Вы тут

Скульптура «Рака жыцця» з'явіцца ў пасёлку Лясны


У хуткім часе цэнтр аграгарадка Лясны ўпрыгожыць скульптура з сімвалічнай назвай «Рака жыцця». Яна ўяўляе сабой замкнутую лінію, што нагадвае стужку Мёбіуса.


Яе аўтары — архітэктар Іван Арцімовіч і скульптар Аляксандр Сакалоў. Стваральнікі ўлічвалі сусветныя тэндэнцыі ў малой архітэктуры. Кампазіцыя сімвалізуе замкнуты рачны паток і з розных ракурсаў глядзіцца па-іншаму. Гэта, па іх словах, жыццё, арыентаванае на вечнасць.

У абмеркаванні праекта ўдзельнічалі і мясцовыя жыхары. Разам з аўтарамі, старшынёй Бараўлянскага сельскага Савета Жаннай Варабей, прадстаўнікамі ўлады яны вырашалі, як лепш добраўпарадкаваць плошчу, дзе будзе ўстаноўлена кампазіцыя.

Дадам, што літаральна за год пасёлак Лясны і вёска Бараўляны непазнавальна змяніліся. Прыведзены ў парадак дваровыя тэрыторыі, добраўпарадкаваны месцы адпачынку, прыпынкі грамадскага транспарту, заасфальтаваны вуліцы і выкладзены пліткай тратуары, усталяваны святлафоры, з'явіліся новыя сметніцы і лаўкі, аўтамабільныя паркоўкі. Вядзецца таксама праектаванне і будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ. Гэта стала магчымым дзякуючы абласной праграме развіцця малых гарадоў. Толькі летась на ўладкаванне двух населеных пунктаў затрачана больш як 600 млрд рублёў. «Нам стала жыць зручней і камфортней», — казалі жыхары і дзякавалі кіраўніцтву Мінаблвыканкама, які ініцыяваў змены. А гэтая кампазіцыя яшчэ больш аб'яднае іх у адным жаданні — зрабіць пасёлак больш прыгожым і ўтульным.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Рака жыцця» з'явіцца ў пасёлку Лясны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.