.

З гэтай прычыны ўвесь свой вольны час, які пачынаўся з усходам сонца і заканчваўся ў прыцемках, Сярожа катаўся на маршрутных таксі.

Калі ён выходзіў марознай раніцай на прыпынак, тут жа даставаў з кішэні пакамечанае пасведчанне, заверанае размытай пячаткай. Дзякуючы гэтаму камяку кардону незвычайны пасажыр ездзіў бясплатна ад аднаго канцавога прыпынку да другога. Амаль усе вадзіцелі маршрутак у горадзе не валодалі рускай мовай, але выдатна ведалі Сержука ў твар. Лічылася, што, калі ён сеў у машыну, ніякіх непрыемнасцяў на дарозе не адбудзецца. Часта вадзіцелі частавалі яго цукеркамі, а бліжэй да ночы адвозілі дадому на ўскраіну горада, каб хлопец не блукаў па цёмных пустых завулках у пошуках сваёй хаты.

Сярожа сядаў на самае першае, часцяком праціснутае сядзенне ў старым салоне аўтамабіля. Рабіў ён гэта для таго, каб перадаваць грошы людзей, якія распаўзліся па мініяцюрным аўтобусе. Дотык да пальцаў незнаёмага чалавека, адчуванне шурпатай купюры ў руках і абыякавыя погляды гарадскіх абывацеляў напаўнялі ўяўленне Сярожы яркімі ўспышкамі. Пра іх ён думаў ужо перад сном, калі надыходзіла важнае пераасэнсаванне пражытага ў прасторы аўтобуса жоўтага колеру, пакрытага інеем бруду.

Зазіраючы ў думкі людзей і даследуючы іх патаемныя жаданні, Сярожа хацеў напасці на след абраных чалавечых арганізмаў. З самага дзяцінства ён уяўляў сабе тысячы ракет, якія ляцелі да планеты з далёкіх светаў і па начах падалі на заснежаныя палі. Ад вогненных кратараў разыходзіліся голыя і стомленыя бязважкасцю людзі. Адны выжывалі, іншыя станавіліся чыстай энергіяй і ў зусім новым якасным стане вярталіся дадому.

Сярожа хацеў знайсці тых, хто выжыў. Проста таму, што сам быў такім. Ніхто яму пра гэта не казаў, але далёкія светы, у якіх ён не адчувае сябе ізгоем, ён бачыў у сваіх снах. Там жа яго сабраты глядзелі ў гіганцкія тэлескопы і назіралі за жыццём на берагах акіянаў, якія спантанна ўзніклі на гэтай планеце.

На жаль, многія не разумелі сваёй каштоўнасці і хацелі з ёй скончыць раз і назаўжды, але Сярожа верыў у вялікі сэнс любога жыцця. З мясцовым насельніцтвам ён ніколі не меў зносін звычайным чалавечым маўленнем толькі праз тое, што яго розум не ўмеў гэтага рабіць. Спачатку гэта яго засмучала. Ён кідаўся, нібы быў вольнай птушкай у замкнёным пакоі. Потым жа марны адчай змяніўся абыякавай да ўсяго пакорай. На мяжы 10 і 11 зямных гадоў ён шмат думаў пра тое, што, напэўна, ёсць іншыя спосабы зносін з людзьмі.

Шмат у чым на цудоўныя адкрыцці адоранага хлапчука паўплывала прыёмная маці і яе дотыкі. Калі яна сваімі цёплымі вуснамі цалавала яго ў лоб і гладзіла па густых русых валасах, то нябачныя сонечныя прамяні быццам бы прасвечвалі наскрозь спіну і ногі. Скура пакрывалася мурашкамі, і ад гэтага цела хлопчыка ўскаланалася, а твар міжволі азараўся ўсмешкай.

Аднойчы ў разгар працоўнага дня Сярожа залез у чарговую маршрутку з налётам бруду на шкле. Праз некалькі прыпынкаў насупраць яго села чарнявая дзяўчына з мітуслівым позіркам. Спачатку яна доўга корпалася ў торбачцы, а потым выняла з яе некалькі пакамечаных купюр. Сярожы яна падалася падазронай і занадта ненатуральнай. Ледзь працягнуўшы да яе руку і дакрануўшыся кончыкамі пальцаў да яе плоці, ён раптам адчуў прыліў незвычайных, пазбаўленых логікі рашэнняў.

«Ура! Свае! Ура! Свае! Ура! Свае!» — круцілася некалькі аднолькавых слоў у галаве. Яшчэ крыху — і яны вырвуцца з суцэльнага патоку думак і набудуць уласнае гучанне.

Але пакуль што яшчэ рана.

Дзяўчына пільна глядзіць на спадарожніка. Затым складвае вусны трубачкай і быццам бы цалуе яго нос. Сярожа ў адказ на гэтыя тэлепартацыйныя ласкі ківае галавой. Усім сваім выглядам ён дае зразумець, што гатовы да кантакту і менавіта дзеля гэтага наездзіў тысячы кіламетраў па разбітых гарадскіх дарогах. Машына трасецца, метал бразгоча. Людзі ў салоне ўздрыгваюць ад рэзкага тармажэння. А Сярожу радасна на душы.

«Гэта ўсё так падобна да атракцыёнаў у парку».

— І, можа, ты... — яна кажа быццам бы шэптам, але больш ніхто яе не чуе. Толькі два чалавекі.

Дзяўчына бярэ Сярожу за руку і просіць спыніць машыну дзесьці паміж раённым гастраномам і заводам, сцены вакол якога такія высокія, што нават калі расскакацца на батуце, усё роўна не ўбачыш несамавітыя будынкі і брудныя прахадныя.

Яны выйшлі на свежае паветра, развіталіся з маршруткай узмахамі рук і папляліся ўздоўж плота, паверхня якога даўным-даўно парэпалася і нагадвае фантасмагарычныя карты нязведаных светаў у двухмернай плоскасці.

Агінаючы цагляныя дамы, разбітыя дзіцячыя пляцоўкі і проста нічым не забудаваныя пусткі, яны выйшлі на прасторную палянку, у кустах побач пахла гнілым лісцем і гарэлымі лапкамі. Дзяўчына дастала з торбачкі маленькі абрус, на якім белымі і чорнымі ніткамі анамальная швачка выткала зоркі і пустынную касмічную прастору так, быццам яна была якасна іншай.

Паслаўшы абрус на халодную зямлю, новая знаёмая з дакорам паглядзела на Сярожу.

— Пакладзі ўсё, што здольнае цябе тут утрымаць, — і Сярожа ў адказ дастаў з унутранай кішэні адно толькі пасведчанне, наіўна мяркуючы, што спадарожніца пазбавіць яго бясконцых пошукаў.

Закруціўшы пасведчанне ў абрус, яна схавала скрутак у сумку. Дзяўчына развіталася з Сярожам, адскочыла ўбок і паспешліва ўцякла ў лес.

Застаўшыся ў адзіноце, Сярожа раптам зразумеў, што ўсё навокал — гэта суцэльны фальш, які здарыўся па вельмі вялікай памылцы. Апантаны думкамі аб адсутнасці рэальнасці, ён пешшу вяртаўся дадому, уразаючыся ў вітрыны крамаў і няветлівых мінакоў.

Неўзабаве вадзіцелі і прыёмная маці перасталі яго пазнаваць. А людзі — і зусім заўважаць яго прысутнасць сярод іх.

Адчуўшы мяжу чалавечай сутнасці, Сярожа замкнуўся і назаўсёды забыўся, як гэта бывае, калі здараецца шчасце.

З іншага ён ператварыўся ў звычайнага. У гэтым і заключалася вызваленне.

Андрэй ДЗІЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.